Хрэнін пагражае ядравымі бомбамі ў адказ на заявы краінаў Захаду


Дапагражаліся да балістычных ракет з ядравымі боегалоўкамі. Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на палігоне ў Берасцейскай вобласці паабяцаў, што пры патрэбе ў Беларусь прыедзе расейская стратэгічная ядравая зброя, то бок бомба, здольная знішчаць цэлыя гарады. Так міністр абароны Лукашэнкі рэагуе на рыторыку і заявы краінаў Захаду.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вайскоўцы, верныя Аляксандру Лукашэнку, гатовыя да размяшчэння ў Беларусі не толькі тактычнай ядравай зброі, але і стратэгічнай, то бок на парадак больш магутнай. Гэта будзе адказ на працяг агрэсіўнай рыторыкі з боку краінаў Захаду, заявіў сёння Віктар Хрэнін на палігоне ў Берасцейскай вобласці. І ён гатовы выканаць любы загад Лукашэнкі.

«Прыняцце рашэння адносна размяшчэння ядравай зброі – гэта прэрагатыва толькі кіраўніка дзяржавы. Мы, як людзі вайсковыя, тут не збіраемся абмяркоўваць. Мы дакладна ў пастаўленыя тэрміны выканаем задачу», – заявіў Віктар Хрэнін.

Паводле міністра Хрэніна, у Беларусі ўжо рыхтуюць пляцоўкі для магчымага размяшчэння стратэгічнай ядравай зброі. Што гэта можа быць, пакуль невядома, або мабільныя ракетныя комплексы кшталту «Ярс» ці «Топаль», або бамбавальнікі Ту-95.

Заявы Хрэніна – спробы паказаць пэўную самастойнасць Лукашэнкі, мяркуе Таццяна Ашуркевіч.

«Зразумела, што Лукашэнка ці Хрэнін – беларускія ваенныя гульцы, не прымаюць рашэння па тым, што выкарыстоўваць. І рашэнне, ці размяшчаць ядравую зброю ў Беларусі, таксама залежала не ад Лукашэнкі. Гэта залежала ад Пуціна. І тое, што будзе зроблена з ядравай зброяй, таксама будзе вырашаць Пуцін», – тлумачыць палітычная аглядальніца.

Міністр абароны Лукашэнкі так адказаў на пытанне, ці толькі расейскі бок зможа ўжываць тактычную ядравую зброю: беларускія вайскоўцы атрымалі ракетны комплекс «Іскандэр», а пілоты і інжынеры прайшлі тэарэтычную і практычную падрыхтоўку ў Расеі на бамбавальніку Су-25.

«Гэта дазволіла нам не толькі палепшыць свае практычныя навыкі, але і асвоіць новыя спосабы ўжывання сучасных сродкаў уражання, у тым ліку і спецбоепрыпасаў. Пры неабходнасці атрыманыя намі веды і ўменні мы гатовыя ўжыць на практыцы для ажыццяўлення ваеннай бяспекі як нашай краіны, так і саюзнай дзяржавы ў цэлым», – кажа на прапагандысцкім відэа чалавек у лётным шлеме, падпісаны, як беларускі пілот Су-25.

Вынік дзеянняў Лукашэнкі будзе такі: замест абяцанага мірнага неба над галавой – максімальная мілітарызацыя і максімальная ізаляцыя, падкрэслівае Таццяна Ашуркевіч. Чым больш ядравых пагрозаў, тым менш будзе спробаў нейкага дыялогу з Беларуссю.

«Гэта краіна, якая прызнае нармальным выкарыстоўваць пагрозы, калі трэба, нават у адказ на вашую варожую рыторыку, якая нам не спадабаецца – гэта вельмі шырокае паняцце, мы не ведаем, што там можа не спадабацца. Можа не спадабацца што заўгодна», – кажа Таццяна Ашуркевіч.

І Хрэнін, і Лукашэнка абвінавачваюць краіны Захаду, якія нібыта парушылі Будапешцкі мемарандум 1994 аб ненападзе ўзамен за вывад ядравай зброі з Беларусі, Казахстану і Украіны ў Расею.

«Гэта ўсе рабілася ў інтарэсах невялікай, вузкай колькасці краінаў, якія інтэрпрэтуюць усё ў сваіх інтарэсах», – так Віктар Хрэнін патлумачыў, чаму Будапэшцкі мемарандум можна лічыць парушаным краінамі Захаду.

Хаця з падпісантаў мемарандум парушыла менавіта Расея, калі 9 гадоў таму анексавала Крым. Цяпер жа Лукашэнка даказвае, што вымушаны пайсці на ядравыя саступкі Расеі, бо краіны Захаду ўвялі супраць яго антываенныя санкцыі.

«Заходнія дзяржавы растапталі ўсе гэтыя дамовы, пагадненні і заявы, і ніякай бяспекі няма. Мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку. Ну якая эканамічная бяспека, калі яны ўводзяць супраць нас, Расеі санкцыі?!» – абураўся Лукашэнка, прымаючы ў сваім палацы Сяргея Шайгу з незапланаваным візітам.

Пытанне эканамічных санкцыяў заўжды было балючым для Лукашэнкі, кажа Аляксандр Атрошчанкаў. У 2011-м годзе журналіст быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму фактычна за тое, што быў прэс-сакратаром кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава. І калі ЗША ўвялі супраць «Белнафтахіму» санкцыі за парушэнне правоў чалавека, Атрошчанкава разам з іншымі палітвязнямі пачалі прымушаць падпісаць прашэнне аб памілаванні да Лукашэнкі. Не падпісаў, выйшаў на свабоду.

«У 2011 годзе фактычна мяне амаль выкінулі з турмы, калі толькі былі ўведзеныя амерыканскія санкцыі супраць беларускай нафтаперапрацоўчай галіны», – сузаснавальнік «REFORM.BY», палітвязень (2010–2011).

Цяпер, аднак, Лукашэнка вырашыў падняць стаўкі ў пытанні палітычных рэпрэсіяў.

«Пэўны час таму мы скіравалі ўладам Беларусі прапанову, што магла павялічыць магчымасці манеўру Беларусі на палітычным і эканамічным полі, узамен за спыненне палітычных рэпрэсіяў і пераследу. На жаль, праведзеныя перамовы не прынеслі задавальняючага выніку. Улады Беларусі працягваюць палітычныя рэпрэсіі супраць уласнага грамадства і варожую палітыку адносна Польшчы. Адзін з элементаў гэтага – памежны крызіс, справакаваны рэжымам Лукашэнкі», – паведаміў на адмысловым выступе ў Сейме міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў.

Але вернемся да ядравай зброі. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведамляе, што намеснік кіраўніка Беларускай Чыгункі Ігар Казлоўскі тэрмінова паехаў у Маскву ў справе «сакрэтных вайсковых перавозак». Раней ён узначальваў камісію, якая правярала абароненасць чыгуначных аб’ектаў, перадусім мастоў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»