Актывіст Ілля Міронаў, які напісаў 3000 лістоў палітвязням, з'ехаў з Беларусі


Гомельскі актывіст Ілля Міронаў, які напісаў больш за 3000 лістоў палітзняволеным, 11 чэрвеня пакінуў Беларусь і цяпер ён у Вільні. Пра гэта былы палітвязень паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. За апошнія паўгода яго арыштоўвалі пяць разоў, якія ён правёў у мясцовым ІЧУ, – амаль кожны месяц.

Ілля Міронаў.
Фота: Илья Миронов/Facebook

«Мае дарагія сябры, добры вечар! Можаце мяне павіншаваць, я паспяхова эвакуяваўся ў бяспечнае месца, за што вялізная падзяка Беларускай Радзе культуры за дапамогу! Усім вам дзякуй за словы падтрымкі! Моцна цісну вашыя рукі», – напісаў актывіст.

Пазней Ілля распавёў пра прычыны сваёй эвакуацыі:

«7 чэрвеня паехаў у Менск, плануючы на пару гадзінаў, не плануючы ў бліжэйшыя дні выезду (хаця да канца чэрвеня было ў планах выехаць у бяспеку, у першую чаргу дзеля вашай бяспекі, мае сябры). У гэты дзень я даведаўся, што інфармацыйны партал «Штодзень» быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, а я за апошнія паўгода даў шмат інтэрв’ю, так што было прынятае рашэнне (на хаду) перамясціцца ў бяспечнае месца. Віза ў мяне была загадзя зробленая, яшчэ ў канцы лютага гэтага года. Квіткоў на аўтобус не было да 12 чэрвеня, а іншых магчымасцяў не было, асабліва цяпер (таму было прынятае рашэнне ехаць праз Астравец на дзень раней). З самай раніцы да вечара я быў у гэтым цудоўным мястэчку, а потым бусам выехаў у Літву».

Актывіст і валанцёр з Гомля Ілля Міронаў вядомы актыўным падтрыманнем палітычных вязняў. Ён напісаў больш за тры тысячы лістоў да іх, а ягоная ініцыятыва «Пішыце лісты» была ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу ў Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Кампанія/ініцыятыва года – 2021».

Ілля Міронаў.
Фота: viasna96 / Telegram

Ён пісаў скаргі на прапагандыстаў Андрэя Мукавозчыка і Грыгорыя Азаронка. Таксама Ілля патрабаваў ад Міністэрства інфармацыі вынесці папярэджанне набліжанаму да сілавікоў і прапагандыстаў Telegram-каналу «Жёлтые сливы» за распальванне нянавісці ў грамадстве. Але Міністэрства інфармацыі ніякіх парушэнняў не пабачыла.

Нагадаем, што 24 кастрычніка 2022 года Іллю асудзілі паводле «справы Зельцара», распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. Спачатку Іллю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК («Распальванне варажнечы»), але падчас следства абвінавачанне замянілі на арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Іллю прызналі вінаватым і прызначылі яму 1,5 года зняволення, а таксама 200 базавых велічыняў штрафу. Праз тое, што валанцёра больш як год трымалі за кратамі, яго вызвалілі ў зале суда.

Артыкулы
«Апроч як працягваць рабіць тое, што раблю, варыянтаў у мяне няма». Размаўляем з валанцёрам Іллём Міронавым, які выйшаў з чарговых содняў
2021.09.16 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў