«Разумею тых, хто на вайне, і магу з імі дамовіцца». Генадзь Манько пра тое, як збіраецца аб’яднаць ваяроў і апазіцыю


Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько адказаў на пытанні «Белсату», чаму на гэтую пасаду прызначалі менавіта яго, што ён збіраецца прапанаваць беларускім добраахвотнікам, а што – украінскім уладам.

Генадзь Манько
Генадзь Манько, старшыня Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, падчас канферэнцыі «Новая Беларусь». 6 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Якая місія ў Місіі?

– На сёння асноўны напрамак у рэгіёне – Украіна. Гэта вызначальнае месца, дзе фармуецца парадак рэгіёну. Мы на 1064 км звязаныя з Украінай мяжою. І зразумела, што любое развіццё ў далейшым аказвае ўплыў на развіццё сітуацыі ў Беларусі. Гэта кладзецца на жыхароў Беларусі. Нашая мэта – навязаць стасункі з дзейнай уладай Украіны, стварыць спрыяльныя ўмовы, зразумець, што для гэтага патрабуецца, а таксама разабрацца, як сітуацыю бачаць яны – і мы, якія ў нас ёсць агульныя пункты.

Адна з найбуйнейшых частак добраахвотнікаў, што ваюе на тэрыторыі Украіны ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёну, – гэта полк Кастуся Каліноўскага. Таксама ёсць БДК, куды ўвайшоў батальён «Тэрор» Янкі і Бессмяротнага (адпаведна Ігара Янкова і Андрэя Трацэўскага. – Заўв. рэд.), ёсць рэшткі палка «Пагоня» і рота, якую сфармаваў Сахашчык у 79-й дэсантна-штурмавой брыгадзе.

Нашая задача – звязаць разам усе ваенна-палітычныя і грамадскія пытанні, што датычацца беларусаў ва Украіне: дапамогу як ваярам, гэтак і дыяспары (напрыклад, у адкрыцці банкаўскіх рахункаў і відаў на жыхарства). Беларусь успрымаецца як суагрэсар, умовы для беларусаў там створаныя вельмі цяжкія, я сам з гэтым сутыкнуўся.

Самае галоўнае – дзяржава Украіна, што грае ў рэгіёне вызначальную ролю. Гэта наш блізкі сябар, у нас агульны вораг, і мы мусім навязаць стасункі, што дапамогуць сфармуляваць выразную агульную пазіцыю адносна краіны-агрэсара і рэжыму Лукашэнкі.

– Што дэмакратычныя сілы Беларусі могуць прапанаваць украінскім уладам?

– Мінулы год паказаў, што ўкраінскія ўлады былі вельмі асцярожныя ў дачыненні дэмакратычных сілаў Беларусі, бо была актыўная пагроза з боку дзяржавы і рызыка, што войска і спецслужбы Беларусі будуць уцягнутыя ў вайну супраць Украіны. Таму Украіна ўстрымлівалася ад выразнага пасылу ў бок дэмакратычных сілаў.

Сёння сітуацыя змянілася. Памяняліся паводзіны Аляксандра Лукашэнкі. З’явілася разуменне, што ён не самастойная фігура, якая можа вызначаць палітыку дзяржавы ў дачыненні Украіны і заходніх суседзяў. Беларусь – пагроза для ўсяго рэгіёну. Лукашэнка цалкам залежыць ад пастановаў, што прымаюцца ў Маскве.

Нашая задача – растлумачыць, што частка дэмакратычнага грамадства, якая вяла барацьбу і выехала, можа прадстаўляць новую Беларусь, якая ў далейшым зможа пабудаваць суседскія дачыненні з Украінай.

Генадзь Манько
Генадзь Манько, старшыня Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, падчас канферэнцыі «Новая Беларусь». 6 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На сёння ёсць пэўнае разуменне і цяпло – пакуль лёгкае. Як чалавек, які застаецца ва Украіне, бачу, што ёсць жаданне разумець і чуць, хто мы такія, чаго хочам і як бачым нашую будучыню.

Пакуль не будзе ўладкаванае пытанне Беларусі, не могуць быць уладкаваныя пытанні вяртання да межаў 1991 года і пагрозаў з боку Расейскай Федэрацыі праз балкон, што ўразаецца ва Украіну і Еўропу.

Нам важна разумець, чуць адно аднога, знайсці тыя пункты, якія дапамогуць выбудаваць камунікацыі і прывядуць да дзеяў, што дапамогуць зліквідаваць гэтую пагрозу ў будучыні.

– Чаму кіраўніком Місіі зрабілі менавіта вас?

– Бо я быў абазнаны ў гэтай тэме з пачатку вайны. У мяне ёсць вайсковы досвед, і маёй задачай было выбудоўваць каардынацыю з вайсковымі падраздзяленнямі. Мне зразумелая псіхалогія людзей, якія на вайне, і я магу з імі пра нешта дамовіцца (Генадзь Манько праходзіў тэрміновую службу ў Афганістане, быў выведнікам. – Заўв. рэд.)

Цягам гэтага паўтара года мне ўдалося наладзіць сувязі не толькі з добраахвотнікамі, але і часткаю ўкраінскіх структураў, што зацікаўленыя ў змене сітуацыі ў далейшым. Я быў удзельнікам розных канферэнцыяў, спатканняў, стратэгічных планаванняў, на якіх мы абмяркоўвалі варыянты развіцця падзеяў (напрыклад, паводзіны ПВК Вагнэра).

Я дзяліўся інфармацыяй, сваім бачаннем сітуацыі і вынікамі сустрэчаў з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным Кабінетам. Таму пастанавілі, што рацыянальна і мэтазгодна выкарыстаць мяне.

– У 2020 годзе вы збіралі подпісы за Валерыя Цапкалу. Ці можаце патлумачыць, чаму?

– Гэта выклікае ў многіх здзіўленне, Валерый Вільямавіч па-рознаму цяпер успрымаецца. Я чуў – праўда, пазней – гэтыя папрокі пра магчымы расейскі ўплыў. 8 траўня 2020 года першым пра ўдзел у выбарчай гісторыі заявіў Валерый Цапкала. Я не быў з ім знаёмы і ўспрымаў яго праз даступную інфармацыю. Ведаў, што ён прадстаўляў ПВТ і пяць гадоў быў амбасадарам у ЗША. Гэта азначала пэўную свядомасць. Я бачыў у гэтым пэўны пасыл, запрашэнне да дэмакратычнага складніку – важнасць закону, свабоду выбару. З першага ж дня мая сям’я далучылася да ягонай кампаніі. Праз некалькі дзён пра ўдзел у выбарах заявіў Віктар Бабарыка, яшчэ праз некалькі дзён – Сяргей Ціханоўскі. Але я ўжо ўцягнуўся ў гэтую гісторыю і займаўся зборам подпісаў за Цапкалу.

Каментар
Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі: Украіна нарэшце гатовая ісці насустрач беларусам
2023.08.08 09:32

Хада кампаніі змусіла яго да выезду, я далучыўся да ягонай жонкі Веранікі Цапкалы і Аб’яднанага штабу трох жанчын, паездзіў з імі па гарадах, займаўся іхнай бяспекай. Перад выбарамі мяне затрымліваў ГУБАЗіК, затрымлівалі мае машыны. Да кастрычніка-лістапада я ўдзельнічаў у маршах. У студзені 2021-га я выехаў з Беларусі. Потым заехаў туды раз, мяне пяць гадзінаў даглядалі на мяжы, распраналі. З траўня 2021 года больш там не быў.

Генадзь Манько
Генадзь Манько, старшыня Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, падчас канферэнцыі «Новая Беларусь». 6 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Літве я некалькі разоў браў удзел у сустрэчах камандаў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы. У працэсе паступіла прапанова перайсці ў Офіс Ціханоўскай. Я разумеў, што ёсць легітымнасць, што робіцца вялікі аб’ём працы, што ейныя людзі апынаюцца ў эпіцэнтры ўсіх падзеяў. Я ні з кім не сварыўся, нікому нічога не выказваў, але паведаміў Валерыю Цапкалу, што з’язджаю.

– Але вы працягваеце быць скарбнікам у Беларускім дэмакратычным фондзе Веранікі Цапкалы.

– Так, такі фонд ёсць, але ён мёртванароджаны. Старшыня – Вераніка Цапкала, сузаснавальнікі – я і яшчэ адзін чалавек (Аляксандр Раманюк. – Заўв. рэд.). Але заснавалі яго без мяне, падаецца, у 2020-м (афіцыйная дата рэгістрацыі – 17 кастрычніка 2012 года, Генадзь Манько стаў скарбнікам 19 студзеня 2021 года. – Заўв. рэд.), я быў у Беларусі, проста перадаў пашпартныя звесткі з добрым намерам дапамагчы дэмакратычнай супольнасці. Але фонд ніколі не працаваў, там не было руху грошай на рахунку. Ніякага развіцця гэтая гісторыя не атрымала.

– У Беларусі ў вас было некалькі бізнесаў. Распавядзіце, калі ласка, пра іх.

– Першую кампанію, «Сэнс», я зарэгістраваў 21 верасня 1990 года. Яна праіснавала да 1997 года. Мы займаліся дрэваапрацоўваннем і гандлем. Пасля я здаваў жытло ў арэнду і меў некалькі аўтавозаў, вазіў машыны з Еўропы.

– Ці пераследавалі вас як прадпрымальніка да 2020 года? Ці былі ў вас праблемы з законам?

– З законам у мяне не было праблемаў. У 2015 годзе як індывідуальны прадпрымальнік я заплаціў вялікую суму грошай з дзевяццю нулямі ў якасці мыта за ўвезеныя аўтамабілі, што каштавалі сотні тысячы долараў. Дзяржава пабачыла, што ёсць такі хлопец, які варочае вялікімі грашыма (хаця ў мяне была фіксаваная аплата, я атрымліваў грошы за паслугу, якую аказваў) – і была спроба на мяне ўплываць. Пакуль я быў у выправе за мяжой, на мяне завялі крымінальную справу. Пасля вяртання дахаты мяне выклікалі ў падатковую і ДФР. Я паказаў вялікую колькасць дакументаў, адказаў на іхныя пытанні – і справу закрылі.

– Дзе вы прадавалі гэтыя машыны?

– Я прадаваў іх у Расеі.

– Чым вы займаецеся пасля выезду з Беларусі? Як зарабляеце на жыццё?

– Я быў працаўніком Офісу Святланы Ціханоўскай, пасля нядзельнага прызначэння я пайшоў у структуру Валерыя Кавалеўскага, які адказвае за міжнародны напрамак у Аб’яднаным пераходным кабінеце. У мяне ёсць заробак.

– Як зменіцца цяпер вашае жыццё? Дзе вы будзеце жыць?

– Мая сям’я жыве ў Літве. Апошнія паўтара года я перыядычна езджу ва Украіну – на тыдзень, два, месяц. Потым на тыдзень вяртаюся ў Літву. Для грамадзянаў Беларусі заезд складаны, прасцей заехаць, калі вязеш дапамогу як валанцёр. Таму я карыстаюся такой магчымасцю – і еду, напрыклад, з транспартным сродкам для добраахвотнікаў.

– Як тэхнічна будзе выглядаць вашая праца? Колькі чалавек у вашай камандзе? Ці ёсць у вас нейкае памяшканне ў Кіеве?

– Летась у нас быў офіс у Кіеве, але не было разумення з боку ўкраінскіх уладаў, бо была пагроза актыўных дзеяў з тэрыторыі Беларусі. Яны ўзважылі ўсё і прынялі пастанову не на нашую карысць. Паступовае разуменне таго, кім ёсць Лукашэнка, развярнула сітуацыю ў іншы бок. У нас будзе офіс, я цяпер гэтым займаюся. Пакуль я працую адзін, але з цягам часу ў мяне з’явіцца памочнік: з такім аб’ёмам працы самастойна магу не даць рады.

– Як будзе выглядаць вашая супраца з Валерыем Сахашчыкам?

– Мы адкрытыя да супрацы. Год таму пасля ўваходу яго на пасаду (чальца Аб’яднагага кабінету Святланы Ціханоўскай ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі. – Заўв. рэд.) я прапанаваў яму любую дапамогу. Нічога не мяняецца. Валерый Сцяпанавіч робіць сваю працу. Ёсць падраздзяленне, якое ён стварыў. Лічу, што чым больш будзе створана падраздзяленняў, чым больш беларусаў праз іх пройдзе, тым лепш. Гэта – нацыянальнае багацце дэмакратычнае Беларусі. Я б хацеў, каб яны змаглі выжыць, захаваць здароўе, атрымаць досвед – і ў далейшым мы б маглі зрабіць нешта на карысць Айчыны.

– Што вы збіраецеся рабіць, каб аб’яднаць беларускую апазіцыю з беларускімі добраахвотнікамі?

– Ёсць неразуменне паміж тымі, хто ваюе, і тымі, хто працуе на палітычным полі і адказны за падтрыманне ў інфармацыйным полі беларускай тэмы, нягледзячы на тое, што вайна ва Украіне адцягнула ад яе ўвагу. Я чую мноства прэтэнзіяў за мяккую пазіцыю Офісу Святланы Ціханоўскай. Многія хацелі б рэзкіх рухаў. Я тлумачу, што Захад, дзе дэмакратыя фармавалася дзесяцігоддзямі, прадугледжвае памяркоўныя паводзіны. Прызнанне ўдзелу «BYPOl» у дыверсіі вакол самалёту A-50 прывяло да праблемаў унутры арганізацыі. Важная праца кожнага на ягоным участку. Усе гэтыя ўмоўныя дзіды важна развярнуць у адзін бок. Калі вектар будзе супольны, імавернасць перамогі будзе большай.

ВІДЭА
Канферэнцыя Новая Беларусь 2023. Галоўныя заявы
2023.08.06 13:00

Размаўляў Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў