«Божая кара за Умань». Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі – пра пажар у Севастопалі


У выніку выбуху 29 красавіка ў Севастопалі было знішчана больш за 10 рэзервуараў з нафтапрадуктамі. Іх агульная ёмістасць – каля 40 тысяч тонаў. Пра гэта выданню «РБК-Україна» распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.

«У горадзе Севастопаль 29 красавіка здарылася «бавоўна» (мэм, які ўжываюць украінцы, кажучы пра выбухі на часова акупаванай тэрыторыі іх краіны. – Заўв. «Белсату»). Гэта божая кара, у тым ліку за забітых цывільных ва Умані, сярод якіх пяцёра дзяцей. Гэтае пакаранне будзе доўгачасовым. Усім жыхарам часова акупаванага Крыму пажадана бліжэйшым часам не перабываць побач з вайсковымі абʼектамі і абʼектамі, якія забяспечваюць войска агрэсара», – сказаў Андрэй Юсаў.

Ён удакладніў, што нафтапрадукты, якія гарэлі ў Севастопалі, прызначаліся на патрэбы Чарнаморскага флоту Расейскай Федэрацыі.

Юсаў дадаў, што ўкраінскай выведцы вядома аб крадзяжах, якія чынілі расейцы на гэтым ды іншых абʼектах.

«Нам вядома аб крадзяжы службовымі асобамі акупацыйных уладаў нафтапрадуктаў і іншых карупцыйных дзеяннях на гэтай нафтабазе ды іншых абʼектах акупантаў. Гэта, безумоўна, пашырае магчымасці ўкраінскіх Сіл бяспекі і абароны», – адзначыў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны.

Выбух рэзервуараў з палівам адбыўся ў Казачай бухце ў Севастопалі каля 4-й гадзіны раніцы 29 красавіка. Выбух спрычыніўся да магутнага пажару, якія ахапіў плошчу 1000 м2. Гарадскія «ўлады» заявілі, што нафтабазу атакаваў украінскі беспілотнік. Пажару надалі найвышэйшы ўзровень складанасці – чацвёрты. Пажар удалося пагасіць толькі апоўдні.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў