Ціханоўская запланавала сустрэчу з «каліноўцамі». І расказала, чаму не можа ехаць ва Украіну


Аб’яднаны пераходны кабінет даў 14 лютага прэс-канферэнцыю на тэму вынікаў працы за паўгода існавання. Адно з пытанняў тычылася супрацы Кабінету з палком Каліноўскага, які ваюе ў складзе Збройных сілаў Украіны і збіраецца стварыць палітычную структуру з удзелам палітыка Зянона Пазняка.

Hавiны
Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі
2023.02.14 19:35

Ціханоўская плануе сустрэчу з палком Каліноўскага

Святлана Ціханоўская расказала, што Кабінет трымае пастаянную сувязь з палком Каліноўскага, «кантакт ёсць».

«Я з задавальненнем сустрэнуся з прадстаўнікамі [палка. – belsat.eu] Кастуся Каліноўскага, – заявіла Ціханоўская. – Мне здаецца, такая сустрэча запланаваная на найбліжэйшы час. На жаль, на тэрыторыі Украіны гэта пакуль немагчыма, таму што ў сілу абставінаў я не магу туды ўехаць. Але я буду вельмі радая паразмаўляць. Гэта будзе першая такая сустрэча з кіраўнікамі палка Каліноўскага, калі яна адбудзецца».

Ціханоўскую пакуль не прымаюць ва Украіне, хоць яна гатовая туды паехаць, у тым ліку сустрэцца там з беларускімі ваярамі і прадстаўнікамі палка Каліноўскага. Без афіцыйнага запрашэння яна не можа ўехаць: у адрозненне ад Зянона Пазняка, які ездзіў у Бахмут і якому запрашэнне не патрэбнае, яна мае статус афіцыйнага госця Літвы. Каб літоўскі бок мог арганізаваць візіт чалавека з такім статусам, патрэбная камунікацыя на ўзроўні міністэрстваў замежных справаў. Нават у кулуарных размовах, расказала яна, некарэктна пытаць Украіну, чаму няма запрашэння.

«Мы з разуменнем ставімся да гэтага рашэння, – сказала Ціханоўская пра адсутнасць запрашэння ва Украіну. – Мы разумеем, што ўкраінскі бок цяпер, напэўна, крыху асцярожнічае ў сілу таго, што ў іх ідзе вайна. І адкрыццё другога фронту – гэта вельмі крытычна ў выпадку Украіны. Таму я магу гэта патлумачыць толькі асцярожнай пазіцыяй».

Рэпартаж
Каго будзе рэпрэзентаваць Рада бяспекі «каліноўцаў» і Пазняка, каго яшчэ ў яе возьмуць?
2023.02.07 21:11

Чаму Ціханоўскую не прымаюць ва Украіне на найвышэйшым узроўні

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк днём раней заявіў, што ніхто з прадстаўнікоў Украіны не сустракаўся з Ціханоўскай, бо ва Украіне не бачаць «выразнай антываеннай актыўнасці з боку апазіцыі» і не разумеюць, чым можа быць карысная сустрэча з Ціханоўскай, а таксама, што беларускай апазіцыі «трэба вызначыцца, хто ў іх напраўду можа ўплываць на беларускае грамадства».

«Мы, беларусы, будзем падтрымліваць украінскі народ у іхнай барацьбе, нашай агульнай барацьбе супраць расейскай агрэсіі, незалежна ад таго, як будзе выбудоўвацца наш палітычны дыялог, – адказала на гэта Ціханоўская. – Я ўпэўненая, што разам мы маглі б зрабіць значна больш, і я ўпэўненая, што да гэтага мы абавязкова прыйдзем».

Пэўную працу ў Кіеве Кабінет вядзе, дадала яна. Былі сустрэчы з прадстаўнікамі Вярхоўнай рады Украіны, Адміністрацыяй прэзідэнта, шмат якія з іх былі непублічнымі.

Hавiны
Што калі беларускае войска выправяць ва Украіну? Спыталі Аб’яднаны пераходны кабінет
2023.02.14 15:21

Прадстаўнік Кабінету ў міжнародных справах Валерый Кавалеўскі расказаў, што з сакавіка прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі наведвалі Украіну і для працы з афіцыйнымі органамі, і для сустрэчаў з дыяспарамі, і для выбудоўвання адносінаў з беларускімі добраахвотнікамі. Сустракаліся ў тым ліку з Міхайлам Падаляком.

«Вядома, мы не можам сказаць, што мы задаволеныя тым узроўнем адносінаў, які ў нас на сённяшні дзень ёсць у палітычнай сферы, – сказаў Кавалеўскі пра стасункі з Украінай. – Мы таксама разумеем і логіку, якой кіруюцца партнёры. Мы бачым, у якіх складаных умовах ім даводзіцца пераадольваць гэтую навалу, гэтую смяротную пагрозу для Украіны».

Першым прыярытэтам у такіх умовах Кавалеўскі назваў падтрыманне Украіны, а палітычны дыялог будзе ісці за гэтым – намаганняў ён абяцаў не спыняць. Ёсць напрацоўкі ў пытаннях міграцыі і размарожвання банкаўскіх рахункаў беларусаў ва Украіне, ёсць добрыя кантакты з украінскімі дыпламатамі за межамі Украіны.

«Такія заявы прадстаўнікоў адміністрацыі і адсутнасць кантактаў на высокім палітычным узроўні дэматывуюць беларусаў у першую чаргу, – дадала Ціханоўская. – Мы бачым нейкія спрэчкі ў сацсетках паміж беларусамі і ўкраінцамі. Вельмі шкада, што да такой кропкі даведзеная сітуацыя, бо мы разумеем, што наш лёс, лёс нашых краінаў узаемазвязаны. І вядома, нам хацелася б больш працаваць разам».

Прадстаўнік Кабінету ў справе аднаўлення правапарадку Аляксандр Азараў заўважыў, што ўкраінцы мала ведаюць і не цікавяцца, чым займаюцца беларускія дэмакратычныя сілы за мяжой і што робяць у сувязі з вайной ва Украіне. Ён згадаў, як на сустрэчы з украінскімі экспертамі каля двух тыдняў таму выявілася, што ўкраінскія эксперты не ведалі нават таго, што «рэйкавую вайну» распачалі «BYPOL» і ўдзельнікі плану «Перамога».

Разбор
Украінскія ўлады называюць пазіцыю Ціханоўскай незразумелаю. Што яна насамрэч казала пра вайну, Крым і Пуціна
2022.10.17 19:34

Фота вокладкі: Белсат

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў