«Financial Times»: ЕЗ можа аднавіць РФ доступ да SWIFT для збожжавай угоды


Еўразвяз можа пайсці на саступку Расеі, аднавіўшы доступ да SWIFT дзеля збожжавай угоды. Пра гэта піша выданне «Financial Times» (FT).

Ладаванне збожжа.
Фота: Міністерство інфраструктури України / Facebook

3 ліпеня стала вядома, што Еўразвяз можа аднавіць Расеі доступ да міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы SWIFT. У прыватнасці вядзецца пра аднаўленне доступу гэтай сістэмы «Россельхозбанка» ў якасці ўмовы падаўжэння збожжавага пагаднення. Гэты банк цесна звязаны з сакратаром Савету бяспекі РФ Мікалаем Патрушавым, які застаецца пад персанальнымі санкцыямі з 2018 года. З 24 лютага 2022 года праз уварвання Расеі ва Украіну Патрушаў зазнаў паўторныя персанальныя санкцыі ЗША, Вялікай Брытаніі, Японіі ды іншых краінаў.

Паводле інфармацыі крыніцаў «FT», ЕЗ разглядае магчымасць аднаўлення доступу «Россельхозбанка» да SWIFT. І цяпер афіцыйныя асобы ацэньваюць законнасць і магчымасць рэалізацыі плану, згодна з якім гэты банк створыць даччыную кампанію, якая і здолее аднавіць сувязь з міжнароднаю міжбанкаўскаю сістэмаю.

Выданне ссылаецца на афіцыйных асобаў ЕЗ, якія кажуць, што пагрозы Расеі разарваць збожжавае пагадненне цяпер больш сурʼёзныя, чымся тое было раней. Каб падоўжыць дзеянне пагаднення, у ЕЗ разглядаюць розныя захады, у тым ліку змякчэнне санкцыяў у дачыненні канкрэтных расейскіх кампаніяў або дазвол РФ экспартаваць пэўныя тавары.

«FT» піша, што прыхільнікі саступкі адносна доступу да SWIFT называюць яе «найменш дрэнным варыянтам» развязання праблемы. Пры гэтым магчымасць такой саступкі ўскладняецца тым, што «Россельхозбанк» цалкам належыць расейскім уладам. Дзмітрый Патрушаў, які раней быў выканаўчым дырэктарам банку, цяпер міністр сельскай гаспадаркі, а ягоны бацька Мікалай Патрушаў – памочнік Уладзіміра Пуціна і сакратар Савету бяспекі РФ. Менавіта Мікалай Патрушаў адыграў важную ролю ў развязванні вайны супраць Украіны.

Як раней паведамляў «Белсат», 22 ліпеня 2022 года ў Стамбуле падпісалі пагадненне, якое прадугледжвае разблакаванне ўкраінскіх партоў «Адэса», «Паўднёвы» і «Чарнаморск» для экспарту ўкраінскага збожжа ды іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Кіраўнік Міністэрства інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу падпісалі асобныя ідэнтычныя пагадненні з Турцыяй і ААН. Украіна цалкам кантралюе парты, з якіх павінен адбывацца экспарт збожжа.

Першы 1 мільён тонаў украінскага збожжа адгрузілі 27 жніўня, за 26 дзён працы «збожжавага калідору». За названы перыяд у межах рэалізацыі ініцыятывы для бяспечнага транспартавання збожжа і харчоў Украіна адправіла са сваіх партоў 44 караблі са збожжам у 15 краінаў свету.

Першы карабель з украінскім збожжам у межах збожжавай угоды выйшаў у мора з порту Адэсы 3 жніўня 2022 года. Пасля пачатку рэалізацыі ўгоды Расея ўжо неаднаразова заяўляла пра выхад з яе пад рознымі падставамі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў