Што такое тактычная ядравая зброя і чым яна адрозніваецца ад стратэгічнай


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 25 сакавіка абвясціў, што размяшчае тактычную ядравую зброю ў Беларусі, але пакідае яе пад кантролем Расеі. Будаўніцтва адмысловага сховішча плануецца скончыць ужо 1 ліпеня. 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе прасіць у Пуціна не толькі тактычную, але і стратэгічную ядравую зброю. Тлумачым, чым адрозніваецца адная ад другой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравыя гравітацыйныя бомбы B83 у зоне захоўвання зброі ў штаце Луізіяна, ЗША. 20 студзеня 2009 года.
Фота: East News

Колькі ў свеце ядравай зброі

Як адзначае Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў, супольны сусветны запас ядравых боегаловак на пачатак 2023 года складаў прыкладна 12 500 боегаловак. Іх маюць дзевяць краінаў: ЗША, Расея, Кітай, Францыя, Вялікая Брытанія, Пакістан, Індыя, Ізраіль і Паўночная Карэя.

ЗША і Расея маюць прыкладна 89 % супольнага сусветнага запасу ядравай зброі і 86 % назапашаных боегаловак, даступных для выкарыстання вайскоўцамі. Пры гэтым, адзначаюць эксперты, дакладная колькасць ядравых боегаловак застаецца «нацыянальнай таямніцай пад стараннай аховай».

З меркавана 12 500 ядравых боегаловак меркавана 9576 месцяцца на вайсковых складах для выкарыстання ракетамі, самалётамі, караблямі і субмарынамі. Астатнія боегалоўкі былі знятыя з узбраення, але ўсё яшчэ адносна цэлыя і чакаюць дэмантажу. З 9576 боегаловак на вайсковых складах 3804 размешчаныя ў складзе аператыўных сілаў (на ракетных базах або базах бамбавікоў). З іх прыкладна 2000 амерыканскіх, расейскіх, брытанскіх і французскіх боегаловак трымаюць у стане павышанай баявой гатовасці, каб у выпадку патрэбы выкарыстаць у самыя кароткія тэрміны.

Чым адрозніваецца тактычная ядравая зброя ад стратэгічнай

Ядравая зброя падзяляецца на стратэгічную і тактычную. Строгага падзелу паміж магутнасцю тактычных і стратэгічных боегаловак няма – большасць ядравых краінаў наогул не падзяляе сваіх арсеналаў на ТЯЗ і СЯЗ. Яны адрозніваюцца не столькі магутнасцю, колькі носьбітам.

Стратэгічная ядравая зброя (СЯЗ) – гэта звышмагутныя боегалоўкі, якія выкарыстоўваюцца на адлегласці тысяч кіламетраў для знішчэння гарадоў, вузлоў і камунікацыяў і могуць прывесці да ўзаемнага знішчэння. Гаворка ідзе пра міжкантынентальныя балістычныя ракеты (у Расеі іх меркавана 1185 – разам з тымі, што застаюцца на захоўванні), балістычныя ракеты на субмарынах (800) і ракеты на стратэгічных бамбавіках Ту-95 і Ту-160 (580).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Савецкі рухомы грунтавы ракетны комплекс стратэгічнага прызначэння з трохступенчатай цвердапаліўнай міжкантынентальнай балістычнай ракетай 15Ж58. Крыніца: ru.wikipedia.org

Тактычная ядравая зброя (ТЯЗ) менш магутная і мае абмежаванні ў радыусе выкарыстання. Яна прызначаная для выканання задачаў непасрэдна на тэрыторыі ваенных дзеянняў і нават на полі бою. У прыватнасці, яе могуць скарыстаць для знішчэння танкавай роты на маршы, вялікай колькасці пяхоты з баявой тэхнікай, мастоў і транспартных вузлоў. Таксама, напрыклад, яе цэлямі могуць быць штабы і пункты кіравання, пазіцыі пускавых сістэмаў і розных комплексаў, абʼекты вайсковага і падвойнага прызначэння. Але нішто, апроч здаровага глузду і сродкаў СПА, не перашкаджае накіраваць тактычную зброю на горад. Таксама не варта забываць пра радыяцыю і выпраменьванне, што пакідае за сабою ТЯЗ, хоць радыеактыўнае забруджванне і не будзе маштабным.

Якая ў іх магутнасць?

Магутнасць самай маленькай тактычнай ядравай боегалоўкі складае да адной кілатоны ў тратылавым эквіваленце, а то і менш. То бок, магутнасць выбуху не большая за магутнасць ад выбуху тысячы тонаў трацілу. Самыя вялікія могуць быць магутнасцю да 100 кілатонаў. ТЯЗ на гэты момант пакуль ніколі не выкарыстоўвалася ў рэальным ваенным канфлікце.

Стратэгічная ядравая зброя значна магутнейшая – да 1000 кілатонаў. Магутнасць амерыканскай атамнай бомбы, скінутай на японскую Хірасіму ў 1945 годзе, складала каля 15 кілатонаў, на Нагасакі – каля 20. Ахвярамі тых бамбаванняў сталі сумарна ад 150 да 250 тысяч асобаў.

Якія носьбіты ў ТЯЗ?

Тактычныя ядравыя боявыя набоі можна размяшчаць на розных ракетах, якія таксама выкарыстоўваюцца, каб даставіць звычайныя выбуховыя рэчывы, напрыклад, на крылатых або аператыўна-тактычных ракетах. Іх нават можна выкарыстоўваць як артылерыйскія снарады на полі бою. Іх таксама распрацавалі для самалётаў і караблёў, напрыклад, тарпеды і глыбінныя бомбы для паразы субмарынаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт Су-24. Крыніца: ru.wikipedia.org

Лукашэнка ў жніўні 2022 года заяўляў, што ў Беларусі пераабсталявалі «самалёты Су-24 для таго, каб яны маглі несці ядравую зброю». Таксама Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, а міністр абароны РФ Сяргей Шайгу пацвердзіў, што ў Расею «дзеля практычнага рыхтавання» выправіліся разлікі ракетнага комплексу «Іскандэр-М», якім трэба «дэталёва вывучыць выкарыстанне тактычных ядравых боепрыпасаў». «Іскандэры» якраз адносяцца да тых комплексаў, што могуць выкарыстоўваць як звычайныя, так і ядравыя ракеты.

ЗША сцвярджаюць, што Расея апошнія гады шмат інвеставала ў распрацоўванне такой зброі, з павелічэннем яе далёкасці і дакладнасці.

Хто можа аддаць загад пра запуск?

Улады Расеі заяўляюць, што ядравая зброя ў Беларусі будзе заставацца пад расейскім кантролем. Аднак Лукашэнка называе яе ўжо сваёй ды нават заяўляе, што сам кантралюе расейскія войскі ў Беларусі.

Калі адысці ад заяваў Лукашэнкі, то, згодна з расейскай ядравай дактрынай, канчатковы загад пра выкарыстанне ядравай зброі, як стратэгічнай, так і не стратэгічнай, дае прэзідэнт. То бок, Пуцін.

Умовы, што вызначаюць магчымасць выкарыстання Расеяй ядравай зброі:

  • атрыманне дакладнай інфармацыі пра старт балістычных ракетаў, што атакуюць тэрыторыі РФ і (або) яе саюзнікаў;
  • ужыванне ворагам ядравай зброі або іншых відаў зброі масавага паражэння па тэрыторыях РФ і (або) яе саюзнікаў;
  • уздзеянне ворага на крытычна важныя дзяржаўныя або вайсковыя абʼекты РФ, вывад са строю якіх прывядзе да зрыву дзеянняў ядравых сілаў у адказ;
  • агрэсія супраць РФ з выкарыстаннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаванне дзяржавы.

А што са звышядравай зброяй?

У лютым 2022 года Лукашэнка казаў, што гатовы размясціць у Беларусі «не толькі ядравую зброю, а і звышядравую». Аднак што гэта такое, так і засталося невядомым.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў