Літоўская мытня не пажартавала і не памылілася: грамадзянам таксама забаронена везці харчовыя тавары


Ад 3 ліпеня дзее забарона на імпарт у Літву харчовых тавараў з Беларусі і Расеі. Як аказалася, мытнікі трактуюць гэта як забарону для фізічных асобаў на ўвоз з Беларусі ў Літву нават гарбаты ў тэрмасе. «Белсат» атрымаў каментар мытні.

Харчы, якіх літоўская мытня не прапусціла на мяжы з Беларуссю. Мядзінінкай, Літва. 4 чэрвеня 2024 года.
Фота: МотолькоПомоги / Telegram

«Літоўская мытня інфармуе, што выконвае пастанову ўраду Літоўскай Рэспублікі, у якой не прадугледжаныя выключэнні, у тым ліку для фізічных асобаў», – напісалі на запыт «Белсату» ў мытні.

Да адказу дадалі спасылку на навіну ад 30 траўня з анонсам забароны на ўвоз тавараў.

Карыстальнікі чатаў расказваюць, што забарона тычыцца практычна ўсіх прадуктаў харчавання: не прапускаюць ні зробленых у дарогу бутэрбродаў, ні нават гарбаты ў тэрмасе, не кажучы ўжо аб таварах з крамаў «Duty free». Часам не прапускаюць лекаў. На пунктах пропуску збіраюцца кучы ежы і пітва, што мытнікі забаранілі ўвозіць. На «гарачай лініі» мытні журналісту «Белсату» параілі проста «нічога не везці», а на лекі мець рэцэпты.

Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, увечары 3 чэрвеня расказаў «Позірку», што дэмакратычныя сілы размаўлялі з уладамі Літвы аб змякчэнні ці ўдакладненні гэтых санкцыяў і «атрымалі канструктыўную рэакцыю».

Дарадца Ціханоўскай Алесь Аляхновіч назваў абмежаванні для фізічных асобаў памылкаю. Ён адзначыў, што ў 2023 годзе імпарт з Беларусі і Расеі ў Літву дасягнуў гістарычнага мінімуму: з Беларусі Літва ўвезла тавараў толькі на 302 млн долараў, што склала 0,6 % ад агульнага імпарту. І падсанкцыйныя тавары – траціна ад гэтага імпарту. Таму ў маштабах усёй Літвы гэта мізэрныя змены, але яны закранулі звычайных грамадзянаў Беларусі, якія вязуць з сабой для асабістых мэтаў прадукты харчавання і лекі (а лекаў наогул не было ў санкцыйных спісах, аднак іх правоз часам забараняюць).

«Такія дзеянні больш шкодзяць звычайным беларусам, чым рэжыму Лукашэнкі, – заявіў Аляхновіч. – Абмежаванні ў адносінах да фізічных асобаў – гэта памылка, і мы будзем звяртацца да літоўскага боку з прапановай перагледзець працу мытнай службы».

Акрамя таго, 4 чэрвеня 2024 года набылі моц новыя правілы экспарту легкавых аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў, у Беларусь і Расею. Не выключана, што ўвядуць і абмежаванні для праходу мяжы без чаргі, бо перавознікі прыдумалі схему з правозам фальшывых «недзеяздольных».

Агляд
Мяжа з Літвой: машыны везці цяжэй, чэргі маюць зменшыцца, прадукты могуць пачаць прапускаць
2024.06.04 07:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў