Сяргею Ціханоўскаму выставілі новае абвінавачванне


Палітвязню Сяргею Ціханоўскаму выстаўленае новае абвінавачванне ў «здзяйсненні злачынства супраць правасуддзя», паведаміў Следчы камітэт. 

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Сяргею Ціханоўскаму выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 411 («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства») Крымінальнага кодэксу.

«Следчыя ўстанавілі, што асуджаны, пры адбыцці пакарання ў папраўчай установе «Турма № 8» у горадзе Жодзіне, у жніўні – лістападзе мінулага года неаднаразова дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі ўстановы», – паведамляе прэс-служба СК.

Паводле версіі абвінавачвання, Сяргей Ціханоўскі «парушаў парадак адбыцця пакарання, не рэагаваў на законныя патрабаванні працаўнікоў адміністрацыі, грубіў ім, правакаваў сукамернікаў на канфлікты». За парушэнні правілаў унутранага распарадку яму неаднаразова прызначалі спагнанні.

Таксама Ціханоўскі стаіць на прафілактычным уліку як «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструкцыйнай дзейнасці».

У СК дадалі, што ў межах крымінальнай справы дапытаныя абвінавачваны і сведкі, вывучаныя і далучаныя копіі пастановаў аб вынясенні спагнанняў, копіі актаў канфіскацыі забароненых прадметаў.

Нагадаем, блогера і ахвочага стаць кандыдатам на прэзідэнта ў выбарах 2020 года Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў канцы траўня 2020 года. 14 снежня 2021 года ў СІЗА № 3 Гомля ён быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў