«Я крала туалетную паперу на Акрэсціна». Гутарка з дзяўчынай, якая сядзела з жонкай Зельцара


У ізалятары на Акрэсціна яна сем дзён правяла ў адной камеры з Марыяй Успенскай, удавой Андрэя Зельцара. Першую «мойку» (лязо ад брытвы для галення) ў СІЗА на Валадарскага атрымала ў падарунак ад Марыны Золатавай. Там жа пазнаёмілася з Аленай Талкачовай і Марфай Рабковай. На сустрэчу з журналістамі «Белсату» былая палітзняволеная прыйшла з кветкамі…

Ганна з кветкамі насупраць увахода ў кавярню «Po Drodze». На шыі ў яе шалік, звязаны сяброўкай, якая падтрымлівае Лукашэнку.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яшчэ да сустрэчы Ганна (будзем называць яе так) папярэдзіла нас, што зможа размаўляць толькі на ўмовах ананімнасці. Дамовіліся спаткацца ў варшаўскай кавярні «Po Drodze» («Па дарозе»). Аказалася, той самай, у якой Святлана Ціханоўская гутарыла летась са стэндаперам Славам Камісаранкам.

17 лютага Варшаву заліваў халодны дождж, Святлана Ціханоўская сустракалася ў Мюнхене з Оляфам Шольцам, у Беларусі агучвалі выракі актывістам Рабочага руху, а перад Ганнай на стале ляжаў букет цюльпанаў, які яна купіла па дарозе да нас. Проста так. Бо без жывога, без кветак, не перажыць гэтай зімы і лютай цемры. 15 пяшчотных белых цюльпанаў з бардовымі прожылкамі. Такі кантэкст.

Пятрушка, кроп і цюльпаны

«Кветкі ў турме? Забаронена! Перадачы на Валадарку – гэта ўвогуле асобная гісторыя. Паводле савецкай метадычкі, якая, думаю, з 1980-х гадоў не рэдагавалася, ніякіх кветак перадаваць туды нельга. Адзіныя кветкі, якія былі ў камеры, – гэта зеляніна: пятрушка і кроп. Калі Лену Талкачову да нас у камеру перавялі, яна, такая: «Дзевачкі, кветачкі!» І паставіла на палічку, ага. У вадзе стаялі. Хоць нейкая жывая пляма на фоне жахлівых сценаў колеру вохры. Хоць нешта жывое…» – успамінае Ганна.

Пятрушка і кроп – «кветкі», якія былі ў камеры на Валадарскага. Іх паставіла Лена Талкачова.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Згадвае, як аднойчы ў камеру заляцела «рэжымніца» Вольга Віктараўна і загадала «прыбраць гербарый». У Ганны выдатная памяць на імёны і дэталі. Але яна папярэджвае нас, што шмат чаго з яе перабывання ў ІЧУ на Акрэсціна і ў СІЗА № 1 пакуль «не для дыктафона»: больш дэталёвую інфармацыю яна ўжо пераказала «ByPol». І гэта пакуль што – толькі кветачкі.

«Сядзець на Акрэсціна – жудасць і жах. Я калі на Валадарку прыехала, мне трапіла ў рукі кніга Віктара Франкля «Сказаць жыццю «так» – аўстрыйскага псіхолага, які выжыў у нацысцкіх лагерах смерці. Калі чытала – калаціла мяне. Як яны там ледзь не голыя, у брудных і смярдзючых лахманах, спалі на адным «шканары»… Прайшло столькі гадоў, мы перамаглі нацызм, але ў Беларусі XXI стагоддзя адбываецца тое ж самае – на 80 %. Мы ім мусім дзякаваць хіба толькі за тое, што не спалілі нас пасля ўсяго», – кажа былая палітзняволеная.

«Я ім вароты на Акрэсціна абрыгала»

На Акрэсціна Ганна адбывала содні некалькі разоў. Адно з затрыманняў здарылася праз некалькі дзён пасля страляніны ў кватэры Андрэя Зельцара. КДБ і ГУБАЗіК у тыя дні чынілі татальнае паляванне на інтэрнэт-каментатараў здарэння. У турмы кідалі нават за падабайкі пад здымкам забітага супрацоўніка КДБ.

Ганна кажа, у нейкі момант у іхнай двухмеснай камеры на Акрэсціна трымалі – увага! – 15 чалавек. Сярод іх – Марыя Успенская, жонка Андрэя Зельцара, яе прывезлі на Акрэсціна басанож. Сама Ганна трапіла ў тую камеру на трэці дзень пасля затрымання Успенскай, але Ганну схапілі не за каментар – паводле іншага артыкулу.

Былая палітзняволеная робіць паўзу, потым – глыток гарбаты з невялікага керамічнага кубка без ручкі. І раптам пасміхаецца. Зялёныя вочы таксама смяюцца.

«Я ж ім там вароты на Акрэсціна абрыгала, калі мяне прывезлі», – успамінае з усмешкаю.

Тлумачыць, што ў стрэсавых сітуацыях ейны страўнік пачынае страйкаваць. А перад самым затрыманнем, ведаючы, што яе чакае, Ганна прымусіла сябе добра паесці. Ну, а потым быў аўтазак («ГУБАЗіК жахліва машынаю кіруе») – і дзяўчыне зрабілася блага.

«Высадзілі перад варотамі, аўтазак з’ехаў, адзін супрацоўнік са мною застаўся. Маўляў, чакайце, пакуль прымуць. Можа, 10 хвілінаў чакалі. А мне так млосна стала, што не магу. Аддала торбу мянту і – проста на іхныя вароты званітавала. Адразу ж выбеглі, адкрылі…» – расказвае Ганна.

Як КДБ здзекаваўся з Марыі Успенскай

Ганна зблізілася з Марыяй Успенскай. Называе яе проста Машай. Астатнія – «каментатары Машы» – таксама былі людзі адэкватныя. І вельмі розныя. Згадвае пра дантыстку з Воршы, настаўніцу-філолага на пенсіі з Мастоў, а таксама пра былую супрацоўніцу БелТА Іну Можчанку. Яшчэ была дзяўчына, якая стаяла на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры…

«Маша расказвала, што прывезлі яе на Акрэсціна без абутку. Бо яшчэ дома, калі пачалі пілаваць дзверы, яна была ў халаце. Спехам надзела наверх штаны і швэдар, але засталася без майткоў. Толькі на Акрэсціна адна з сукамерніц пазычыла ёй шкарпэткі і майткі. Спала Маша пад батарэяй», – расказвае былая палітзняволеная.

Размова журналіста «Белсату» і Ганны ў кавярні за каваю. Побач на стале ляжаць кветкі, якія Ганна набыла сама.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У канцы верасня 2021 года ў Менску было вельмі халодна, але батарэя ў камеры да пэўнага моманту грэла добра. Як пазней распавяла Марыя, наступным ранкам па ейным затрыманні на Акрэсціна (тады ў камеры былі толькі тры асобы) прыехалі супрацоўнікі КДБ, адкрылі камеру і загадалі выносіць «на прадол» усе рэчы. Жанчыны падумалі, што будзе звычайны «шмон», вынеслі рэчы на калідор, у тым ліку ўсё цёплае адзенне (адзетыя былі лёгка, бо камера была нацепленая). Але «шмону» не адбылося – супрацоўнікі КДБ проста зачынілі дзверы, маўляў, рэчы забераце потым. Праз некаторы час Марыя Успенская заўважыла, што батарэя пачынае халаднець і пад вечар зусім «згасла». І зразумела: іх «хочуць дабіць холадам».

«Марыя распавядала, што, каб не змерзнуць, яны налівалі гарачую ваду (а наяўнасць гарачай вады – адзіны бонус на Акрэсціна) у вядро і засоўвалі па адной назе кожная. Парылі ногі, надзявалі шкарпэткі і ўтраіх, скруціўшыся абаранкам, спалі. Вось калі я Віктара Франкля чытала, то гэта проста флэшбэк», – гаворыць Ганна.

Яна ўпэўненая, што гэтыя катаванні холадам былі «персанальным здзекам КДБ з Машы», асабістаю помстаю за смерць калегі, якога застрэліў ейны муж. Наступным днём, як расказвала Марыя, гэбэшнікі вярнуліся. Калі жанчыны паскардзіліся, што ў камеры вельмі холадна, адказалі: «А яму не холадна?..»

«Гэта ты, поскудзь, яго забіла», – паўтаралі колькі разоў, звяртаючыся да Марыі Успенскай. І зачынялі дзверы.

Ганна крала туалетную паперу з прыбіральні супрацоўнікаў на Акрэсціна, бо ў камеры на 13 чалавек не было.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Крызіс здарыўся яшчэ да выбараў

Ганна з вялікаю цеплынёю расказвае пра Марыю. У камеры шмат з ёю размаўляла.

«Часам яна выпадала з рэальнасці і казала: «А як жа я цяпер буду аплочваць рахункі за кватэру? Я не ведаю, як гэта робіцца, 10 гадоў не рабіла гэтага». Вось такія рэчы. Быццам нічога не здарылася – проста мужа не стала. А потым у нейкі момант вярталася ў свядомасць і пачынала дзіка рыдаць. Але было ўражанне, што не магла аплакваць мужа – аплаквала сітуацыю, якая здарылася. Пачынала думаць пра дзіця, дзе яно і як. З таго, што я пачула, вынікае, што Маша заўжды без пярэчанняў выконвала загады Андрэя. І ў той дзень, калі ён сказаў «стой і здымай», яна так і зрабіла…» – расказвае Ганна.

Заўважае, што калі Марыя пазнаёмілася з Андрэем, то была ягонаю кіраўніцаю – займала пасаду начальніка эканамічнага аддзелу фірмы, куды ўладкаваўся працаваць маладзейшы за яе на 10 гадоў Зельцар. Марыя ўжо разводзілася тады з першым мужам. Калі сышлася з Андрэем Зельцарам, звольнілася з фірмы і нідзе не працавала аж да 2020 года. Як расказвала Ганне, ейны «дэкрэт плаўна перарос у хатнюю гаспадарку».

Варшаўская кавярня «Po Drodze» («Па дарозе»), у якой Святлана Ціханоўская гутарыла летась са стэндаперам Славам Камісаранкам.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У 2020 годзе ў жанчыны здарыўся глыбокі крызіс асобы, які перарос у сур’ёзную дэпрэсію. Адбылося гэта яшчэ да выбараў і да палітыкі мела хіба ўскоснае дачыненне (агульная атмасфера ў краіне ўплывала на кожнага). Марыя звярнулася па дапамогу да псіхатэрапеўта, прымала даволі моцныя антыдэпрэсанты. Потым псіхолаг параіў ёй уладкавацца на якую-небудзь простую працу. Пайшла працаваць прадаўніцай у «Мілу». Як расказвала Ганне, там ёй падабалася. Але антыдэпрэсанты прымала аж да восені 2021-га.

«Яна называла прэпараты, але я не стану агучваць. Вельмі сурʼёзныя. За адзін момант з такіх прэпаратаў не саскочыш. Яна паволі зніжала дозу. І, як казала, толькі за пару тыдняў да таго, як здарыўся інцыдэнт са стралянінаю, перастала іх ужываць. Не аднавілася яшчэ, а тут такое. І я думаю, тое, што яе прызналі ў Навінках несвядомай, адпавядае праўдзе», – мяркуе нашая суразмоўца.

Пакуль Ганну не этапавалі на Валадарскага, яна прабыла побач з Марыяй Успенскай на Акрэсціна 7 дзён. Успенскую абвінавацілі ў суўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, але судзілі як «асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне ў стане несвядомасці» (п. 13 арт. 6 КПК). 16 чэрвеня 2022 года суд прызначыў ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары «да выздараўлення» (тэрмін судом не вызначаецца).

Дзірка ў прыбіральні – гэта «лыжы»

Ганна зноў робіць паўзу і прызнаецца, што пра некаторыя рэчы, якія пачула тады ў камеры на Акрэсціна, пакуль што не мае права расказваць: «Але прыйдзе час і…» Дакранаецца да цюльпанаў. І заўважае нашыя троху трагічныя міны.

«А расказаць, як я паперу туалетную крала ў супрацоўнікаў Акрэсціна?» – пытаецца. «Давай», – рэагую.

Расказвае, як за тры цыгарэты выкупіла права ў жанчыны, якая сядзела «па алкашцы», выйсці на працу, то бок памыць падлогу ў ізалятары (палітычных на працу не выводзяць). Схітрыла з супрацоўнікамі, сказаўшы, што сядзіць паводле 205-й («Крадзеж»).

Падчас дзяжурстваў на Акрэсціна Ганна крала вадкае мыла. Яна налівала яго ў гумовую рукавічку.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«І вось я крала туалетную паперу з прыбіральні супрацоўнікаў на Акрэсціна, бо ў нас не было, а ў камеры 13 чалавек, і ў прыбіральню ходзяць усе. Адна дзяўчына адцягвала ўвагу, бо яны пастаянна правяраюць, што ты там мыеш, ды і відэакамеры паўсюль. А я хутка так намотвала на руку паперу і піхала сабе ў штаны. Я крала туалетную паперу!» – смяецца Ганна.

У той дзень удалося таксама зліць у пальчатку «мянтоўскага» вадкага мыла, якім потым у камеры жанчыны мылі галовы.

Расказваючы пра гэта, вучыць нас турэмнай лексіцы. Дзверы ў камеру – гэта «тармазы». Дзірка ў прыбіральні – «лыжы» («Прынамсі ў Жодзіне так называлі»). Лязо ад станка для галення – «мойка» («Тое, чым рэжаш салаты, кілбасу, хлеб ці… жылы»).

«Ведаеце, хто мне першую «мойку» падарыў на СІЗА? Марына Золатава. На Валадарку можна было станкі для галення перадаваць. Гэта ў Жодзіне нельга. З Золатавай недзе месяц у адной камеры былі. Я вельмі яе люблю, сапраўды залаты чалавек. Кінула курыць, штодзень займалася спортам, рабіла свае практыкаванні нават на другім ярусе – не баялася. Мне паказвала, што трэба рабіць», – кажа Ганна.

«Павольна, але нас там забіваюць»

Апроч таго, што сядзела разам з журналісткамі Марынай Золатавай і Аленай Талкачовай, пазнаёмілася з палітзняволенай праваабаронцаю Марфаю Рабковай.

«Пазнаёміліся на бальнічцы. Мяне выводзілі здаваць аналізы, а Марфа ў суседняй камеры была. І нас вывелі разам. Мяне спачатку вывелі, паставілі да сцяны, а потым яе. Я паглядзела: маладая сімпатычная дзяўчына, нават – дзяўчынка, інакш не скажаш. Яна мне як Маша назвалася. Пазнаёміліся толькі. Калі бачыш такіх маладзенькіх, адразу думаеш, паводле якога артыкулу яны тут: або наркотыкі, або палітыка. Іншага амаль ніколі не бывае», – кажа Ганна.

Прызнаецца, што, калі даведалася аб прысудзе Марфе, плакала:

«Вельмі перажываю за яе. За ейнае жыццё. Бо… проста забіваюць нас там. Павольна, але забіваюць…»

Каб пранесці гранат на Валадарскага, яго трэба запакаваць з яблыкамі ў чырвоны пакунак.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Але сядзела яна і побач з забойцамі («Адна вельмі вобразна распавядала пра тое, што нож насамрэч уваходзіць у чалавечае цела, як у масла, – зарэзала мужа, 55 нажавых раненняў…») і наркаманамі. Кажа, што «наркатычныя» (арт. 328 КК) сваёй колькасцю складалі канкурэнцыю «палітычным». У канцы 2021 года пайшла вялікая хваля затрыманняў у справе інтэрнэт-крамы з адным павукападобным у назве.

«СК паведамляў, што ў 2021 годзе былі затрыманыя 153 чалавекі. Але дзяўчына, якая пры мне заязджала паводле справы, казала, што ў ёй праходзяць 560 чалавек. Я думаю, там іх пад 1000 будзе. І большасць – з рэгіёнаў, усе маладыя – ад 16 да 25 гадоў. Часцей за ўсё – дробныя закладчыкі, на турэмным жаргоне – «мінёры». Ці тыя, як я зразумела, хто трапіў на «міну», закладзеную самымі мянтамі. Большасць з іх кажа, што, хутчэй за ўсё, і крамаю гэтаю валодаюць самі супрацоўнікі МУС», – расказвае Ганна.

«Прайшла праз усе тыя болі»

Ганна не развучылася ўсміхацца, цешыцца жыццём і з пяшчотаю дакранацца да кветак. Бо «кожны дзень там успрымала як досвед». Навучылася камунікаваць з людзьмі і нават з «супрацоўнікамі». Прызнаецца, што турма зрабіла яе мацнейшаю, бо прайшла «праз усе тыя болі».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я не лічу сябе жорсткім чалавекам, нікому ў жыцці не зычыла нічога дрэннага, але калі ты там і з цябе здзекуюцца, то і ты жадаеш ім у адказ таго ж самага. Але ведаеце, цяпер ужо хачу проста сумленнага і справядлівага суда. А наконт палітычнай пазіцыі – яна стала яшчэ больш цвёрдаю. Больш асэнсаванай. Яшчэ больш зʼявілася жадання дзеяць», – кажа Ганна.

«Я не ўсё яшчэ расказала. Але турма таксама навучыла мяне трымаць язык за зубамі. Карысны навык, бо я вельмі адкрыты чалавек», – дадае суразмоўца і пасміхаецца сваймі зялёнымі вачыма.

Дамаўляемся, што абавязкова сустрэнемся яшчэ раз. Можа, тады столік, за якім Ціханоўская піла гарбату, будзе не заняты. А можа, гэта ўжо будзе якая-небудзь утульная кавярня ў Менску, дзе не трэба будзе «трымаць язык за зубамі», а цюльпаны ў тваіх руках, Ганна, не будуць такімі мокрымі ад лютаўскага дажджу…

Гісторыі
«Псіхолагі» там добрыя: проста бʼюць, пакуль жыць не захочаш». Размова з былым палітвязнем
2023.01.27 07:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў