ЗСУ вядуць актыўную абарону па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 686-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Times of Ukraine / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны Узброеныя сілы РФ працягваюць наступаць каля населеных пунктаў Сынькоўка і Церны ў Харкаўскай і Данецкай вобласцях адпаведна: паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі 13 атак праціўніка на гэтых участках фронту.

Пры гэтым самыя ЗСУ трымаюць актыўную абарону і контратакуюць: Міністэрства абароны РФ паведамляе пра чатыры няўдалыя спробы праціўніка вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што таксама Збройныя сілы Украіны перайшлі да контрнаступальных дзеянняў на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку расейскія вайскоўцы наступаюць з захаду і поўдня ад аднайменнага раённага цэнтру.

Украінскі Генштаб піша пра безвыніковыя атакі праціўніка каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» паведамляе, што ЗСУ намагаюцца вярнуць раней страчаныя пазіцыі каля Клішчыеўкі, але пакуль не маюць поспеху. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы сцягваюць дадатковыя сілы да населенага пункту, а таксама няспынна б’юць артылерыяй.

Разам з тым крыніца піша, што ўкраінскія вайскоўцы крыху адышлі з часткі пазіцыяў каля Хромава і Багданаўкі.

Інфармацыю пра выбіццё ЗСУ на гэтых участках фронту пацвярджае прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Высокая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейцаў захоўваецца і ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, па словах украінскага камандавання, сілы абароны адбілі 24 атакі УС РФ каля Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі, Севернага, Первамайскага і Невельскага.

Іншыя крыніцы фіксуюць цяжкія баі і каля сяла Стэпавое (на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі).

На суседнім мар’інскім кірунку расейцы ціснуць каля Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі, але істотных поспехаў не маюць.

Пры гэтым самыя ЗСУ перакінулі рэзервы і контратакуюць, што сведчыць пра намер захаваць населеныя пункты пад сваім кантролем.

У тэлеграм-канале 46-й брыгады Збройных сілаў пішуць, што ў такой сітуацыі расейцы намагаюцца выціснуць украінцаў з займаных пазіцыяў за кошт пастаянных артылерыйскіх і авіяцыйных удараў, у інтэрвалах паміж якімі праводзяцца штурмы. Пакуль гэта дало толькі абмежаваны поспех на ўсходзе Георгіеўкі.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ зноў атакавалі каля сяла Старамаёрскае, але лінія фронту засталася нязменнай.

На мелітопальскім кірунку працягваюцца баі з поўдня ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» піша пра сустрэчныя баі каля сяла Вэрбовае, у выніку якіх прасунуліся войскі РФ. 

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць пра сустрэчны характар баявых дзеянняў і каля суседняга сяла Навапрокапаўка, а каля Работына атакуюць УС РФ. Тут зменаў не зафіксавана.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку ідуць баі на левым беразе Дняпра, дзе Збройныя сілы Украіны ўтрымліваюць некалькі плацдармаў.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра дзевяць безвыніковых штурмавых дзеянняў праціўніка за содні.

Пры гэтым самым актыўным участкам на кірунку застаюцца ваколіцы сяла Крынкі. «Белорусский силовик», спаслаўшыся на іншыя крыніцы, сцвярджае, што ЗСУ адышлі з часткі пазіцыяў у наступным пункце.

Між тым тэлеграм-канал «Romanov Лайт» паведамляе, што за апошнія некалькі тыдняў украінцы занялі значна большую частку Крынак.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў