«Вярнуць ядравую зброю». Лукашэнка пракаментаваў планы аб размяшчэнні расейскай тактычнай ядравай зброі ў Беларусі


31 сакавіка падчас звароту да народу і Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў заявы Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай ядравай зброі, агучаныя 25 сакавіка.

Падчас звароту да народу Лукашэнка нарэшце пракаментаваў заявы Уладзіміра Пуціна ад 25 сакавіка аб перакідванні ў Беларусь ядравай зброі. Лукашэнка распавёў, што гэта ён «настойліва актывізаваў» перамовы з Пуціным аб «вяртанні» (ён падкрэсліў гэтае слова) у Беларусь ядравай зброі. На думку Лукашэнкі, ядравую зброю ў 1990-х з Беларусі выводзілі пад гарантыі неўвядзення санкцыяў, ціску і «планавання рэвалюцыяў» (гэта няпраўда). Маўляў, ён прыпыніў вывядзенне ядравай зброі ў 1994–1995 гадах (такога тады не паведамлялі, працэсу не прыпынялі афіцыйна).

«Усё растаптана, усё парушана. Я маю права паставіць пытанне вярнуць ядравую зброю, якая тады яшчэ, да мяне, вар’яты падпісалі абавязальніцтва ейнага вяртання?» – пытаў Лукашэнка.

З расейскай ядравай зброяй на тэрыторыі Беларусі, кажа Лукашэнка, «рабамі не будзем… пад бізуном жыць не хочам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

Пасля выбараў 2020 года Лукашэнка паўтара года не звяртаўся да беларусаў у форме паслання. Апошняе ягонае пасланне прагучала 28 студзеня 2022 года – за месяц да поўнамаштабнага расейскага нападу на Украіну, у якім Беларусь выступіла ў якасці суагрэсара. Тое пасланне трывала тры гадзіны. Цяперашні зварот адбываецца на тле планаў Уладзіміра Пуціна размясціць у Беларусі ядравую зброю. Пуцін абвясціў пра гэта 25 сакавіка, Лукашэнка з таго часу не каментаваў ягонай заявы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў