Што вядома пра відэа адразання галавы палоннаму ўкраінцу – і як гэта каментуюць розныя краіны


Вечарам 11 красавіка ў сацсетках сталі распаўсюджваць відэа, на якім, як мяркуецца, расейскія вайскоўцы ці баевікі адразаюць галаву ўкраінскаму палоннаму. Такое асудзіў нават Крэмль, хоць з заўвагай пра магчымыя «фэйкі». Расказваем, што вядома і як на гэта рэагуюць.

⚠️ Увага! Мы не публікуем відэа, але апісваем тое, што на ім адбываецца. Ды нават тэкставыя апісанні – не для ўразлівых людзей.

Што вядома

  • Відэа вельмі жорсткае нават па мерках вайны ва Украіне. Шматлікія ўкраінскія Telegram-каналы, якія звычайна публікуюць кадры баявых дзеянняў, у тым ліку жорсткія, не сталі публікаваць гэтае відэа цалкам. Тых нешматлікіх, хто ўсё ж апублікаваў нецэнзураванае відэа, крытыкуюць іншыя. Ды асобныя каналы скарысталіся ўвагай да гэтага відэа ў рэкламных мэтах.
  • Несумнеўна, што на кадрах сапраўднае забойства: відэа знятае так, што на ім немагчыма было б падмяніць актора на манекен. Ахвяра ў пачатку відэа супраціўляецца і крычыць, працэс адразання галавы невялікім нажом паказаны ад пачатку да канца і з блізкай дыстанцыі.
  • З відэа незразумела, дзе і калі яно было знятае, хто і каго забівае. Са стану лістоты і травы вынікае, што дзеянне адбываецца летам. Людзі на відэа размаўляюць па-расейску без прыкметных акцэнтаў. Твараў забойцаў не відаць пад маскамі.
Камізэлька забітага. Кадр з відэа забойства, як мяркуецца, украінскага палоннага расейскімі салдатамі ці баевікамі. 11 красавіка 2023 года. Скрыншот: расейскія праваенныя Telegram-каналы
Забойца. Кадр з відэа забойства, як мяркуецца, украінскага палоннага расейскімі салдатамі ці баевікамі. 11 красавіка 2023 года. Скрыншот: расейскія праваенныя Telegram-каналы
  • Ахвяра мае на плячы жоўтую павязку – такую ўкраінскія вайскоўцы насілі ў пачатку поўнамаштабнай вайны (пазней замест жоўтых сталі насіць зялёныя, ды жоўтыя яшчэ доўгі час сустракаліся на відэа з фронту). Забойцы ж маюць белыя павязкі, уласцівыя расейскім вайскоўцам. Таксама дэманструюць бронекамізэльку ахвяры з нашыўкай у выглядзе гербу Украіны. Адзін з забойцаў звяртаецца да кагосьці па імені Валера.
  • Забойцы, імаверна, робяць такое не першы раз. Адзін камандуе: «Ломай позвоночник», «Че, никогда бóшку не резал?», «До конца, ***!», «Голову покажи на видео», «В мешок её, ***, и отправить надо командиру». Ён жа ўжывае фразу «Работаем, братья», якую любяць як расейскія прыхільнікі вайны, так і беларускія сілавікі.
  • Першакрыніца відэа невядомая, але выданне «Медуза» звяртае ўвагу на тое, што адным з першых відэа апублікаваў (і пахваліў) расейскі блогер Уладзіслаў Пазднякоў – колішні лідар ультраправай (і забароненай у Расеі) супольнасці «Мужское государство». Сам ён сцвярджае, што не з’яўляецца першакрыніцай відэа, ды і яно было загружанае ў Telegram за некалькі гадзінаў да публікацыі Паздняковым.

Не першы такі выпадак – і наўрад ці апошні

Відэа з адразаннем галавы палоннаму яшчэ ў 2017 годзе здымалі баевікі «групы Вагнэра» ў Сірыі (ахвяру і забойцаў ідэнтыфікавалі). Супольнасць расследавальнікаў «InformNapalm» расказвае, што пра адразанне галоваў чула ад перасяленцаў з акупаваных тэрыторыяў Данбасу яшчэ ў 2014-м.

За некалькі дзён да таго, 8 красавіка расейскі праваенны канал, які не публікаваў гэтае відэа, паказаў кадры, на якіх, як сцвярджаецца, расейскія вайскоўцы ці баевікі пад Бахмутам ходзяць вакол падарванай бронемашыны ўкраінскіх вайскоўцаў і з радасцю адзначаюць, што хтосьці адрэзаў галовы і рукі ўкраінскім вайскоўцам. 10 красавіка іншы расейскі праваенны канал пахваліўся здымкам адрэзанай галавы, як сцвярджаецца, байца ЗСУ ў Бахмуце. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) пісаў з гэтай нагоды: «Сілы Вагнэра, як паведамляецца, працягваюць чыніць ваенныя злачынствы, адсякаючы галовы ўкраінскім вайскоўцам у Бахмуце».

«InformNapalm» выказвае здагадку, што такія відэа, як апублікаванае 11 красавіка, трапляюць у сеціва, калі саўдзельнік забойства дэзертаваў або калі камандзір забойцаў загінуў.

Баевікі расейскай «ДШРГ Русич» (незаконнага нават паводле расейскіх законаў узброенага фармавання неанацыстаў) са смайлікам-усмешкай напісалі: «Вы здзівіцеся, колькі такіх відэа будзе паступова ўсплываць».

Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека ва Украіне заявіла, што такія забойствы – не адзінкавыя выпадкі.

«У апошніх справаздачах Місія задакументавала шэраг сур’ёзных парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права, у тым ліку ў дачыненні да ваеннапалонных, – паведаміла місія ААН. – Гэтыя апошнія парушэнні, як і іншыя, павінны быць належным чынам расследаваны, а вінаватыя прыцягнуты да адказнасці».

Офіс Генпракурора Украіны таксама расказаў пра сустрэчу з прадстаўнікамі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і ўкраінскімі праваабаронцамі – тыя з пачатку поўнамаштабнай вайны правялі аналіз шэрагу доказаў «учынення генацыду, прапаганды генацыду і разнастайных ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў».

Аналітыка
Дваіх беларусаў з ПВК Вагнэра падазраюць у ваенных злачынствах на Кіеўшчыне. Хто яны?
2022.05.25 14:48

Як гэта каментуюць ва Украіне

Афіцыйныя каментары з украінскага боку пачалі з’яўляцца ранкам 12 красавіка, але яшчэ вечарам 11-га кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак напісаў без тлумачэнняў: «За ўсё будзе адказ і адказнасць».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў ранішнім звароце казаў, што відэа забойства ўкраінскага палоннага свет павінен бачыць – і нельга ігнараваць тое, «як лёгка гэтыя звяры забіваюць». Расея, кажа ён, «намагаецца зрабіць гэта новай нормай».

«Мы не збіраемся нічога забываць і дараваць забойцам. Законная адказнасць будзе за ўсё. Патрэбная параза тэрору», – казаў Зяленскі.

Служба бяспекі Украіны распачала дасудовае расследаванне паводле артыкулу «Парушэнне законаў і звычаяў вайны». Кіраўнік СБУ Васыль Малюк паабяцаў, што забойцаў «дастануць усюды, дзе б яны не былі: з-пад зямлі ці з таго свету». Пракуратура Украіны таксама паведаміла пра крымінальнае вядзенне з прычыны відэа.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў у тэлемарафоне заявіў, што такія відэа – мэтанакіраваная палітыка Расеі, а мэтай публікацыі такіх відэа ёсць дэмаралізацыя і паніка абаронцаў Украіны, а таксама застрашванне сваіх жа байцоў: «Маўляў, не думайце здавацца, бо ва ўкраінскім палоне з вамі будуць рабіць тое, што мы робім з украінскімі палоннымі». Ды ён запэўніў, што ўкраінскія байцы не робяць такога з палоннымі, а Украіна прытрымліваецца Жэнеўскай канвенцыі.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба назваў Расея горшая за тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», і назваў абсурдным тое, што Расея цяпер старшынствуе ў Радзе бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

«Расейскія тэрарысты павінны быць выгнаныя з Украіны і з ААН, і павінны быць прыцягнутыя да адказнасці за свае злачынствы», – напісаў Кулэба.

Упаўнаважаны ў правах чалавека Вярхоўнай рады Украіны Дмытро Лубінец расказаў, што звярнуўся з лістамі да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Маніторынгавай місіі ААН ва Украіне, Генеральнага сакратара ААН і да Міжнароднага камітэту Чырвонага крыжу, а таксама «ўсім калегам-амбудсмэнам», каб «зрабіць усё магчымае, каб вінаватыя панеслі пакаранне за кожнае ваеннае злачынства». Ён запатрабаваў разгляду відэа забойства ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр расказала, што відэа адразу сталі падрабязна і пакадрава вывучаць «усе кампетэнтныя ўкраінскія службы», займаліся гэтым яшчэ ноччу, але ідэнтыфікацыя людзей па такіх відэа вельмі складаная.

«Мы заклікаем спыніць распаўсюд гэтага відэа, а таксама любых падобных відэакадраў. Цяпер, калі ўсе ўжо пабачылі, гэта павінны глядзець пракуроры і Міжнародны суд», – дадала Маляр.

Як гэта каментуюць у Расеі

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, днём 12 красавіка пракаментаваў відэа і падкрэсліў, што сапраўднасць здымкаў яшчэ не пацверджаная, і невядома, хто яго здымаў – ён намякнуў, што забойцамі могуць быць і ўкраінцы.

«Спачатку трэба праверыць сапраўднасць гэтых жудасных кадраў. Безумоўна, гэта жудасныя кадры», – сказаў Пяскоў.

Шэраг расейскіх праваенных каналаў цешыцца, што расейскія вайскоўцы забіваюць украінскага палоннага. Але некаторыя выступаюць супраць публікацыі такіх відэа, ды толькі адзінкі – супраць забойства палонных у прынцыпе.

Напрыклад, адзін з найбольш папулярных расейскіх праваенных каналаў напісаў, што відэа выглядае жахліва і падобнае да сапраўднага, але дадаў, што ўкраінцы – «нацысты», якія «катуюць, дабіваюць, рэжуць нашых хлопцаў», «страляюць па мірных гарадах». Канал не стаў ухваляць зробленае на відэа, але адносна забойцаў адзначыў, што «мы не былі на іх месцы».

Тым часам колішні лідар самаабвешчанай «Наваросіі» (праекту аб’яднання «ДНР» і «ЛНР», які хутка згарнулі) Алег Цароў напісаў у сваім Telegam-канале:

«Адрэзаць галаву палоннаму – гэта злачынства. Здымаць гэта на камеру – ідыятызм. А да тых, хто выкладвае ўсё гэта ў сетку, я ўвогуле азначэння не магу падабраць. Ведаю толькі, што калі за гэта не караць паводле закону, то дзяржавы не будзе».

Як гэта каментуюць у астатнім свеце

На момант публікацыі заходныя чыноўнікі амаль не выказваліся пра гэтае відэа.

Еўразвяз пакуль не мае пацверджанняў сапраўднасці відэа, апублікаванага 11 красавіка, сказала прадстаўніца вонкавапалітычнай службы Еўракамісіі Набіля Масралі. Але калі сапраўднасць відэа будзе пацверджаная, гэта стане яшчэ адным «брутальным напамінам аб бесчалавечнай прыродзе расейскай агрэсіі».

«Забойства ваеннапалонных – вельмі сур’ёзнае парушэнне Жэнеўскай канвенцыі, – сказала Масралі. – І гэта яшчэ раз дэманструе поўную знявагу Расеяй міжнароднага права і ў прыватнасці міжнароднага гуманітарнага права».

Расея ўзяла на сябе абавязальніцтвы запэўніваць чалавечнае абыходжанне з ваеннапалоннымі, пры любых абставінах не ставіць іхныя жыцці пад пагрозу, падкрэсліла яна. Еўразвяз, запэўніла Масралі, цалкам прыхільны прыцягненню да адказнасці ўсіх, хто ўчыніў ваенныя злачынствы, звязаныя з вайной ва Украіне, ці дапамагаў іх чыніць.

Hавiны
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачне разгляд справаў аб ваенных злачынствах Расеі
2023.03.13 20:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў