СК перанакіраваў у МУС заяву гомельскага актывіста на прапагандыста Грыгорыя Азаронка


Цэнтральны апарат Следчага камітэту перанакіраваў у міністэрства ўнутраных справаў заяву на прапагандыста Грыгорыя Азаронка. Пра гэта сведчыць папера з СК, якую атрымаў аўтар скаргі, гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Ён мяркуе, што Азаронка трэба прыцягнуць да адказнасці за распальванне варожасці. Фота дакументу апублікавала выданне «Гомель штодзень».

Адказ Следчага камітэту Іллю Міронаву на заяву на прапагандыста Грыгорыя Азаронка.
Фота: «Гомель штодзень» / homeldays.org

Ілля Міронаў у студзені напісаў заяву ў Следчы камітэт на Грыгорыя Азаронка. Актывіст папрасіў завесці на прапагандыста крымінальную справу, сцвярджаючы, што той распальвае сацыяльную варожасць. Нагодаю стаўся артыкул і відэаролік на сайце СТВ, дзе Азаронак разважае пра вяртанне беларусаў з эміграцыі.

Міронаў атрымаў дакумент са Следчага камітэту пра тое, што ягоную заяву накіравалі ў МУС «для арганізацыі разгляду ў адпаведнасці з кампетэнцыяй».

Раней Ілля Міронаў скардзіўся ў Міністэрства інфармацыі на Telegram-канал «Жёлтые сливы». Ведамства адказала, што гэта не ў іхнай кампетэнцыі, бо канал не зарэгістраваны ў якасці сеткавага выдання, а таму не ёсць СМІ. Валанцёру параілі або звяртацца ў суд, або самастойна запатрабаваць у аўтараў «Жёлтых слив» абвяржэння паклёпу.

Міронаў – колішні палітвязень. Яго затрымлівалі паводле «справы Зельцара», судзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». У леташнім кастрычніку валанцёру прызначылі 1,5 года калоніі і буйны штраф і вызвалілі, бо тэрмін ён адбыў пад следствам. Пасля гэтага Міронава некалькі разоў арыштоўвалі.

Hавiны
Мінінфарм даслаў адказ гомельскаму актывісту, які паскардзіўся на тэлеграм-канал «Жёлтые сливы»
2023.02.21 11:09

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў