Кітай зноў заклікаў не размяшчаць ядравую зброю за нацыянальнымі межамі. Цяпер у Радзе бяспекі ААН


Прадстаўнік Кітаю не згадваў Уладзіміра Пуціна і ягоную ідэю размясціць ядравую зброю ў Беларусі, але на брыфінгу Рады бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў 31 сакавіка выступіў супраць любога распаўсюду ядравай зброі, у тым ліку такога, які плануе Пуцін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pxhere.com / CC0

Намеснік пастаяннага прадстаўніка Кітаю ў ААН Гэн Шуан назваў ядравую зброю «дамоклавым мячом, які навісае над нашымі галовамі». Ён падкрэсліў: пазіцыя Кітаю пастаянная і выразная ад першага дня валодання ядравай зброяй.

Кітай, кажа ён, абавязаўся не выкарыстоўваць ядравую зброю першым, а толькі дзеля абароны; не пагражаць ужываннем ядравай зброі дзяржавам, якія ёю не валодаюць; адстойвае Дамову аб нераспаўсюдзе ядравай зброі; выступае за паэтапнае ядравае раззбраенне і супраць размяшчэння ядравай зброі за межамі дзяржаваў-уладальніц.

Прадстаўнік Кітаю ў прамове не згадваў ні Расею, ні Беларусь, але нагадаў пра кітайскія прапановы па ўрэгуляванні «ўкраінскага крызісу» – Кітай не называе вайну ва Украіне вайной.

Раней прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Кітаю шматзначна адказала на пытанне аб планах размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі: не крытыкавала ініцыятыву, але нагадала пра ранейшую супольную заяву дзяржаваў-уладальніц ядравай зброі.

Адметна, што Уладзімір Пуцін анансаваў размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі праз тыдзень па сустрэчы з кіраўніком Кітаю Сі Цзінь Пінам. Пуцін заяўляе, што ядравую зброю не перададуць Беларусі, а толькі размесцяць на тэрыторыі Беларусі пад расейскім кантролем, што не парушыць абавязальніцтваў Расеі ў нераспаўсюдзе. Ды Аляксандр Лукашэнка сцвярджае адваротнае: кажа, зброя «нашая».

Тым часам у расейскіх дзяржаўных медыях расказваюць, як Кім Ё Чонг, сястра паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына, крытыкуе Украіну за правакаванне ядравай катастрофы.

Каментар
Сі з Пуціным гэтак не дамаўляўся? Як Кітай рэагуе на ідэю размясціць ядравую зброю ў Беларусі
2023.03.30 14:07

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў