«Нас чакаюць у Беларусі». Год палку Каліноўскага


Роўна год таму, 9 сакавіка 2022 года, рота беларускіх добраахвотнікаў, што сталі на абарону Украіны, паведаміла пра фармаванне батальёну Кастуся Каліноўскага, які пазней пераўтварыўся ў полк.

Байцы палка Кастуся Каліноўскага слухаюць выступ Зянона Пазняка ў Кіеве.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«За гэты час мы панеслі страты. Два нашыя ваяры ў палоне ў акупанта. Многія з ваяроў атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

Але, пры ўсім гэтым, нас становіцца ўсё больш! Мы штодзень выконваем баявыя задачы на фронце. Мы заявілі пра свае палітычныя амбіцыі. Да нас далучаюцца цэлымі арганізацыямі. Пра нас ведаюць ва Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Брытаніі і яшчэ ў шматлікіх дэмакратычных краінах свету. А галоўнае – нас чакаюць у Беларусі», – заявілі ў палку ў гадавіну яго стварэння.

На нашым канале ёсць цэлая серыя гісторыяў беларускіх добраахвотнікаў – у праграме «Ваяры».

Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская павіншавала беларускіх добраахвотнікаў:

«У гэты дзень роўна год таму ва Украіне беларусы стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. І хоць многія абаранялі Украіну яшчэ з 2014 года, менавіта батальён, а цяпер полк Каліноўскага, стаў сімвалам беларуска-ўкраінскага змагання за свабоду. Бо ў нас з украінцамі не толькі агульны вораг, але і агульнае бачанне будучыні. Мы бачым Беларусь і Украіну нацыянальнымі дэмакратычнымі еўрапейскімі дзяржавамі».

Ціханоўская дадала, што з першых дзён вайны беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў самых цяжкіх баях на ключавых участках: за Кіеў, Гастомэль, Бучу, Херсон і Лісічанск, а цяпер і ў самым пекле – у Бахмуце.

«Многія былі параненыя. Дзясяткі прынеслі найвышэйшую ахвяру ў гэтых баях – свае жыцці. Я хачу падтрымаць сем’і беларускіх добраахвотнікаў, абняць тых, хто страціў у гэтай вайне блізкага чалавека. Ваш подзвіг ужо ўвайшоў у гісторыю нашай краіны. І наш абавязак – падтрымліваць вас у гэты час выпрабаванняў. Таму я дзякую кожнаму, хто дапамагае беларускім добраахвотнікам, і заклікаю працягнуць гэтыя намаганні», – сказала беларуская лідарка.

Пад канец Ціханоўская адзначыла, што добраахвотнікі палка набліжаюць той дзень, калі «Беларусь стане свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай і калі дзяржава Рэспубліка Беларусь назаве іх не здраднікамі, а героямі».

Першапачаткова, пасля нападу Расеі на Украіну, 2 сакавіка 2022 года ва ўкраінскім войску ўтварылася першая рота з беларусаў, у якую спачатку ўвайшлі каля 40 асобаў. Пасля гэты лік істотна павялічыўся. 21 траўня батальён абвясціў пра стварэнне беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, у які ўвайшлі два баявыя батальёны.

Байцы палка Каліноўскага за сваю дзейнасць атрымалі дзяржаўныя ўкраінскія ўзнагароды «За бойові заслуги», а таксама «Україна – понад усе».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў