«Вялікая сямёрка» назвала непрымальнымі заявы Расеі аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі


Міністры замежных справаў дзяржаваў «Вялікай сямёркі» 18 красавіка завяршылі трохдзённую сустрэчу ў японскім мястэчку Кураідзава. Па выніках сустрэчы яны раскрытыкавалі Расею і заклікалі Кітай да больш адказных паводзінаў.

Сцягі краінаў «Вялікай сямёркі» і сцяг Еўразвязу. Японія. 27 траўня 2016 года.
Фота: Georgina Coupe / Number 10 / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

«Безадказная ядравая рыторыка Расеі і яе пагроза размясціць ядравую зброю ў Беларусі недапушчальныя, – гаворыцца ў камюніке (PDF) па выніках сустрэчы Групы сямі. – Любое ўжыванне Расеяй хімічнай, біялагічнай або ядравай зброі будзе мець цяжкія наступствы».

Рыторыка ўладаў Беларусі ці наогул Беларусь як суб’ект у камюніке ніяк не згадваюцца: гаворка менавіта аб расейскай пагрозе размясціць зброю.

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў, што Расея мае намер размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядравую зброю. Улады Беларусі тыдзень нічога пра гэта не казалі, а 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сам папрасіў Пуціна даць ядравую зброю.

Пуцін заяўляе, што ядравую зброю не перададуць Беларусі, а размесцяць пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. Пры гэтым Лукашэнка гаворыць так, нібы зброя ўжо размешчаная і аддадзеная пад ягоны асабісты кантроль. Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін ужо пагражае ядравымі бомбамі ў адказ на заявы краінаў Захаду. Кітай тым часам крытыкуе распаўсюд ядравай зброі, але пазбягае наўпроставых абвінавачванняў Расеі.

Hавiны
Дзе ў Беларусі могуць размясціць ядравую зброю? Топ-5 варыянтаў
2023.03.29 14:46

Прадстаўнікі краінаў «Вялікай сямёркі» крытыкавалі не толькі расейскую рыторыку аб размяшчэнні ядравай зброі. Расею таксама крытыкавалі за захоп і мілітарызацыю ўкраінскай Запарожскай атамнай электрастанцыі. Чальцы Групы сямі паабяцалі інтэнсіфікаваць санкцыі супраць Расеі і супрацьдзеяць абыходу санкцыяў праз трэція краіны, а таксама працягваць падтрыманне Украіны.

У фокусе былі вайна ва Украіне і пагроза развязвання новай вайны Кітаем: удзельнікі сустрэчы падкрэслівалі, што праблемы расейскага ўварвання ва Украіну ідуць паралельна з асцярогамі аб магчымым нападзе Кітаю на Тайвань – камуністычныя ўлады Кітайскай Народнай Рэспублікі лічаць востраў неад’емнай часткай сваёй дзяржавы, а ўлады на Тайвані лічаць сваю тэрыторыю і астатні Кітай часткаю дэмакратычнай Кітайскай Рэспублікі.

«Вялікая сямёрка» або Група сямі (G7) – нефармальны клуб Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатаў, Італіі, Канады, Нямеччыны, Францыі і Японіі пры ўдзеле прадстаўнікоў Еўразвязу. У 1997–2014 гадах у клуб уваходзіла Расея – яе выкінулі з «Вялікай васьмёркі» пасля анексіі ўкраінскага Крыму. Вялікі саміт Групы сямі запланаваны на 19–21 траўня ў японскай Хірасіме.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў