«Будзеце страляць у беларусаў?..» Гісторыя Фёдара, былога байца батальёну «Тэрор»


«Чалавек, здольны ахвяраваць жыццём, не абавязкова робіць гэта дзеля высокіх мэтаў», – напісаў Фёдар К. (імя змененае) у нататніку пасля вяртання з вайны ва Украіне. Ён адваяваў там паўгода. Падчас аднаго з выездаў выбуховай хваляй яму вырвала барабанныя балонкі. У Кіеве, каб уратаваць слых, Фёдару адразалі правае вуха. «Цяпер мушу пазбягаць шуму і абсалютнай цішыні», – кажа былы баец. У цішыні (не абсалютнай) ён распавядае, што нас вядзе ў бой і што ратуе ад смерці.

Усё вызначае смерць

«Вайна – адзінае месца, дзе чалавек ідзе на смерць свядома. Ні экстрэмальны спорт, ні пратэсты ў параўнанне не ідуць. Так, былі смерці Бандарэнкі, Тарайкоўскага ды іншых, але яны не чакалі яе – так здарылася. А на вайне людзі маральна рыхтуюцца да смерці. У гэтым – вялікая розніца. У экстрэмальным спорце больш рызыкі і адрэналіну, але няма думкі пра смерць. А там ёсць. Усюды», – кажа Фёдар.

Фёдар былы баец батальёну «Тэрор» у Варшаве.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ён мяркуе, што ніводны вайсковец ніколі не прызнае над сабой уладу таго, хто не ідзе свядома на смерць дзеля сваіх перакананняў. Менавіта таму няма камунікацыі паміж добраахвотнікамі ва Украіне і Святланай Ціханоўскай. Справа не ў ейнай асобе. Усё вызначае смерць, стаўленне да яе. 

Фёдар злёгку заікаецца. Нават не заікаецца – робіць адметныя паўзы між словамі. Прызнаецца, што гэта не праз кантузію – цягнецца з дзяцінства (але пад абстрэламі адпускала). Шнар на правай скуле – таксама з далёкага мінулага. А вось сівізна ў валасах – з Украіны. Фёдару не споўнілася яшчэ і трыццаці гадоў.

«Гэта пасля падрыву. Неяк тады я вельмі хутка палысеў і пасівеў. Адзін хлопец – яго няма ўжо жывога, – жартаваў, што, маўляў, мне сорак, а ты ўжо старэйшым за мяне выглядаеш», – згадвае Фёдар К.

Міна і ператрус

Пра баявы выезд, калі бус з байцамі «Тэрору» наехаў на супрацьтанкавую міну, а галава Фёдара пасівела, ён згадвае амаль без эмоцыяў, але з ледзь заўважнай усмешкаю. Бо ёсць тут троху містыкі: падрыў здарыўся роўна праз год – дзень у дзень – пасля таго, як у ягоную кватэру прыйшлі з ператрусам…

Трэба было дабрацца да вёскі, якую спрабавалі адбіць у расейцаў яшчэ ў ліпені, і дапамагчы ўкраінцам, якія ўжо зайшлі на яе ўскраіну. Ехалі з Мікалаева. У прамежкавым пункце пераселі на бус. Да рэчкі, праз якую трэба было пераправіцца, каб апынуцца ў вёсцы, заставалася 500 метраў. І тут – выбух…

Паводле Фёдара, кіроўца буса паміраў літаральна на ягоных руках. Параніла таксама камандзіра групы, Цёмнавяльможнага Пана. Сам Фёдар быў моцна кантужаны. Барабанныя балонкі – проста вырвала. Такі быў дзень…

Вучэнні ў батальёне «Тэрор». Здымкі з архіву героя

У абдымках з надмагільным помнікам

«Не, я не веру ў каляндарныя забабоны. Наагул у забабоны не веру. Хіба што ў чорных катоў на дарозе», – смяецца Фёдар.

«А ў Бога?» – пытаемся.

«Ведаеш, кажуць, што на вайне няма такіх, хто не верыць у Бога, а я дык, наадварот, не бачыў там тых, хто верыць. Сам я хутчэй агностык. У замагільнае жыццё не веру. Нагледзеўся. Калі што там і ёсць – усім на нас пофіг…» – адказвае былы баец батальёну «Тэрор».

Пры гэтым ён часта ўжывае слова «цуд»: «цудам нікога не параніла», «цудам выехаў з Беларусі». Згадвае, як пасля штурму «Макдоналдсу» (высокі будынак звалі так, бо на спадарожнікавых фота ён выглядаў, як літара «М») на пачатку верасня трапілі пад абстрэл. Давялося тады заначаваць у шэрай зоне – у вёсцы Андрэеўка.

«Дзве апошнія хаты толькі ацалелі, дый тыя без дахаў. У той, што я начаваў, і сцяны не было. У хаце ляжала пліта надмагільная: Сярдзюк Ніна Іванаўна, дата смерці – 2012 год. Падобна, што хтосьці збіраўся мяняць помнік. Карацей, я да яе прыгарнуўся і думаю: калі раптам у сценку трапяць, то, можа, помнік выратуе», – расказвае Фёдар.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Штосьці выратавала. Падчас начнога абстрэлу адна ракета прыляцела за суседнюю хату, наступная трапіла паміж хатамі, трэцяя – за хату, у якой хаваўся Фёдар. Цуд. Стралялі «Смерчам». Аграмадныя варонкі, магутныя выбухі. Кагосьці з хлопцаў засыпала аскепкамі.

А Фёдар прачнуўся ў абдымках з надмагільнаю плітой…

Са звонам увушшу і старымі прусакамі

Фёдар нарадзіўся ў невялікім беларускім мястэчку. Мае вышэйшую тэхнічную адукацыю. У 2020 годзе пасля ператрусу яго (цудам!) не затрымалі адразу, а калі пазней пазванілі і папрасілі прыйсці ў пастарунак, ён быў гатовы да эвакуацыі. Да вайны жыў у Польшчы, потым – Украіна. 7 красавіка падпісаў кантракт з ЗСУ, а 5 кастрычніка, пасля кантузіі, быў звольнены. Без балонак – не баец.

«Чаму пайшоў ваяваць? У мяне было некалькі прычынаў: хацеў дарабіць тое, чаго не дарабіў у 2020-м, і даказаць сабе, што я не баязлівец. Было каму яшчэ, але ёй не спатрэбілася… Усё астатняе – дапамагчы Украіне, Беларусі і гэтак далей, тое, што высока гучыць, – было другаснае, хоць, так ці інакш, ёсць ва ўсіх. Але, ведаеш, якая б мэта ні была, яна – для сябе. Хочаш ты новую Беларусь ці дзяўчыне спадабацца, урэшце, усё робіш для сябе. На жаль, не ўсе чаканні споўніліся. Хутчэй, наадварот. Але тое, што не баязлівец, – даказаў сабе назаўжды», – гаворыць Фёдар.

Праўда, кажа, гэта не дадало ўпэўненасці ў сабе. Хоць тое, праз што прайшоў, для большасці скончылася б посттраўматычным разладам і гадамі тэрапіі.

Фёдар, былы баец батальёну «Тэрор». 14 снежня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У Варшаву вярнуўся са звонам увушшу і старымі прусакамі ў галаве. Новых, прызнаецца, падчас вайны не нарадзілася. Аперацыю на правым вуху рабілі ў Кіеве пры канцы верасня.

«Доўгая аперацыя, пяць-шэсць гадзінаў цягнулася, пад агульным наркозам. Адразалі цалкам вуха, з каналу бралі кавалак эпітэлію, закручвалі неяк замест перапонкі і зашывалі. На левым, сказалі, не раней, чым праз тры месяцы. Але тут, у Варшаве, паглядзелі і сказалі, што левае вуха нібыта само загойваецца», – распавядае мужчына.

На правае спачатку нічога не чуў, бо было затампанаванае, а на левае – нібыта праз шкло, без аб’ёму гуку – як быццам на калонках адключылі нізкія частоты. Вестыбулярны апарат праз гэта таксама даваў збоі (мозг не мог вызначыць кірунку гуку). Калі шумнае памяшканне – можа зʼехаць дах. Абсалютна ціхае – таксама.

«А так нармальна ўжо, толькі пішчыць увушшу. Сказалі: або на ўсё жыццё, або, у найлепшым выпадку, на колькі гадоў. Няспынны піск. Часам мацнейшы, часам слабейшы. Не ведаю, што будзе далей: ну пішчыць – і пішчыць. На вуліцы не заўважаеш гэтага. Хіба калі спаць кладзешся. Дактары параілі не канцэнтравацца на піску, бо могуць быць наступствы для псіхікі», – дзеліцца Фёдар.

«Стаўлюся да смерці безуважна»

Былы баец кажа, што ў Варшаве ні ў кога не прасіў дапамогі. Беларускія арганізацыі на яго таксама не выходзілі. Лічыць сябе крыху самотнікам.

Калі трэба было даць рады «старым прусакам», звярнуўся да псіхолага, кантакт якой падказалі знаёмыя. Дзесяць першых заняткаў бясплатныя, беларуска. Фёдар кажа, што вельмі дапамагла, хоць не адбыў яшчэ нават бясплатных заняткаў («У апошні тыдзень так адпусціла, і стала так лёгка, што аж нуднавата зрабілася: падумаў, можна зноў на вайну паехаць…»). Але падкрэслівае, што звярнуўся да псіхолага не праз вайну.

«Яна нават здзівілася: табе што, усё роўна? Ну так, кажу, гінулі людзі, але я да смерці безуважна стаўлюся. Напэўна, таму людзей супакойваць з гэтай нагоды не ўмею. Жонка загінулага спрабавала размаўляць са мной, ну так, каб я яе суцешыў. А я кажу: блін, крыўдзіся ці не, але я даволі абыякава стаўлюся да гэтага. Усе там будзем. Пытанне толькі, якім чынам. Смерць у баі для чалавека, які гіне за свае ідэалы, – далёка не кепская», – гаворыць Фёдар.

Сабака ў акопе

Нашая нетаропкая размова цягнецца больш за дзве гадзіны.

Фёдар кажа, што ў групе выведкі быў сапёрам. Перыядычна зазірае ў тэлефон. Ягоныя пальцы крыху трымцяць.

Кажа: маці ведала, што ён быў там, а бацьку сказалі толькі тыдзень таму. Просіць не называць ні свайго прозвішча, ні пазыўнога на вайне. Баіцца за бацькоў.

Прызнаецца, што ў Варшаве пачаў пісаць нататкі пра вайну. Запісваць думкі, назіранні, занатоўваць тое, што ў памяці. Дакумент назваў «Вадалей», пісанне дапамагае. Магчыма, атрымаецца кніга. Прынамсі ягоны вусны расповед пра першы баявы выхад так і просіцца на паперу. Падаем тут толькі маленькі ўрывак, пра сабаку. Героі аповеду – пад мінамётным абстрэлам у адкрытым полі ў шэрай зоне пад Аляксандраўкай, занятай расейцамі. У невялікім акопе («чыста труну пакласці») – чатыры байцы.

Рыштунак, які Фёдар бярэ з сабою на выезд. Здымкі з архіву героя

«На другую ноч гэта было, па-мойму. Сяджу спінай да выхаду, другая гадзіна ночы, страляюць, дождж, мокра, халодна. Раптам адчуваю – у спіну нехта пхае. Ну, думаю, усё – расейцы. І адчуваю, што збоку нейкая вялізная туша шчэміцца. Выстаўляю руку і разумею: жывёліна. Мядзведзь? Але адкуль мядзведзь у гэтых голых палях? Тут адзін з нашых хапаецца за аўтамат і накіроўвае на мяне. «Ты што робіш? – кажу. – Мяне застрэліш. Дастань нож і не шумі».  Толькі тады бачым, што гэта вялікі сабака. Спрабаваў яго не пусціць у акоп, бо і так месца няма. Мокры, увесь у гразі. А ў нас аднаму байцу блага было, са спальніка не вылазіў. «Не пускайце яго», – стогне. Але прарваўся, паклаўся проста на гэтага байца, доўга таптаўся па ім. Галодны быў, знайшоў паштэт ва ўпакоўцы і проста з фольгай зжэр. Далі яму вады, хоць у саміх ужо заканчвалася.

Раніцай бачым: чорны такі… На наступны дзень праходзілі нашыя хлопцы і забралі яго на ўкраінскія пазіцыі, бліжэй да Мікалаева. Там больш цывільныя ўмовы былі. А мы засталіся…»

Таго сабаку байцы яшчэ сустрэнуць, калі будуць вяртацца з пазіцыі. Чыстага і накормленага. А баявое хрышчэнне, якое здарылася для Фёдара напярэдадні Вялікадня 2022 года, ён запомніць на ўсё жыццё. Шкадуе толькі, што, лежачы ў тым голым полі пад абстрэламі расейскага танка, мінамётаў і снайпераў, не меў магчымасці дабегчы ці дапаўзці да мора, якое распасціралася за нейкі кіламетр ад акопу. Да мора, якое пабачыў упершыню толькі ў жніўні, у Адэсе.

«Цяпер я ўжо і не ведаю, ці хачу на мора, бо ў Мікалаеве ўвесь час ішла салёная вада з кранаў. Мыліся, мылі адзенне ў салёнай вадзе – водазабор быў падарваны расейцамі», – успамінае Фёдар.

Здымак на телефоне Фёдара.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

З вайны – толькі даведка

Цяпер Фёдар шукае працы ў Варшаве. Ён з IT-сектару, але досвед невялікі. Спрабуе таксама знайсці фінансаванне для ўласнага праекту, звязанага з транспартам (калі будуць прапановы – перадамо кантакт). Кажа, што патэнцыйным працадаўцам ці інвестарам цяжка патлумачыць, чым ён займаўся апошнія паўгода. Што засталося ад службы ва Украіне – дык адно даведка для памежнай службы, што лічыўся з такога да такога дня ў шэрагах ЗСУ.

Не ведае таксама, ці прадугледжаныя яму якія выплаты за цяжкую кантузію. Украіна яму ўжо ніяк не дапамагае.

Кажа, што цяпер самае складанае пытанне для беларускіх добраахвотнікаў – «пахавальныя» выплаты. Пры канцы верасня Вярхоўная Рада прыняла закон аб скасаванні выплатаў сем’ям для беларусаў і расейцаў. Байцы палка Каліноўскага і батальёну «Тэрор» ужо агучвалі гэтую праблему на сустрэчах з дэпутатамі Рады, але пакуль – без зменаў. Хаваць загінулых байцоў за межамі Украіны таксама даводзіцца за ўласны кошт: ЗСУ фінансуюць толькі пахаванні на (ва) ўкраінскай зямлі.

У Польшчы Фёдар мог бы ўладкавацца і вайсковым інструктарам. Расказвае, што пазнаёміўся нядаўна з палякам, які трэнуе беларусаў (магчыма, байцоў беларускіх харугваў).

«Мяне таксама клікаў туды. Сказаў, што, паводле польскіх мерак, чалавек, які прабыў паўгода на вайне, – гэта проста ну вельмі дасведчаны чалавек, і ў польскім войску такіх цяпер адзінкі. Але… не ведаю. Не сказаць, каб зусім не цікава было б, але хацелася б развівацца троху ў цывільным кірунку», – кажа Фёдар.

Пажар у месцы, дзе стаяць расейцы. Раён Калініндорфа-Красналюбецкая. Здымкі з архіву героя

«Вайна абязлічвае жыццё»

За аўтамат, праўда, ён гатовы ўзяцца зноў, калі спатрэбіцца дзеля Беларусі. Але да ідэі сілавога ўваходу ў краіну ставіцца скептычна.

«Нагледзеўся я ўжо. Нават ва Украіне, дзе павінны былі б усе ўсё разумець, нават там хапае «рускамірскіх» людзей. Іх вельмі мала, але яны ёсць. Бабулі, якія перадавалі нашыя каардынаты з кнопачных тэлефонаў расейцам… Што з імі рабіць? У Беларусі такіх таксама шмат. Вы гатовыя будзеце страляць у «рускамірскіх» беларусаў? Я, шчыра кажучы, не…» – гаворыць былы беларускі добраахвотнік.

Аптымальны варыянт для Беларусі, паводле Фёдара, – гэта калі «Лукашэнка памрэ, а губазікі з гэбэшнікамі перагрызуцца за ўладу». «У чыста ваенную аперацыю я не веру», – паўтарае.

«Вайна абязлічвае чалавечае жыццё. Пачынаеш успрымаць уласнае жыццё і жыцці іншых людзей як рэсурс. Таму, магчыма, і атрафіруецца стаўленне да смерці. Не людзі – а «жывая сіла», не забіты – а «двухсоты». Ну, забілі дзесяць чалавек – трэба яшчэ дзесяць недзе ўзяць. Так пачынаеш ставіцца. Што ўжо мёртвага шкадаваць? Шкадаваць жывых трэба», – кажа Фёдар.

Hавiны
Беларускія ўдзельнікі вайны ва Украіне ствараюць асацыяцыю ветэранаў. Што вядома?
2022.12.14 16:09

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў