У чым сакрэт непераможнай стойкасці ўкраінскага палка «Азоў», які больш за 80 дзён бараніў Марыупаль? Пра гэта паразмаўлялі з байцом беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Дзянісам, пазыўны Кіт. Раней Дзяніс два гады ваяваў у складзе «Азова» на ўсходзе Украіны, а з пачаткам другой фазы вайны ўступіў у Кіеве ў падраздзяленне тэрытарыяльнай абароны (ТРА) «Азоў», з якога, па сутнасці, і вырас батальён Каліноўскага.
З Дзянісам Кітом гутарым позна ўвечары 24 траўня. Ён адразу прызнаецца, што быў «гарачы дзянёк», але дадае, што да адбою яшчэ маем трохі часу. Ужо позна. Са здзіўленнем пытаюся, калі ж адбой.
«Каманда «Адбой!» гучыць роўна апоўначы, у 00 гадзін. І пасля гэтага – ніякіх моцных гукаў і размоваў», – усміхаецца на тым канцы сувязі Дзяніс. Пад’ём, дарэчы, у каліноўцаў а 7:30.
«Белсат»: Чым атмасфера ў батальёне Каліноўскага розніцца, на ваш погляд, ад таго, што было ў «Азове»?
Дзяніс Кіт: Тут трошкі ўдакладню. Па-першае, нядаўна мы абвясцілі пра фармаванне менавіта палка імя Каліноўскага, так што буду называць яго палком. Па-другое, будзем адрозніваць уласна баявую вайсковую структуру (полк «Азоў») ад падраздзялення ТРА «Азоў». Калі казаць пра полк – гэта асобная гісторыя. Там свой графік, і ён больш жорсткі.
Полк жа Каліноўскага пераняў ідэю ТРА «Азоў», мы зладзілі блізкую сістэму, бо ўжо мелі досвед стварэння такой структуры. У нас, як і там, ёсць штодзённыя трэнаванні, тры разы на дзень па дзве гадзіны. Трэнаванні рознага кшталту – у тактыка-страявой, мінна-сапёрнай, снайперскай справе, тэорыя, фільмы, лекцыі і г. д. У нядзелю – ПГД, так званы паркава-гаспадарчы дзень…
– Патлумачце, калі ласка, якое дачыненне ТРА «Азоў» мае да палка «Азоў».
– Калі 24 лютага пачалася другая фаза поўнамаштабнай вайны ва Украіне, частка былых байцоў палка «Азоў» і ветэранаў абʼядналіся ў Кіеве і стварылі батальён тэрабароны «Азоў», хоць асноўны полк быў у Марыупалі. Я як чалавек, які служыў у палку «Азоў», таксама стаў яго байцом. Калі б тэрытарыяльна мы былі бліжэй да Марыупалю, то не выключаю, што таксама ўзялі б удзел у абароне «Азоўсталі».
– Як успрымаеце сітуацыю з абаронцамі «Азоўсталі», якую адныя называюць здачай у палон, а іншыя – эвакуацыяй?
– Я хацеў бы прытрымлівацца афіцыйнага рашэння камандзіра палка і меркавання, скажам так, Андрэя Білецкага (палітык і былы камандзір «Азова». – Заўв. ЗМ.), які папрасіў не ўскладняць сваймі ацэнкамі і прагнозамі тое, што вырашылі камандзіры. Я ўпэўнены, што сітуацыя, у якой апынуліся хлопцы на «Азоўсталі», патрабавала хуткага развязання. Пытанне курыравалася на найвышэйшым узроўні. І не мне даваць ацэнку гэтаму рашэнню.
Таму я прытрымліваюся афіцыйнага меркавання і рашэння камандзіра палка. Мяркую, што ў іх усё было, скажам так, прадумана, і яны ведаюць што робяць.
– Ці былі сярод абаронцаў «Азоўсталі» вашыя знаёмыя, і ці падтрымлівалі вы з імі сувязь?
– Так, знаёмыя былі і ёсць. Мы з імі падтрымлівалі сувязь да апошняга. Робім спробы і цяпер. Што будзе далей, на жаль, невядома. Чалавек, які быў там, перадаў нам, што, маўляў, незразумела, выратаванне гэта ці не. Але ўсе мы разумеем, што гэта такое – адправіць найлепшых байцоў з «Азоўсталі» на варожую, груба кажучы, тэрыторыю. Усе разумеем гэта. І застаецца спадзявацца толькі на нейкія вельмі высокія дамоўленасці. Але пакуль слаба ўяўляецца нешта добрае…
– Вы праслужылі ў палку «Азоў» два гады. Як ваявалася? Якія былі традыцыі ў палку?
– Адчуваю вялікі гонар, што некалі быў часткай гэтага падраздзялення. Узяў адтуль найлепшае, што там было. Полк «Азоў» браў за аснову сістэму натаўскіх стандартаў. Паводле стандартаў NATO, баявая адзінка адлічваецца ад асобнага жаўнера. Не так, як у Савецкай арміі, ад аддзялення. У цэнтры сістэмы – індывідуальнасць і каштоўнасць кожнага байца. І стасункі ў калектыве выбудоўваюцца адпаведныя. Усе трэнаванні, увесь побыт ладзяцца такім чынам, каб байцы між сабой максімальна згуртоўваліся. Плюс спрыянне натаўскіх інструктараў з вялікім досведам.
Усё гэта прыцягвала ў полк «Азоў» амбіцыйных і моцных маладых хлопцаў, якія не хацелі служыць у нейкім падабенстве арміі, баяліся апынуцца ў саветчыне. Яны прыходзілі туды за стасункамі новага ўзроўню. І атрымлівалі іх.
То бок «Азоў» – гэта не проста полк, гэта вялікая сямʼя. Праўда. Гэта не пустыя словы. Я падчас службы ў «Азове» пабываў у розных падраздзяленнях і магу шчыра сказаць, што яго камандзіры не ловяць зорак, стараюцца трымаць планку і паказваюць прыклад. Не адварочваюцца ад асабовага складу, не зачыняюцца ў высокіх кабінетах, каб будаваць свае планы.
І што б яшчэ хацеў адзначыць. Агульная ідэя. Апроч таго, што там самі па сабе выдатныя байцы, але ўсё цэментуецца яшчэ адной вялікай ідэяй – ідэяй свабоднай Украіны, ідэяй пабрацімскага пляча, ідэяй украінскага духу і смерці пуцінскага рэжыму. Усё гэта ў сукупнасці і стварае вялікі моцны кулак, які пры разумным камандаванні – а таму прыклады аперацыі для вызвалення Марыупалю і абароны «Азоўсталі» – робіцца непераможным. І кулак гэты складаецца з асобаў, якія не зробяць кроку назад, нават калі будуць у поўным акружэнні.
– Полк «Азоў» шмат хто абвінавачваў у прыхільнасці да нацысцкай ідэалогіі. Наколькі гэтыя абвінавачанні справядлівыя? Няўжо ўсе хадзілі з наколатымі свастыкамі?
– Скажу толькі пра сваё атачэнне. Вакол мяне не было людзей, якія былі прыхільнікамі Гітлера і нацызму.
І канкрэтна ў нашым падраздзяленні зусім не было байцоў са свастыкамі. Так, бачыў хлопцаў, якія цікавіліся нейкімі паганскімі тэмамі. Але культу нацызму і гітлерызму не заўважаў.
Не магу казаць пра ўвесь полк. Нават калі і было, гэта асуджалася і спынялася. І ні ў якім разе не падтрымлівалася і не заахвочвалася. Чуў, што людзі за гэта атрымлівалі вымовы ад камандзіраў.
– І гэта не было абʼяднаўчай ідэяй, як я разумею.
– Абсалютна не. Абʼяднаўчай ідэяй была ідэя ўкраінскай нацыі. Трызуб на сцягу «Азова» – гэта сімвал ідэі нацыі. Там літары «І» і «N». І нейкія паралелі з іншымі сімваламі праводзіліся, толькі каб дыскрэдытаваць полк.
– Апроч вас, былыя азоўцы служаць у беларускім палку Каліноўскага?
– Так. Той жа Лёша, пазыўны Псіхолаг, які страціў нагу пад Бучай. Ёсць яшчэ некалькі байцоў, якія служылі там. Пазыўных не буду называць. Яны сярод нас.
– Калі батальён Каліноўскага перарастае ў полк, значыцца, яго асабовы склад павялічваецца? Калі полк – то ўжо пад 1000 чалавек, так?
– Ну, мы толькі пераходзім да фармавання палка. А фармаванне можа пачынацца ад 400 чалавек. Плюс людзі, якія цяпер у рэзерве, – вучэбная рота і г. д. Таму афіцыйна мы маглі гэта зрабіць і зрабілі гэта – пачалі фармаваць полк імя Кастуся Каліноўскага.
Навабранцаў не бракуе. Ёсць пастаянны прыток, і ён стабільны. І гэта выключна беларусы. Асноўнае патрабаванне той структуры, якая дазволіла нам аформіць кантракты, – каб не стваралі нейкага інтэрнацыянальнага легіёну. Навабранцы праходзяць курс маладога байца (мінімум два тыдні). Потым іх пераводзяць у баявыя роты, якія пры неабходнасці могуць быць выкарыстаныя на фронце.
І цяпер частка нашых людзей на фронце на ўсходзе Украіны ў складзе баявых ротаў.
– Калі будзе полк, то якім будзе сцяг палка?
– Маем афіцыйны шаўрон батальёну імя Каліноўскага. Напэўна, мы яго трохі зменім. Але бел-чырвона-белы сцяг абавязкова застанецца, ён там будзе. З сімволікай палка, з Пагоняй.
Зміцер Міраш belsat.eu