Былы палітвязень Ілля Міронаў: Азаронак, будзеш сядзець без лістоў – і тады зразумееш


Ілля Міронаў адседзеў 389 дзён у гомельскім СІЗА і 58 – у ІЧУ. Ён прызнаецца, што два месяцы ў ІЧУ даліся цяжэй, чым год з лішнім – у следчым ізалятары. Напісаў больш за 3000 лістоў да палітвязняў і думае пісаць да турэмнікаў. Але не да Рыгора Азаронка, які пасля ўсяго «сам будзе сядзець без перапіскі». Пра тое, які сон пабачыў у Вільні пасля таго, як выехаў з Беларусі, і чаму не лічыць сябе героем, былы палітвязень Ілля Міронаў распавядае «Белсату».

Ілля Міронаў.
Фота: Ілля Міронаў / Facebook

«У першую ж ноч у Вільні пабачыў сон. Хоць і не ноч ужо была – каля 5-й раніцы. І прыснілася мне чамусьці зіма ў Беларусі. І што будуем мы – вельмі шмат людзей – сцены са снегу для абароны ад акупантаў. Так, насамрэч. Заліваем такія сцены, снежныя муры. І ўсё гэта вельмі хутка, бо ўжо нехта наступае. А ў нас сняжкі, і мы кідаем па іх сняжкамі… Тут прачынаюся».

Сны вяртаюцца

«Прачнуўся ад таго, што торгаюся. І руку скурчыла. Ну нейкі як цік такі, можа, таму, што цэлы дзень у аўтобусе правёў. Ад каго бараніліся? Не ведаю, ад тых сілаў, якія супраць грамадзянскай супольнасці. Таму што ў маім сне шмат людзей было, якіх я бачыў у апошнія два-тры гады. Перад тым, як пайсці да ложка, мы шмат размаўлялі пра Украіну. І вось такі сон прысніўся…

Ведаеш што, у Беларусі турма мне снілася толькі да таго часу, пакуль сам туды не трапіў. А пасля вызвалення ўжо зусім не снілася. Рэчаіснасць усё перакрыла. А да СІЗА я пастаянна ўцякаў ад супрацоўнікаў міліцыі ў снах. Калі не ўцякаў – прачынаўся. А як выйшаў на свабоду ўжо з турмы – дык са сном зусім кепска было. І вось цяпер, у Вільні, прыснілася…»

Электрашокер, аўчаркі і Ясенін у Гомельскім СІЗА

«Мяне тройчы кідалі ў карцар. Агулам правёў там 17 сутак. Першы раз кінулі на трое сутак за тое, што не адабраў кубікі для гульні, калі дзяжурыў па хаце. Потым былі 10 сутак за тое, што адмовіўся пераходзіць у іншую камеру. Адразу прыбеглі ахоўнікі і пацягнулі. А калі потым пераводзілі, то далі мне нейкае парванае адзенне, без гузікаў, без рэменя, без усяго. На тыльным баку кашулі было напісана «карцар».

А я быў у тэрмабялізне і адмовіўся пераадзявацца. Дык яны заламалі мне рукі і ўжылі электрашокер. Адчуў, што гэта такое. Кажу, не, давайце ўсё ж адзену, бо штосьці з вамі не так.

Яшчэ, ведаеш, што згадваецца? У маю хату чалавека прывялі, затрыманага таксама ў Мазыры, ён мяне пазнаў, хоць я яго не памятаў. І ён падарыў мне кніжку вершаў Сяргея Ясеніна. Падпісаў мне яе: «Проста чалавек». І я потым гэтыя вершы ўслых у камеры чытаў. Кніга тая ў Гомлі засталася.

Электрашокер і Ясенін, гэта запомнілася. Яшчэ калі на праверку выводзілі на прадол, маглі па нагах біць, калі ты на расцяжцы стаіш, хоць невядома, як можна было яшчэ шырэйшую расцяжку рабіць. Я потым чытаў сведчанні катаванняў на Валадарцы, у Жодзіне ці ў віцебскім СІЗА. У Віцебску, кажуць, жах. Так, чуў пра аўчарак. У Гомлі без аўчарак абыходзілася. Хаця…

Гісторыі
Крыкі дзяцей з дынамікаў, дыханне аўчарак за спінай. Новыя сведчанні катаванняў у беларускіх турмах
2023.05.13 12:26

Быў са мной адзін выпадак. Сярод ночы адзін мужык, які спаў каля санвузла, падняўся і ўдарыў мяне. Яму падалося, што я ўставаў і яго разбудзіў. Падышоў да мяне – і ўдарыў. І вось тады ў хату ўварваўся опер з аўчаркай, пабачыў па відэакамеры. Тады і мне, і гэтаму мужыку карцар далі. Мне 7 сутак, па-мойму. Аўчаркі таксама былі, калі на шпацыр выводзілі, але каб яны бегалі каля нас – такога не было…»

Карцар – найгоршае месца ва ўсёй сістэме

«Не тое, што страшнае. Як табе сказаць, там усё заканапачанае – і няма паветра. А сам ён вельмі маленькі па плошчы. І вада там не ідзе. А калі папросіш, напрыклад, змыць за сабой ці проста папіць, трэба доўга ў дзверы грукацца. І калі супрацоўнік уключае ваду, то яна так льецца, што залівае ўсю камеру. Потым выпарэнні ўвесь час стаяць у камеры. І сядзець без якой-небудзь дзейнасці ў гэтай прасторы цяжкавата.

Маленькі столік яшчэ там, такі маленькі, што дзве рукі на ім не змяшчаюцца. Пянёк, карацей. І не пасядзіш на ім – зад пачынае балець. Цяжка. Словам, магу сказаць, што карцар, на маю думку, найгоршае месца ва ўсёй той сістэме. Але каб я неяк спужаўся яго – дык не. Ну карцар і карцар. Зроблены так, каб не хацелася туды паўторна трапляць».

На адным паверсе з Ціханоўскім

«Я правёў у СІЗА 389 дзён. Яны падлічылі, што з пералікам «адзін дзень за паўтара» – гэта паўтара года, якія мне прысудзілі. Але, па маіх падліках, атрымліваецца, што я больш адседзеў. Таму, мяркую, яны вінныя мне яшчэ нейкую суму грошай у якасці кампенсацыі выплаціць.

Ілля Міронаў у Вільні з нацыянальнымі сцягамі Беларусі і Украіны.
Фота: Ілля Міронаў / Facebook

За той тэрмін чалавек 15 «палітычных» праз мяне прайшло. І, дарэчы, я сядзеў нейкі час на першым паверсе ў камеры № 9, а ў першай камеры – адзіночцы – утрымлівалі Сяргея Ціханоўскага. За сценкай жа маёй хаты сядзеў яшчэ адзін чалавек, прозвішча якога не буду называць, каб не нашкодзіць. Мы перастукваліся з ім. Грукаў мне, калі мая мама перадавала яму харчы. Ён мне паведаміў, што органы хацелі прывязаць маю справу да справы «Вясны». Але ў выніку ніякіх прычэпак не знайшлі.

З Ціханоўскім пабачыцца не ўдалося, бо рабілася ўсё, каб мы, тыя, хто знаходзіцца пад следствам, нідзе не перасякаліся. Хіба ў медсанчастцы можна было сустрэцца, калі на ўколы вадзілі. І я там некалькі чалавек з Гомля бачыў, кіўнуў галавой. Але з Ціханоўскім увогуле не бачыліся».

ІЧУ можна прыраўняць да карцара ў СІЗА

«Колькі яшчэ адбыў па адміністрацыйцы пасля выхаду з СІЗА? 58 сутак. І я скажу, што ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) нашмат горш. Яно нават параўноўваць не хочацца. Па ўсіх параметрах ІЧУ магу параўнаць хіба што з карцарам у СІЗА. Яны аднаго поля ягады, аднаго ўзроўню. Нават так скажу: тыя 58 сутак, якія я правёў у ІЧУ, даліся мне цяжэй, чым год з лішнім, які адбыў у СІЗА па крымінальнай справе.

Бо ў СІЗА ў нас было, у прынцыпе, усё: і кніжкі давалі чытаць, і газеты былі нейкія, і святло ўначы гасілі, начнік быў, і перадачы перадавалі – і садавіну, і мяса, і астатняе. А на ІЧУ – ні перадач, ні кніжак, ні прагулак, ні начніка. Апошнім часам і ў душ не вадзілі. Камеры перапоўненыя ўсюды, калі, прыкладам, двохмясцовая, з дзвюма шконкамі, дык пяць чалавек у ёй. Спаць даводзілася і на падлозе, і на стале – дзе давядзецца. «Вату», то бок, матрацы з коўдрай і падушкай, зусім не выдавалі. Калі ў сакавіку адключылі ацяпленне, быў поўны дубак. У траўні таксама мерзлі».

Пісаць лісты турэмнікам?

«Кажаш, што вертухаі хваляцца тым, што раскладаюць з нашых лістоў салідарнасці вогнішчы? Гэта на іхным сумленні, і гэтым яны груба парушаюць закон, ды яшчэ самі ў гэтым прызнаюцца. Усё роўна трэба пісаць! Сэнс у гэтым ёсць.

Гэта, па-першае, гуртуе супольнасць людзей, якія пішуць лісты з розных краінаў. Па-другое, цэнзар ці опер, нават калі яны знішчаюць нашыя лісты, бачаць, колькі іх, і бачаць, што людзі з усяго свету падтрымліваюць палітзняволеных, памятаюць пра іх. І гэты націск лістоў салідарнасці – я заўсёды пра гэта казаў, і да таго як сеў, і пасля – можа паўплываць на сітуацыю і змяніць яе. Зрабіць хаця б так, што людзі зноў, як мінімум, пачнуць атрымліваць іх. Буду працягваць сваю справу і ў Вільні. Будзем пісаць і адсюль.

Рэпартаж
«Маем разуменне, што трэба рабіць». Былыя палітвязні заявілі пра стварэнне ўласнай арганізацыі за мяжой
2023.06.12 16:51

Пісаць турэмнікам? А што, добрая ідэя. Пісаць ім, каб дагрукацца да іх сумлення. Выдатная думка. Бо ў кожнага чалавека, нават самага прапалага, дзесьці на глыбіні ёсць крыху сумлення, таму што мы ўсе былі дзецьмі, у кожнага з нас былі мамы, таты і бабулі, якія вучылі нас не рабіць паскудстваў і рабіць дабро. І можа гэтыя людзі, якія знаходзяцца па той бок плоту, атрымаўшы ліст, падумаюць…

Толькі ім трэба пісаць неабразлівыя лісты, каб не сталі больш злымі. Нармальныя лісты пісаць да іх. Чаму б і не? Паспрабаваць. Можа, пасля гэтага, яны дазволяць перадаваць нашыя лісты салідарнасці адрасатам».

«Азаронку добры ліст не напісаў бы»

«Ну, я да яго ўжо ў госці напрасіўся троху…І вось гэта той чалавек, якому б я добры ліст не стаў бы пісаць. Грыша Азаронак – гэта ўжо ўсё, прапаў. Ягоны бацька, які казаў гідасці пра беларусаў, калі яшчэ сам Грыша пад стол поўзаў, выгадаваў яго такім, які ён ёсць. А пасля ён стаўся, па-мойму, яшчэ горш.

Таму я скажу: Азаронак, я, на жаль, не давёў сваю справу да канца, але ж атрымаў адказ з пракуратуры, што яны разглядаюць справу ў распальванні табой варожасці. Адпіска будзе ці не – немаведама, але сам факт, што ты парушыў дзейнае заканадаўства, ужо зафіксаваны.

Таму рана ці позна на лаўцы падсудных апынешся ты. І доўгі час перабывання без перапіскі табе гарантаваны. Будзеш сядзець без лістоў – і тады зразумееш, хоць зараз ужо мусіў бы зразумець. Усё.

Гэта не пагроза: проста як ты ставішся да людзей – так і людзі будуць ставіцца да цябе. Кропка».

«У Менску не пабачыў ніводнага супрацоўніка ў форме»

«Так, я перад ад’ездам правёў 4 ці 5 дзён у Менску. Ты кажаш, што людзі называюць ужо Беларусь Паўночнай Карэяй. А я табе скажу, што Паўночная Карэя паказвае на нас пальцам і кажа: вы ж не хочаце, каб было так, як у Беларусі? Не – у «Белоруссии». Таму што Беларусь цяпер тут – у Літве і Польшчы, а я зʼехаў з «Белоруссии». І што самае цікавае, за той час, які я знаходзіўся ў Менску, я там не пабачыў на вуліцы ніводнага прадстаўніка органаў у форме. Напэўна, яны ходзяць зараз толькі ў цывільным і хаваюцца…

Ілля Міронаў у Вільні.
Фота: Ілля Міронаў / Facebook

Звычайныя людзі? Пра палітычную частку жыцця яны не размаўляюць наагул, нават не думаюць пра яе, таму што асцерагаюцца за сваё жыццё. А вось пра ваенныя дзеянні ва Украіне гавораць, і гавораць у негатыўным тоне. У сэнсе, людзі супраць вайны. І баяцца, што Расея прыйдзе і да на нас. Хоць чаго тут баяцца, калі Расея ўжо ў нас. А ўвогуле, 70 % людзей жывуць так сама, як жылі 100 ці 200 гадоў таму. І палітыка іх нібыта не цікавіць. І, у прынцыпе, калі заўтра будзе прыняты закон аб вяртанні Пагоні і БЧБ-сцяга, яны ў той жа дзень павесяць гэтыя сімвалы ў сябе ўдома і праз якісь час пачнуць размаўляць па-беларуску. Я так думаю.

І яшчэ назіранне на гэты конт. Калі Расея напала на Украіну, раптам людзі, якія ніколі не гаварылі па-беларуску, пачалі размаўляць на мове. Гэта не выдумка. Я чуў і бачыў. І быў здзіўлены. Мы ў Беларусі, і гэта нашая мова, кажуць яны…»

«Я не лічу сябе героем»

«Не, я не лічу сябе героем, не адчуваю сябе героем. Вельмі здзівіўся, што Андрэй Курэйчык назваў мяне так. Я не лічу сябе лепшым ці найлепшым і ні ў якім разе не лічу, што мае меркаванні больш слушныя за іншыя погляды. Проста я не баюся выказваць сваё меркаванне, а ўжо справа людзей, як да яго ставіцца. Калі хтосьці іншы ставіць мяне ў прыклад, я ўсцешаны. А калі хто пачынае крытыкаваць – прыслухоўваюся, бо, магчыма, дзесьці не маю рацыі.

Але гэта не тычыцца Азаронка і «Жоўтых сліваў», бо адтуль – не крытыка, а проста абразы і знявагі».

Лозунг «Яднайся!» актуальны

«Вельмі актуальны. На жаль, не паспеў прыехаць на мерапрыемства з назвай «Яднайся» ў Варшаву. Цікава, я заўжды казаў, што першы лозунг, за які я сядзеў, быў «Сваіх не кідаем». Гэта пра тое, што салідарнасць – галоўная наша зброя. Яднайся – і тады мы пераможам. Там, у Варшаве, выступіла не адна сіла, як я разумею, там выступілі прадстаўнікі розных рухаў і партыяў. І гэтая спроба абʼяднацца не можа не цешыць.

Калі мы выпрацуем агульную праграму і пачнём дзеяць у адным рэчышчы, не будзем паддавацца ўласным амбіцыям ды эмоцыям, не будзем паддавацца на правакацыі тых, хто працуе на рэжым ці па дурасці кажа тое, што нас разʼядноўвае, – тады толькі пераможам.

Калі камуністы, сацыялісты, анархісты і гэтак далей абʼяднаюцца і стануць адным кулаком. Гэта галоўнае.

А што пра сны? А, так. І тады нам перастануць сніцца ў Вільні ці Варшаве зімовыя сны аб Беларусі, у якіх мы будуем абарончыя сцены. Бо калі абʼяднаемся і пераможам – у Беларусь прыйдзе сапраўдная вясна. Чаго ўсім зычу ад усяго сэрца. А найперш – найхутчэйшага вызвалення з турмаў нашых родных і блізкіх. Усё будзе добра!»

Ілля Міронаў – валанцёр, музыка, арганізатар канцэртаў з Гомля. Аўтар славутай ініцыятывы «Пішыце лісты», у межах кампаніі сам напісаў больш за 3000 лістоў палітвязням. Быў затрыманы ў верасні 2021 года і асуджаны на паўтара года калоніі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК). Вызвалены ў зале суду ў кастрычніку 2022 года, бо цалкам адбыў прызначаны тэрмін у СІЗА Гомля. Па вызваленні 5 разоў затрымліваўся. Паводле адміністрацыйных справаў (арт. 19.11 КаАП) правёў за кратамі 58 сутак. 11 чэрвеня 2023 года быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў