Глядзім самыя папулярныя кірункі, якія прапануюць беларускія турыстычныя аператары. Сітуацыя няпростая: грамадзянаў краіны – суагрэсара ў вайне ва Украіне далёка не паўсюль радыя бачыць. Але варыянты ёсць.
Вызначаем папулярнасць краіны паводле колькасці прапановаў тураў на адным з папулярных беларускіх агрэгатараў. Некалі папулярныя Албанія ці Балгарыя цяпер экзатычныя варыянты: тураў туды прапануюць зусім мала. Ва Украіне ж, дзе беларусы некалі часта адпачывалі, трывае вайна, у якой Беларусь як дзяржава – суўдзельніца расейскага нападу.
Таксама зазіраем у Глабальны рэйтынг міру. Яго складае аўстралійскі Інстытут эканомікі і міру, апошні раз рэйтынг абнаўлялі ў чэрвені 2022 года. Чым вышэйшае месца, тым больш мірная краіна, агулам у рэйтынгу – 163 дзяржавы. Бяспеку пазначаем колерам, як у рэйтынгу: зялёныя – самыя бяспечныя, жоўтыя – адносна бяспечныя, рудыя – рызыкоўныя, чырвоныя – вельмі рызыкоўныя.
Дадатковыя звесткі глядзім у Глабальным рэйтынгу тэрарызму таго ж інстытуту і ў Глабальным рэйтынгу свабоды праваабарончай арганізацыі «Freedom House». Пра атрыманне візаў складаем уражанне з форумаў: у некаторыя краіны візы фармальна даюць, а фактычна іх цяжка атрымаць на турыстычныя мэты.
Кошт ацэньваем гэтак. Сярэдні – каля 2000–2500 рублёў за чалавека за 7 начэй у трохзоркавым гатэлі з улічаным пералётам і няпоўным харчаваннем. Нізкі – калі гэтак можна адпачыць нават за 1000 рублёў. Высокі можа быць у некалькі разоў большы за сярэдні.
З вялікім адрывам лідаруе ў колькасці прапановаў тураў. Краіна славіцца і марскімі курортамі, і багатымі гісторыяй ды культураю. Праўда, суседзі на поўдні і ўсходзе далёка не самыя мірныя, а дзяржава аўтарытарная. Пагроза тэрактаў ёсць, але не значна вышэйшая, чымся ў Францыі ці Нямеччыне, на ўзроўні Ізраілю. Ёсць рызыка палітычнай нестабільнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў 14 траўня.
Прапановаў утрая менш, чымся ў Турэччыну, але варыянтаў усё роўна тысячы.Там таксама і пляжы, і гісторыя. Як і Турэччына, гэта не дэмакратычная і не самая стабільная краіна, але Егіпет лічыцца больш мірным за Турэччыну (краіна жоўтая на мапе рэйтынгу міру). Але пагроза тэрактаў там вышэйшая (краіна чырвоная ў рэйтынгу тэрарызму). Злучаныя Штаты не рэкамендуюць падарожнічаць у Егіпет, а Злучанае Каралеўства лічыць умоўна бяспечнаю цэнтральную частку краіны.
Ёсць некалькі тысяч прапановаў. Недэмакратычная, але даволі спакойная і вельмі багатая краіна. Праўда, гістарычных цікавінак мала, большасць славутасцяў сучасная. І краіна мусульманская, таму трэба ўлічваць пэўныя правілы паводзінаў.
Чорнае мора, горы, цікавая культура і вялікая беларуская дыяспара. Краіна параўнальна вольная, але не цалкам дэмакратычная і «спакойная з агаворкамі». На тэрыторыі Грузіі існуюць дзве самаабвешчаныя часткова прызнаныя прарасейскія рэспублікі – Абхазія і Паўднёвая Асеція. Туды таксама прапануюць туры, але гэта значна больш рызыкоўна, чымся на астатнюю тэрыторыю, падкантрольную законным уладам.
Мора, гісторыя, культура, спакой (хіба Турэччына часам пагражае вайной) і дэмакратыя. Але Грэцыя ўжо не такая даступная: трэба атрымліваць візу і ляцець не з Беларусі, дый прапановаў толькі некалькі сотняў – у 30 разоў менш, чымся ў Турэччыну. Тэракты бывалі, але менш, як у Турэччыне ці Егіпце. Ёсць палітычныя ды эканамічныя праблемы, але яны звычайна не закранаюць турыстаў.
Гіганцкая і разнастайная краіна: можна адносна нядорага адпачыць хоць на моры ў Сочы, хоць у гарах на Алтаі, хоць сярод музеяў і палацаў Санкт-Пецярбургу. І візы не трэба, і з транспартам усё проста. Ды ёсць вялізны мінус: Расея – аўтарытарная краіна, якая проста цяпер вядзе захопніцкую вайну і нярэдка зазнае падазроныя выбухі на сваёй жа тэрыторыі, нават у цэнтры Масквы (і прапануе туры ў акупаваны ўкраінскі Крым, дзе таксама бабахае).
Мірная, бяспечная і дэмакратычная краіна з морам і багатаю гісторыяй, атрымаць візу ў якую будзе праблематычна, а ляцець давядзецца з Варшавы ці Вільні.
Востраў з пляжамі, гарамі, старажытнымі руінамі і непрызнанаю рэспублікаю на поўначы. Ды Кіпр – мірная і дэмакратычная краіна, а за візіт на непрызнаны Паўночны Кіпр ніякіх наступстваў з боку кіпрскіх уладаў не будзе.
Гэта не толькі мора і культура кантынентальнай Іспаніі, але і Канарскія астравы, і Маллёрка. Спакойная дэмакратычная краіна, у якую беларусам трэба атрымаць візу і ў якую не даляцець наўпрост з Беларусі і Расеі.
Бяспечная і багатая, але недэмакратычная краіна на Блізкім Усходзе. Як і ў ААЭ, большасць цікавінак не гістарычная, а сучасная. І краіна мусульманская – трэба шанаваць пэўныя традыцыі. Віза патрэбная толькі фармальна, а нядаўна пачаліся чартарныя рэйсы з Менску (калі не, то давядзецца ляцець з перасадкаю).
Невялікая астраўная краіна блізу Індыі, апетая берасцейскімі панкамі і вядомая праз пляжны адпачынак, якая раптоўна ўварвалася ў топы беларускіх тураператараў. У рэйтынгу дэмакратыі – у канцы спісу часткова вольных, а ў рэйтынгі бяспекі і тэрарызму не трапіла. Але, напрыклад, Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў засцерагае: ёсць пэўная пагроза тэрарызму. А ўрад Злучанага Каралеўства папярэджвае пра высокі ўзровень злачыннасці за межамі гатэляў. І памятайма, што краіна мусульманская: трэба шанаваць традыцыі.
На наступныя краіны – менш за сотню прапановаў тураў. Амаль усе яны каштуюць вышэй за сярэдні паказнік, амаль ува ўсе цяжка дабрацца.
🟢 Бяспечныя краіны: Францыя і Партугалія (цяжка здабыць візу), Чарнагорыя і Албанія (візы не трэба, але без яе складана дабрацца), Інданезія (візу атрымаць лёгка, але ляцець доўга і дорага), Чэхія, Славаччына і Швейцарыя (цяжка здабыць візу, дый туры прапануюць «праездам» праз гэтыя ды іншыя краіны) і рэшта Еўропы (акрамя Косава, дзе магчымы раптоўны напад Сербіі), Маўрыкій (астравы ў Індыйскім акіяне, віза не трэба, краіна бяспечная і дэмакратычная, але кошт падарожжа вельмі высокі).
🟡 Не самыя бяспечныя: Дамінікана (візу здабыць параўнальна лёгка, але ў краіне ёсць праблемы з крыміналам, ляцець дорага і доўга), Туніс (віза не трэба, кошт сярэдні, але ляцець з суседніх з Беларуссю краінаў – і не набліжацца да межаў з Алжырам і Лівіяй, дзе небяспечна), Тайланд (візу атрымаць лёгка, але кошт высокі, пералёт доўгі і з Расеі, дзяржава аўтарытарная, на поўдні магчымыя тэракты), Арменія (віза не трэба, кошт сярэдні ці ніжэйшы, лятаюць самалёты з Менску, але трэба спадзявацца, што не адновіцца ўзброены канфлікт з Азербайджанам), дзяржавы Сярэдняй Азіі (віза не трэба, але кошт можа выйсці вышэйшы за сярэдні, а дзяржавы аўтарытарныя), Шры-Ланка (візу ставяць у аэрапорце, але кошт высокі, пералёт з Расеі, дзяржава аўтарытарная, у краіне эканамічны крызіс і магчымыя тэракты).
🟠 Рызыкоўныя варыянты, якія ўсё роўна прапануюць беларусам: Мексіка (ёсць хіба пару ўмоўна бяспечных штатаў, узровень крыміналу агулам высокі), Індыя (трэба ведаць бяспечныя месцы: ёсць праблемы з крыміналам і тэрарызмам, на мяжы з Пакістанам магчымыя ўзброеныя канфлікты), Венесуэла (ужо дзесяць гадоў трывае палітычны і эканамічны крызіс, вялікія праблемы з крыміналам), Ізраіль (магчымыя тэракты, трывае палітычны крызіс).
Алесь Наваборскі belsat.eu