Мастачка піша палітвязням: Севярынец павыправіў мае памылкі і параіў больш чытаць


Ірына Свірыд малюе паштоўкі і дасылае іх палітвязням. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Выкладчыца малявання Ірына Свірыд напісала больш за 300 лістоў палітвязням. Яна ладзіць майстар-класы малявання для дарослых. Напрыканцы занятку людзі падпісваюць свае творы і складаюць у канверты.

Упершыню напісаць палітзняволеным Ірына падумала яшчэ ў кастрычніку, калі сталі вядомыя адрасы вязняў. Яна вырашыла падтрымаць некалькіх чалавек за кратамі:

«Я распавяла маме маёй вучаніцы, што хачу надрукаваць некалькі паштовак з дзіцячымі малюнкамі і даслаць іх у турмы. Я думала менавіта пра паштоўкі, бо не ведала, што напісаць незнаёмаму чалавеку. А тая мама прапанавала зрабіць вялікі наклад. Я ішла на пошту па два канверцікі, але набыла 200», – узгадвае Ірына.

Аднак пакуль ішла арганізацыя вялікай рассылкі, першы ліст давялося даслаць свайму хлопцу, калі таго арыштавалі на 15 содняў:

«З 10 маіх лістоў дайшло толькі 2. Я пісала ўсё па пунктах: як яго мама пачуваецца, што я адмяніла яго запіс да татуіроўшчыка і г. д. Гэтае дайшло. А там, дзе я пісала, як яго кахаю, пра світанкі, пра нашага ката – не перадалі. Яшчэ 2 лісты вярнуліся назад, а што з астатнімі зрабілі – не вядома».

На Ірыну моцна паўплывалі словы каханага, як ён чакаў лістоў:

«Мой хлопец, калі вярнуўся, распавёў, што перачытваў тыя лісты, што да яго дайшлі, па некалькі разоў, што для яго гэта было вельмі істотна. І тады я пачала пісаць іншым, бо зразумела, як гэта – чакаць ліста, як гэта цяжка. Раней то часу бракавала, то сіл, а цяпер знаходжу магчымасць напісаць».

Ірына Свірыд малюе паштоўкі і дасылае іх палітвязням. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Першым палітвязнем, каму Ірына наважылася напісаць, быў Павел Севярынец:

«Вырашыла павіншаваць яго з народзінамі, даслала задоўга, каб дакладна дайшло. Намалявала яму такога сімвалічнага гіля на снезе. Ён амаль адразу адказаў, што мяне здзівіла. Падзякаваў, яму было прыемна. Першы ліст я пісала па-расейску, потым напісала па-беларуску, ён выправіў усе мае памылкі, – смяецца, – але пахваліў мяне і параіў больш чытаць. Гэта самы актыўны чалавек, які мне адказвае».

Адказы, якія Ірына атрымала. Ірына Свірыд малюе паштоўкі і дасылае іх палітвязням. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Раз на два тыдні Ірына піша Юліі Слуцкай, заснавальніцы і старшыні Прэс-клубу, аднак атрымала толькі адзін адказ напярэдадні нашай з ёю сустрэчы.

«Юлія адказала на мой самы першы ліст. Я там пытала, што магу для яе зрабіць. То яна папрасіла даслаць ёй налепак для ўнукаў. Вось, прыйшла ад яе паштовачка», – распавядае Ірына.

Палітзняволеным Ірына малюе лісты-паштоўкі. Звычайна для яе гэта як арт-тэрапія:

«Начытаюся навінаў, а потым ноччу саджуся маляваць. Раблю выявы мора, паўночнага ззяння ці гор, каб вязням больш колераў даслаць».

Лісты ад малятак

«Калі праводжу заняткі з дзецьмі, паказваю ім, як што маляваць. Яны кажуць, што хочуць, напрыклад зімовы пейзаж. Я ім паказваю, а потым кажу, што гэтая карцінка паляціць майму сябру Сяргею ці маёй сяброўцы Марыі. Не кажу, што яны ў турме, а проста распавядаю, як даслаць лісты. Ім вельмі цікава», – кажа выкладчыца.

Да Вялікадня Ірына з памагатымі бацькамі надрукавала тэматычныя малюнкі ў выглядзе паштовак:

«І яны сваімі маленькімі пяцігадовымі ручкамі падпісвалі «Машы ад Машы» ці «Любві, здароўя, шчасця». Адна вучаніца намалявала хвост русалкі для Калеснікавай, я яго даслала, а дзяўчынка пастаянна пытае, калі прыйдзе адказ. Яна яшчэ падпісала паштоўку Ціханоўскаму, і калі ён адказаў, то дзяўчынка вельмі радавалася, распытвала, што ён напісаў. Ёй гэта вельмі цікава».

Ірына Свірыд малюе паштоўкі і дасылае іх палітвязням. На здымку паштоўкі, зробленыя з малюнкаў ейных вучняў. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Трошку старэйшыя вучні больш разумеюць сітуацыю і намагаюцца перадаць за краты партызанскі сігнал:

«Яны ўжо ведаюць, каму яны будуць дасылаць свае малюнкі, што напішуць, ці можна выкарыстоўваць белыя і чырвоныя колеры. Хацелі намаляваць бел-чырвона-белага паласатага ката. Я ім распавяла, што цэнзура можа не прапусціць, але ўсё адно было багата чырвонага колеру».

Заняткі з дарослымі

«Спачатку было вельмі складана знайсці месца, каб ладзіць такія імпрэзы. А так сустракаемся ў кавярнях, неяк нават сабраліся жыхары лесвічнай пляцоўкі і мяне запрашалі памаляваць з імі», – узгадвае Ірына.

Спачатку некаторыя людзі баяліся пісаць на лістах зняволеным уласныя адрасы, таму ўсё ліставанне ішло на адрас выкладчыцы. А пазней людзі асмялелі і пачалі самастойна камунікаваць са зняволенымі:

«І мы ўжо абмяркоўваем з імі, якія лепей даслаць паштоўкі, якія канверты. Яны ўжо самі ў справе».

Ірына Свірыд малюе паштоўкі і дасылае іх палітвязням. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На сваіх майстар-класах Ірына вучыць ахвочых маляваць сухой пастэллю. Часцяком на такія сустрэчы прыходзяць незнаёмыя людзі.

«Самы душэўны майстар-клас у нас быў, калі сабраліся сваякі палітвязняў. Я думала, што буду там рыдаць бясконца, бо гэта такія шчымлівыя гісторыі. А яны такія энергічныя, такія баявыя, гумараць. Я баялася, што будзе ў асноўным пра боль, а мы столькі смяяліся! Занятак разлічваўся на гадзіну, а мы ледзь разышліся праз тры гадзіны. Так, падтрымліваем з імі сувязь», – кажа Свірыд.

Ліставанне са зняволенымі стала такой неад’емнай часткай жыцця Ірыны, што яна нават на сваіх народзінах раздала паштоўкі і канверты гасцям:

«Неяк я за раз напісала 20 лістоў, і ў мяне ледзь рука не адвалілася. Таму цяпер пры любой нагодзе намагаюся павялічыць колькасць лістоў чужымі рукамі. Гэта і людзей далучыць да тэмы, і мне будзе трошку лягчэй».

Яна заўжды кажа пра тое, што падтрымка патрэбная не толькі тым, хто ў турме, але і іхным блізкім, а таксама любым людзям у цяперашні складаны час:

«Нават гэтыя дзіцячыя паштовачкі я дару сваім сябрам і сваякам, распавядаю пра нашы лісты. І гэта дае людзям столькі цяплыні! Зараз падтрымка патрэбная кожнаму».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў