Тэнісістка Арына Сабаленка выказалася супраць вайны і пра стаўленне да Лукашэнкі


Пасля дзвюх адмоваў ад удзелу ў прэс-канферэнцыі пасля матчаў на турніру Roland Garros беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўсё ж вырашыла пагутарыць з журналістамі. Гэта здарылася 6 чэрвеня, пасля перамогі над украінкай Элінай Світалінай, якая пасля матчу не паціснула руку беларусцы. Падчас прэс-канферэнцыі Сабаленка выказалася супраць вайны і пра стаўленне да Лукашэнкі, паведамляе Tribuna.com.

Арына Сабаленка святкуе перамогу ў чвэрцьфінале жаночага адзіночнага разраду на адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе Roland Garros у Парыжы, Францыя. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Xinhua / Gao Jing / East News

Чвэрцьфінальны матч Roland Garros паміж Арынай Сабаленкай і Элінай Світалінай адбыўся 6 чэрвеня. У ім Сабаленка выйграла з лікам 6:4, 6:4. Аднак пасля матчу суперніца адмовілася паціснуць руку Арыне, за што парыжская публіка асвістала ўкраінскую тэнісістку.

Пасля заключнага розыгрышу Сабаленка адправілася да сеткі, чакаючы, што Світаліна ўсё ж пацісне ёй руку. Аднак украінка прайшла міма яе, падзякавала суддзі і адправілася да сваёй лаўкі.

«Не ведаю, чаму Сабаленка чакала мяне каля сеткі. Ці напаліла яна гэтым сітуацыю на трыбунах? Нажаль, думаю, што так. Я не вельмі зважаю [свіст трыбун]. Я не долар, каб падабацца ўсім. Я не збіраюся прадаваць сваю краіну дзеля сімпатый людзей», – пазней сказала Світаліна на прэс-канферэнцыі.



Пасля гэтага Арына вырашыла ўсё ж такі адправіцца на прэс-канферэнцыю, дзе ўжо не стала адмаўляцца адказваць на пытанні пра Лукашэнку і вайну. Яна сказала, што не вельмі добра сябе адчувала праз адсутнасць традыцыйных размоваў з журналістамі.

«Мне было вельмі дрэнна, што не прыйшла на прэсавую канферэнцыю. […] Але на апошняй прэс-канферэнцыі я адчула, што яна ператварылася ў палітычнае тэлешоу, а я не эксперт у палітыцы. Я проста тэнісістка», – сказала Сабаленка.

Пасля гэтага, адказваючы на пытанні журналістаў, Сабаленка расказала, што Лукашэнка наведваў матчы зборнай Беларусі ў Кубку федэрацый, а ў гэты час «нічога дрэннага не адбывалася ні ў Беларусі, ні ва Украіне, ні ў Расеі».

«Я шмат разоў казала – я не падтрымліваю вайну. Я не хачу, каб мая краіна была ўцягнутая ў вайну. […] Я не падтрымліваю вайну, гэта значыць не падтрымліваю Лукашэнку прама цяпер», – заявіла Сабаленка.

У канцы траўня, на тэнісным турніры Roland Garros украінская спартоўка Марта Касцюк таксама адмовілася ад пасляматчавага поціску рукі з Арынай Сабаленкай. Пасля гэтага беларуска прымала ўдзел у прэс-канферэнцыі і ўжо тады заяўляла, што не падтрымлівае вайну ва Украіне: «Што тычыцца сітуацыі ва Украіне, я шмат разоў казала: ніхто ў гэтым свеце – ні расейскія спартсмены, ні беларускія – тое, што адбываецца, не падтрымліваюць. Ніхто. Як мы можам гэта падтрымліваць? Звычайныя людзі ніколі не стануць гэтага рабіць. Чаму мы павінны аб гэтым крычаць? Гэта як 1+1. Калі б мы маглі нешта зрабіць, то зрабілі б. Але, на жаль, гэта не ў нашых сілах».

Аднак нагадаем, што ў 2020 годзе Арына Сабаленка падпісала праўладны ліст спартоўцаў. Таксама спартсменка брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Аляксандра Лукашэнкі за 2021 год.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў