Ці дапамог Лукашэнка нейтралізаваць Прыгожына?


Смерць Яўгенія Прыгожына – гэта добрая ці кепская навіна для Аляксандра Лукашэнкі? Яна яго напужала ці наадварот? А што падзенне самалёта Прыгожына азначае для Беларусі? Сяргей Пеляса абмяркоўвае праблему з Яўгенам Валошыным, беларускім журналістам, аўтарам YouTube-каналу «Пара», у праграме «ПраСвет». Таксама мы ацэнім вайсковы ўльтыматум Лукашэнкі ды іншыя гучныя выказванні.

Сяргей Пеляса: Ці напалохала Лукашэнку смерць Яўгенія Прыгожына, калі гэта сапраўды была смерць, а не пастаноўка?

Яўген Валошын: Я думаю, што абсалютна не напалохала. Наадварот, Лукашэнка патушыў вельмі паспяхова гэты мяцеж, на маю думку. Быў план наступны: патушыць мяцеж, выявіць змоўнікаў і пасля іх нейтралізаваць. Лукашэнка выдатна спрацаваў, рэалізуючы гэты план.

Ці можна сказаць, што ён заслужыў нейкі медаль ці ордэн ад Пуціна за дапамогу ў правядзенні аперацыі для нейтралізацыі мяцяжу?

Пахвалу безумоўна заслужыў, але пры гэтым Лукашэнку часта разглядаюць як васала Пуціна. Я думаю, што Лукашэнка – гэта вельмі сур’ёзны гулец, які з Пуціным дзейнічае ў адной звязцы і дзесьці пэўную канкурэнцыю ў харызме яму складае. Я не думаю, што ён сябе адчувае васалам. У пэўных інтэрв’ю ён гаворыць, што ён пад Пуціна не ляжа. Я думаю, што трэба разглядаць Лукашэнку як паўнавартаснага гульца ў геапалітыцы.

Калі Лукашэнка дапамагаў развязаць гэты крызіс, ён заявіў так: «Я выведу цябе ў Беларусь і гарантую табе поўную бяспеку і тваім хлопцам, якія сюды прасунуліся гэтай калонай». Што гэта азначае? Гэта была нахабная хлусня, каб развесці Прыгожына? Лукашэнка развёў старога крымінальніка і дзялка Прыгожына, падмануўшы яго гарантыямі. Ці ўсё ж гэта былі гарантыі на тэрыторыі Беларусі, якія дзейнічалі, але ў паветры паміж Масквой і Пецярбургам ужо не дзейнічаюць?

Геніяльны маніпулятар Лукашэнка. Шкада, што геніяльнасць гэта не ад Бога, а ад д’ябла. Атрымліваецца, што не падмануў. Атрымліваецца, што не на тэрыторыі Беларусі ўсё гэта здарылася. І ні туды і ні сюды. Па паняццях крымінальных, можа, Лукашэнка і не схлусіў. А тое, што ён геній маніпуляцыяў і хлусіў, рэалізоўваючы гэты план, гэта ўсім зразумела.

Аскепкі гэтага самалёта, які ўпаў недзе над Валдайскім узвышшам, яшчэ не астылі, а ў Беларусі згортваюць лагер вагнэраўцаў пад Асіповічамі. Ці добрая гэта навіна для беларускага грамадства, якое пераважна супраць вайны і Лукашэнкі? Смерць Прыгожына і тое, што згортваюць лагер. Падаецца, што гэта пазітыўная навіна з усіх бакоў. Што гэта нам прыносіць?

Для мясцовых жыхароў, якія жылі каля Цэлі, гэта, вядома, палёгка. Не будзе здарацца ніякіх форс-мажораў. Але па вялікім рахунку вагнэраўцы ў маштабах гэтай вялікай вайны – медыйны праект, не больш за тое. Цяпер гэты праект абезгалоўлены. Я думаю, мы пра вагнэраўцаў ужо згадваць не будзем. Кагосьці расфармуюць, кагосьці ў вязніцу засадзяць, кагосьці рэпрэсуюць, нейтралізуюць.

Аналітыка
Што адбываецца з ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Прыгожына?
2023.09.06 08:00

Апошнія некалькі тыдняў над беларуска-польскім і крыху літоўскім памежжам лунаў прывід жудасных правакацыяў, якія вагнэраўцы маглі зрабіць. Пераапрануцца ў мігрантаў, страляць. Калі пуцінскія спецслужбы адсеклі галаву вагнэраўцам, рызыка патэнцыйных правакацыяў спала ці не?

Я думаю, што гэта рызыка часова спала. Лукашэнка любіць прамацваць, на якія крокі гатовы пайсці супернік. І мігранты, і верталёты, якія пераляцелі беларуска-польскую мяжу – Лукашэнка цяпер укідвае зусім іншыя наратывы, што суседзяў не выбіраюць і гэтак далей. Думаю, бліжэйшыя месяцы не будзе ніякіх праблемаў.

Рызыка правакацыяў можа зменшыцца цяпер ці ўжо зменшылася, бо колькасць вагнэраўцаў у Беларусі ўжо меншая. Ці спросціць выхад вагнэраўцаў Лукашэнку спробы навязаць нейкія кантакты, дыялог з Захадам? Апошнія тыдні ён спрабуе гэта зрабіць. Між іншага, гэтым інтэрвʼю, якое ён даў адыёзнай журналістцы Панчанцы.

Hавiны
«Ты прыкрый мяне, калі што». Лукашэнка пакляўся, што не ведаў пра планы Пуціна напасці на Украіну
2023.08.18 00:06

Я лічу, што калі будуць падобнага кшталту сігналы, калі на лукашэнкаўскія маніпуляцыі, на ягоныя наратывы, спробы грамадскую думку намацаць і знайсці прыхільнікаў павядуцца палітычныя стэйкголдэры на Захадзе, то гэта нашкодзіць усяму свету. Гэта небяспечна. Калі ўдасца замарозіць вайну ва Украіне (я думаю, гэта можа быць у сярэднетэрміновай перспектыве ці даўжэйшай), можа быць вялікая катастрофа для ўсяго свету.

У Бруселі паўтараюць, што не пойдуць на перамовы і гандаль з Лукашэнкам. Гэта зразумела. Калі ён сам сабе прычапіў ярлык суагрэсара ва ўсіх афіцыйных дакументах, ад яго цяжка пазбавіцца. Вагнэраўцы ёсць ці няма, гэта справы прынцыпова не мяняе. Калі казаць пра тое інтэрв’ю і тэмы, якія закрануў у размове з Панчанкай, навошта ён гэта зрабіў? Зразумела, ён хоча, каб яго цытавалі, глядзелі. «Пул першага» хваліцца мільёнамі праглядаў. Якія галоўныя мэсіджы ён хацеў адправіць свету гэтым інтэрвʼю?

Я згодны, што сэнс гэтага інтэрвʼю ў прасоўванні наратываў і ў тым, каб праверыць, якая грамадская думка ва Украіне. Панчанка – не выпадковы персанаж, этнічная ўкраінка, калабарантка. Сам Лукашэнка прагаварыўся, што чытае ейны тэлеграм-канал. Яны наўмысна яе запрасілі, каб агучыць пэўныя наратывы. І асноўны з іх не Украіне пагражаць, а ўжо можна згортваць «спецыяльную ваенную аперацыю», мэты дасягнутыя, Украіна больш не будзе агрэсіўнай. Другі – я моцны гулец, сталёвы чалавек, Пуцін стаў мудрэйшы і мацнейшы.

Ультыматум Лукашэнкі. Такое словазлучэнне зʼявілася ў некаторых аналітычных матэрыялах. Між іншага, у сурʼёзным аналізе «Belarus in focus». Гэта звязана вось з якой цытатай Лукашэнкі: «Калі вы не спыніцеся (маецца на ўвазе Украіна і контрнаступ) і не сядзеце за перамовы, то моцы Расеі хопіць, і ніякі Захад вам не дапаможа. Узяць галаву ў рукі і дзейнічаць, зыходзячы з рэаліяў». Ён мае на ўвазе акупаваныя тэрыторыі, бо паказвае ў той момант указкай мапу. І сыходзячы з інтарэсаў гэтай агромністай прыгожай тэрыторыі – і тут ён паказаў тэрыторыю Украіну, якая не акупаваная расейцамі. Як лічыш, гэта ягоная ўласная псеўдаміратворчая ініцыятыва ці на паслугах Крамля працуе спікерам і транслюе тое, што выгадна Крамлю, набівае сабе палітычныя балы ў Маскве?

Я лічу, што гэта ўсё з Пуціным узгоднена, што яны ў адной звязцы дзейнічаюць. Увогуле ў іх стылі дзейнічаць пагрозамі. Але я лічу, што асноўны наратыў, які мне пачуўся ў гэтым інтэрвʼю, што мэты «СВА» дасягнутыя, мы гатовыя да перамоваў, але вайна цягнецца, і мы ў чымсьці былі вінаватыя, але заднім розумам, казаў ён, думаць не будзеш.

Вось іх задача – распачаць нейкія перамовы, каб Лукашэнка таксама быў перамоўнікам, асноўным ці адным з асноўных.

Ён жа не аднойчы казаў, што ён і Канстытуцыю Украіны напісаў, і ён хацеў рэферэндум на Данбасе правесці, і вайны б не было. Давайце, я цяпер ускладу на сябе гэтую місію, і ўсё будзе класна, і не будзе вайны. Але зноў жа, калі на гэтую маніпуляцыю павядуцца, то гэта будзе азначаць вялікую небяспеку для свету.

Ці ёсць нейкі мінімальны шанец, што суўдзельнік у агрэсіі можа быць перамоўнікам хоць у нейкай там ролі?

На жаль, можа, бо Лукашэнка, як бы яго ні выстаўлялі бульбяным ласём, у плане палітычных маніпуляцыяў геніяльны чалавек. На гэтыя маніпуляцыі шмат гадоў вяліся ўкраінцы. Я думаю, што ў палітычным эстэблішмэнце заходніх краінаў могуць знайсціся прыхільнікі, якія могуць паверыць пэўным маніпуляцыям. Лукашэнка, ёсць такая імавернасць, будзе сурʼёзным гульцом.

Абноўлена
Лукашэнка: «Я і не мусіў запэўніваць бяспекі Прыгожына»
2023.08.25 17:40

Што зрабіць, каб Захад і Украіна зноў не павяліся на развод Лукашэнкі?

Захад павінен разумець, што Беларусь – у сферы ўплыву Расеі, гэта вялікая небяспека для краінаў Балтыі, Польшчы, Украіны. Беларусь трэба выдзіраць любымі спосабамі са сферы арбіты Расеі, і Расею аслабляць і фрагментаваць. Гэта адзіны шанец пазбегчы вялікай катастрофы. І тут з такімі людзьмі, як Лукашэнка, патрэбная рашучасць, агрэсія і хітрасць.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 25.08.2023 belsat.eu

Стужка навінаў