Моцны пажар у Севастопалі – гарыць нафтабаза


Уначы 29 красавіка ў Севастопалі загарэўся рэзервуар з палівам. Плошча ўзгарання складае больш за тысячу квадратных метраў. Пра гэта паведаміў так званы губернатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў. Афіцыйна прычына пажару – атака ўкраінскага беспілотніка.

Пажар у Севастопалі.
Фота: ЧП Севастополь / Telegram

«Гарыць рэзервуар з палівам у раёне вуліцы братоў Манганары ў мікрараёне Казачая Бухта. Па папярэдняй інфармацыі, узгаранне адбылося з-за трапляння БПЛА. На месцы працуюць усе неабходныя спецслужбы. Плошча пажару каля 1000 квадратных метраў, пажару прысвоены 4 клас», – напісаў Міхаіл Разважаеў у сваім тэлеграм-канале.

У паведамленні чыноўніка, апублікаваным раніцай 29 красавіка, ён сцвярджае, што ніхто з людзей не пацярпеў, а грамадзянскім аб’ектам нічога не пагражае. Удакладніў, што на месцы здарэння працуюць 18 пажарных разлікаў, але абʼём паліва быў вялікі, таму на ліквідацыю ўзгарання патрабуецца час. Чацвёрты ранг пажару – самы складаны, гаворыцца ў паведамленні.

Афіцыйны тэлеграм-канал ЗСУ публікуе інфармацыю аб пажары ў Севастопалі ў анексаваным Расеі Крыме, але пакуль ніяк не каментуе версію пра атаку ўкраінскіх беспілотнікаў.

Паводле севастопальскіх паблікаў адкрытае гарэнне было ліквідаванае каля 12.00.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў