Камандзір палка Каліноўскага: Калі патэлефануе Святлана Ціханоўская – адкажу і выслухаю


Камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт запэўнівае, што за год беларускае падраздзяленне, якое ваюе за незалежнасць Украіны, пазбавілася ад падзелаў на асобныя групы і становіцца адзіным кулаком.

У размове з «Белсатам» Дзяніс Кіт расказаў, калі полк цалкам пяройдзе на беларускую мову, ці не прывядзе «ўваход у Беларусь» да захопу ўлады ваеннай хунтаю і што будзе, калі яму патэлефануе Святлана Ціханоўская.

Камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс, пазыўны Кіт. Кіеў, Украіна. 29 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Белсат»: – Прайшоў год з моманту заснавання палка. Што адзначыце як самае важнае?

Дзяніс Кіт: – Год – тая рыса, якую мы перайшлі і зразумелі, што нашая каманда і нашая цяжкая праца – гэта вельмі сур’ёзны ўзровень. Бо шмат якія дабрабаты (батальёны добраахвотнікаў. – Заўв. «Белсат») праз нейкі час развальваліся, а ў нас зʼядналіся ў такую каманду, якая працуе ўжо аўтаномна, робячы агульную справу: імкнецца да вызвалення Беларусі.

Гэта заслуга ўсіх. І тых, хто цяпер працуе, і тых, каго з намі ўжо няма, хто гераічна аддаў сваё жыццё на полі бою. Тых хлопцаў, якія застаюцца на перадавой і кожны дзень рызыкуюць жыццём, і тылавых службаў, якія робяць справу не менш карысную.

Кожны на сваім месцы. Мы – частка агульнага вялікага механізму. Праз год мы можам ужо сказаць, што ў нас ёсць структурнасць і ёсць сурʼёзнасць. І мы даказалі гэта. Вельмі прыемна адчуваць, што хлопцы імкнуцца да далейшага развіцця.

Прыемна казаць пра тое, што за гэты год да нас далучыліся такія сілы, як кіберпартызаны і ваяры з «Байполу». Мы вельмі ўсцешаныя, што адыходзім ад падзелаў на асобныя групы. Лепей рухацца адным вялікім кулаком.

– На якой стадыі фармавання атрад «байполаўцаў» «Атам»? Колькі ў ім байцоў?

– Цяпер ён праходзіць дадатковую падрыхтоўку, хлопцы чакаюць кантрактаў, і, як толькі яны прыйдуць, адразу паедуць на перадавую, будуць ваяваць у складзе аднаго з нашых батальёнаў. Колькі ў атрадзе чалавек, мы пакуль сказаць не можам.

– Яго зʼяўленне ў складзе палка азначае, што вашыя стасункі з беларускімі структурамі па-за межамі Украіны пацяплелі?

– Я не адчуваю вялікай сувязі паміж гэтымі хлопцамі і тымі структурамі. Мы зважаем найперш на тое, як людзі праяўляюць сябе ў баявых дзеяннях, і мы не робім зніжкі на іхную прыналежнасць да нейкіх арганізацыяў. Для нас гэтыя людзі – найперш тыя, хто жадае стаць на шлях вызвалення Беларусі праз вызваленне Украіны. Так іх успрымаем. Нават не пра «Байпол» гаворка, а ўвогуле.

«Глядзелі на нас як на човен, які мае затануць»

– Прыемна чуць вашыя словы пра «адыход ад падзелаў» і «адзіны кулак». Але ці патэлефанавала Дзянісу Кіту Святлана Ціханоўская, каб асабіста павіншаваць з гадавінай палка?

– Не, не патэлефанавала. Бачыў толькі ейны афіцыйны зварот з гэтай нагоды. Ну, вы ведаеце нашае, і маё субʼектыўнае, стаўленне да яе. Я намагаюся быць лаяльным да ўсіх сілаў, якія жадаюць нам дапамагаць. Але калі мы сустракаліся з прадстаўнікамі офісу ў першыя дні вайны, у мяне склалася не вельмі пазітыўнае ўражанне ад праробленай працы за ўвесь час.

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт (справа) віншуе байцоў з першай гадавінай ПКК. Скрын відэа: Полк Каліноўскага / Youtube

 Часу ў іх было шмат, каб з намі наладзіць добрыя стасункі, і мы былі не супраць. Але ёсць адчуванне, што сілы, якія нам маглі дапамагчы ў пэўны важны момант, глядзелі на нас як на човен, які мае затануць. Чакалі, затоне ці не. Не павінна так быць. Бо мы застаемся адзінай структурай беларускага вызвольнага войска, якую мы тут спрабуем будаваць. Дапамога нам, на маю думку, павінна была ісці з самага пачатку. А цяпер выглядае неяк фальшыва і пластмасава.

Нам не вельмі падабаецца неадназначная пазіцыя Кабінету і Святланы Ціханоўскай што да рэжыму Пуціна і Расеі. Прабачце, калі штосьці не так кажу. Бо на пытанне, чый Крым, павінна ведаць адказ і немаўля. Ну і фразы Каліноўскага таксама не трэба перарабляць на новы лад. Баяцца казаць слова «маскаль» – гэта ненармальна.

– Човен плыве. Як адзначылі першую гадавіну ПКК?

– 9 сакавіка прайшоў збор асабовага складу. Былі ўсе тыя, хто мог прыехаць. Не прыехалі тыя, хто выконваў баявыя задачы. Адбылося ўзнагароджанне ваяроў дзвюма ўзнагародамі – украінскай, ад ГУР, і медалём ад Рады БНР. Усё афіцыйна. Была вялікая імпрэза.

– Медаль Рады БНР пабачылі ў допісе ў «Фэйсбуку» Дзяніса Урбановіча. Колькі чалавек былі ўшанаваныя ўзнагародамі?

– Каля трыццаці чалавек.

– Якія страты панёс полк за год існавання?

– Буду казаць пра ўсіх беларусаў, загінулых з 2014 года. Гэта 18 чалавек. Калі з тымі, каго пакуль нельга называць, будзе ўсіх 25.

«Да справы ветэранскіх рухаў стаўлюся скептычна»

– 9 сакавіка ў звароце ветэранаў ПКК прагучала дзіўная фраза пра «доўгачаканае рашэнне аб пачатку правядзення мерапрыемства для вызвалення Беларусі». Усе троху перапалохаліся. Што гэта за рашэнне?

– Бачыў. Але полк ніякага дачынення да звароту не мае. Выкажу толькі агульнае меркаванне кіраўніцтва палка наконт ветэранскіх рухаў. Ніхто не кажа, што яны не патрэбныя. Але мы за правільнае будаванне такіх ветэранскіх структураў. Трэба разумець, што яшчэ ідзе вайна, і мы мусім найперш засяродзіць увагу на ёй. Павінны зрабіць усё, каб вайна скончылася ва Украіне, і зрабіць усё, каб вызваліць Беларусь. Ветэранскі рух павінен паўстаць тады, калі вайна скончыцца.

Мяне аж торгае, калі чую фразу «экс-баец палка Каліноўскага». З гэтым ёсць праблемы. Бо не ўсе «экс-байцы» насамрэч былі байцамі. Былі ў шэрагах, але некаторыя ніяк сябе не праяўлялі, адбывалі месяц-два, нічога не рабілі і сыходзілі з незразумелых прычынаў, а потым казалі, што яны «экс-байцы». Гэта праблема, і мы будзем яе вырашаць.

Надпіс «неверагодны» на руцэ камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніса Кіта. Кіеў, Украіна. 29 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Я, як чалавек, які з 2015 года ва Украіне, лічу, што рана рабіць такія арганізацыі, пакуль ідзе вайна. А яны ад нашага імя пачалі нешта рабіць. Ніякай афіцыйнай заявы ад імя ПКК не было. Выглядае гэта ініцыятывай нейкіх людзей, якія коштам імя ПКК намагаюцца, каб ім ішла дапамога і нейкія грошы.

Да ўсёй гэтай справы рухаў ветэранаў стаўлюся вельмі скептычна.

– Але з вайны вяртаюцца людзі, якім сапраўды патрэбная дапамога з лячэннем і рэабілітацыяй: ПТСР, вырваныя перапонкі і г. д.

– Згодны. Але бачыў інтэрвʼю, у якім былыя ваяры нашага падраздзялення казалі, што полк ім ніякай падтрымкі не аказваў. Гэта хлусня. Мы маем прадстаўніка патранажнай службы, які займаецца ў тым ліку лячэннем. Мы мелі магчымасць нават у Еўропу людзей адвозіць. Ёсць магчымасць і рэабілітацыі, адпачынку на вельмі крутых курортах.

Проста некаторыя ловяць крыўду, бо ў свой час нам штосьці не паведамілі. Трымалі ўсярэдзіне тое, што іх турбуе, але ў нас ёсць людзі, якія займаюцца менавіта гэтымі пытаннямі. Калі ёсць вялікія праблемы са здароўем, ніхто не забараняе звярнуцца да нас – мы будзем дапамагаць. Разумееце? У нас няма гэтых шлагбаумаў ад людзей. Але людзі проста не звяртаюцца. Гэта неяк дзіўна.

Хунты не будзе

– Вернемся да вызвалення Беларусі. Ёсць меркаванне, што «ўваход у Беларусь» палка Каліноўскага можа спрычыніцца да крыві, у тым ліку мірнага насельніцтва. Бо давядзецца страляць у сваіх. Што скажаце?

– Людзі цяпер уяўляюць, што будзем «заязджаць на танках і ледзь не са сцягамі». Так не будзе. Наш метад будзе іншым. Я не магу вам казаць пра тыя рэчы, якія мы абмяркоўваем і плануем.

Вы павінны разумець, што справа Беларусі не будзе рабіцца толькі нашымі сіламі. Я шмат разоў казаў, што нас мусяць падтрымаць украінскія ўлады і ЗСУ. І абавязкова – беларускі народ, які будзе нас чакаць. Да гэтага мае быць гатовая і ўкраінскі медыйны парадак дня, і беларускія вольныя медыі. Гэта і будзе праца аднаго вялікага кулака. Прыбяры з яго адзін з пальцаў – і будзе ўжо не так.

Гісторыі
«Будзеце страляць у беларусаў?..» Гісторыя Фёдара, былога байца батальёну «Тэрор»
2022.12.17 08:00

– Хтосьці асцерагаецца, што вызваленне Беларусі збройным чынам можа прывесці да ваеннай хунты…

– Я казаў не раз, і гэта прынцыпова: полк існуе дзеля таго, каб абвесціць свабодныя выбары ў Беларусі. Гэта нашая мэта. Каб у выбарах удзельнічалі ўсе кандыдаты, апроч Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паслугачоў, і каб усё было сумленна. Нашая мэта – вольная Беларусь. Будзе яна парламенцкай ці прэзідэнцкай рэспублікай – тое будзе вырашацца толькі дэмакратычным шляхам.

– Некаторыя байцы сышлі з ПКК, бо полк пачаў займацца палітыкай. Ці развязалі супярэчнасці?

– Усё проста. Да нас раней вельмі часта звярталіся з палітычнымі пытаннямі: «Як вы бачыце тое, сёе?» Паўгода мы нічога не казалі, хаця пытанняў было шмат. Мы вытрымлівалі паўзу, каб зразумець, хто за нас, а хто не. І каб пабачыць, ці хтосьці агучвае сваё бачанне на ўсе тыя пытанні. Калі зразумелі, што ніхто гэтага не робіць, самі пачалі адказваць на пытанні. Падавалі як меркаванне, бо ніхто не ўспрымаў нас як нейкую сурʼёзную структуру. Спачатку нікому не рэзала вуха, што там кажа Кіт у інтэрвʼю, а потым пабачылі, што човен плыве і плыве, і ўсе пачалі звяртаць на нас увагу…

Развязалі ў выніку такім чынам, што полк як баявая адзінка займаецца выключна пытаннямі баявога характару, і адначасова стварылі Раду бяспекі, у якую ўваходзіць наш прадстаўнік. Акурат гэтая структура будзе займацца пытаннямі палітыкі. У Раду, як ведаеце, уваходзіць Зянон Пазняк, Павел Вусаў і Вадзім Кабанчук – наш прадстаўнік. Вось гэтае крыло цяпер прэзентуе палітычныя погляды палка, каб гэта не я сядзеў і адказваў на палітычныя пытанні, бо я маю іншыя абавязкі. Я думаю, гэта правільна.

– Кажучы пра сыход з ПКК праз палітыку, я меў на ўвазе батальён «Тэрор», які пазней зʼяднаўся з Беларускім добраахвотніцкім корпусам. Ці кантактуеце з БДК?

– Не кантактуем увогуле. БДК робіць сваю працу і рухаецца асобна ад нас.

«Неўзабаве пяройдзем на беларускую мову цалкам і ўсе»

– Што далей? Пра самую галоўную мэту – вызваленне Беларусі – мы сказалі. А бліжэйшыя?

– Мы наўпрост залежым ад колькасці добраахвотнікаў. Калі да нас прыходзіць усё больш і больш людзей – гэта наш рост і развіццё як падраздзялення. Бо заўсёды ёсць такая рэч, як кадравы голад. Патрабуюцца людзі, на розныя пасады.

У нас ёсць шмат кірункаў. Таму бліжэйшая мэта – расці, гэта значыць – будаваць армію будучай Беларусі. Чым цяпер і займаемся. Мы робім усё, што ў нашых сілах, каб наш мабілізацыйны патэнцыял стаў яшчэ вышэйшым.

Калі будзе больш людзей, мы пашырым магчымасці на фронце і такім чынам наблізім перамогу Украіны, а значыць, і час, калі зоймемся пытаннямі вольнай Беларусі.

То бок, асноўнае пытанне: рост падраздзялення. Самае важнае пытанне.

– У вас выдатная беларуская мова. Як камандзір палка ці маеце мэту перавесці ўсё справаводства ў штабе на беларускую мову? Ці збіраецеся пашыраць яе ў палку як мову загадаў, рапартаў і службовых стасункаў?

– Уся нашая ўнутраная бюракратыя цяпер выключна на беларускай мове. Стандартныя хуткія каманды аддаюцца таксама па-беларуску. Мне ўвогуле не складана пераходзіць з мовы на мову: беларуская, украінская, расейская…

Камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс, пазыўны Кіт. Кіеў, Украіна. 29 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Але калі кажам пра хуткі тэмп працы, то, магчыма, можна пачуць у штабе і выказванні па-расейску. Бо такі тэмп не дазваляе некаторым нашым людзям хутка пераходзіць на беларускую. Але будзьце пэўныя: мы працуем над гэтым. Неўзабаве пяройдзем цалкам і ўсе. Бо мы разумеем, што гэта таксама нашая зброя.

– Вяртаюся да «адзінага кулака» і да Ціханоўскай. Калі б яна зараз патэлефанавала вам, знялі б слухаўку?

– Чаму не? Я здыму і выслухаю ўсё, што мне скажуць. Я такі чалавек, што магу паразмаўляць з кожным. Але не я адзін усё вырашаю. Калі адбудзецца такі званок, збяромся з кіраўніцтвам і будзем размаўляць, што ўвогуле адбываецца. Будзем абмяркоўваць. Гэта пытанне ўсяго падраздзялення. У нас ёсць камандзіры батальёнаў, і іхнае меркаванне таксама вельмі важнае. У нас няма дыктатуры.

Hавiны
«Нас чакаюць у Беларусі». Год палку Каліноўскага
2023.03.09 15:45

Размаўляў Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў