«Дзеля ваеннага досведу». «ByPol» і полк Каліноўскага – пра новы атрад добраахвотнікаў


Днямі стала вядома, што полк Каліноўскага папоўніў атрад «Атам», што складаецца з чальцоў «ByPol» і ўдзельнікаў плану «Перамога». Чаму яны захацелі менавіта ва Украіну і хто быў ініцыятарам супрацы паміж «ByPol» і беларускім палком?

Ваяры атраду «Атам».
Фота: полк імя Кастуся Каліноўскага / Telegram

Кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў паведаміў «Белсату», што добраахвотнікам, якіх рыхтуе арганізацыя, прапанавалі розныя варыянты: можна было далучыцца да харугваў паспалітага рушэння, фармавання Валера Сахашчыка. Выбралі полк імя Кастуся Каліноўскага.

«Мы прапаноўвалі ехаць у тым ліку да Сахашчыка, але байцы не захацелі. Мы праводзілі сходы, размаўлялі і пастанавілі, што полк Каліноўскага пасуе больш. Я ж людзей не прымушу», – адзначыў Азараў.

Ён заўважыў, што «ByPol» ніколі не канфліктаваў з палком Каліноўскага, і збольшага гэта была іхная ідэя накіраваць ваяроў ва Украіну:

«У іх была прапанова: вучыць людзей у палку, трэнаваць. Мы скантактаваліся, абмеркавалі, і з’явілася такая ідэя, бо ў нас людзі хацелі ехаць ва Украіну. У палку згадзіліся, што можна так зрабіць, і вось паспрабавалі».

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук у каментары «Белсату» падкрэсліў, што добраахвотнікі, якія праходзяць праз трэнаванні «ByPol», ад пачатку вайны далучаюцца да фармавання.

«Для нас галоўнае тое, што яны разумеюць, што трэба дапамагаць Украіне, атрымліваць ваенны досвед, а гэта можна зрабіць цяпер толькі ва Украіне. Бо можна колькі заўгодна трэнавацца на палігонах, аднак умовы рэальнага бою можна адчуць толькі тут», – сказаў Кабанчук.

Ён пацвердзіў, што супраца з «ByPol» працягнецца:

«Мы падтрымліваем каардынацыю і ўсё, што будзе спрыяць набліжэнню вызвалення Беларусі ад акупацыі, мы будзем з імі рабіць. Нам не важна, якая арганізацыя, якія людзі ці структуры, – мы супрацоўнічаем з усімі, хто падзяляе нашае гледзішча, што Беларусь застаецца пад акупацыяй і яе трэба як мага хутчэй вызваляць».

Раней Азараў казаў, што атрад «Атам» быў створаны «з мэтаю аб’яднання і ўзмацнення сілавога патэнцыялу беларускіх дэмакратычных сілаў».

«У межах гэтай супрацы нашыя ваяры будуць браць удзел у баявых аперацыях дзеля вызвалення Украіны ад расейскіх захопнікаў, атрымліваць неабходны досвед для рэалізацыі плану «Перамога», – цытуе Азарава Telegram-канал Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Hавiны
«ByPol» рыхтуе новую групу байцоў для палка Каліноўскага
2023.03.05 17:40

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў