ААН: у Нагорным Карабаху засталося не больш за тысячу армянаў


Паводле звестак місіі ААН, у Нагорным Карабаху засталося ад 50 да 1000 этнічных армянаў пасля таго, як у апошнія дні больш за 100 тысяч жыхароў яго пакінулі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай паводле вынікаў паездкі місіі ААН у Нагорны Карабах.

Назіральнікі не выявілі ў Сцепанакерце (Ханкендзі) прыкметаў пашкоджання цывільнай інфраструктуры, школаў, лякарняў, культурных і рэлігійных будынкаў. Няма таксама звестак пра гвалт у дачыненні мірнага насельніцтва пасля спынення агню. Аднак чальцоў місіі ААН уразіла, наколькі апусцеў горад.

«Місія была ўражаная тым, як імкліва мясцовае насельніцтва пакінула свае дамы, і тым, якія пакуты гэта, напэўна, выклікала», – гаворыцца ў заяве.

Паводле крыніцаў місіі, ва ўсім Карабахскім рэгіёне засталося ад 50 да 1000 этнічных армянаў.

Яшчэ нядаўна колькасць армянскага насельніцтва Нагорнага Карабаху ацэньвалася прыкладна на 120 тысяч чалавек.

Нагадаем, 19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну пачалі масава эміграваць у Арменію.

Кіраўнік Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэл Шаграманьян 28 верасня пастанавіў зліквідаваць усе «дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі». Рэспубліка спыніць сваё існаванне 1 студзеня 2024 года.

Меркаванні
Дзе я, а дзе Арцах? – Побач!
2023.10.02 15:07

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў