Першы карабель са збожжам выйшаў з адэскага порту. На борце – 26 тысяч тонаў кукурузы


Першае судна з украінскім збожжам пакінула адэскі порт. Пра гэта на сваёй старонцы у Facebook паведаміў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў. У партах Адэсы чакаюць чаргі яшчэ 16 караблёў са збожжам, якія былі заблакаваныя з пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне.

Першы карабель са збожжам, які выправіўся з Адэсы, – судна «Razoni». Карабель, які ідзе пад сцягам Сьера-Леонэ, накіруецца ў порт Трыпалі ў Ліване. На яго борце – 26 тысяч тонаў украінскай кукурузы.

«Карабель будзе ісці па калідоры, бяспека якога пацверджаная нашымі партнёрамі-гарантамі – ААН і Турцыяй», – паведамляе Аляксандр Кубракоў.

Міністр дадаў, што Украіна – чацвёрты ў свеце экспарцёр кукурузы, таму магчымасць яе вывазу морам ёсць «каласальным крокам для гарантавання глабальнай харчовай бяспекі».

«Разблакаванне партоў дасць не менш за 1 млрд долараў валютнай выручкі для эканомікі і магчымасць аграрнаму сектару планаваць пасяўную ў наступным годзе», – адзначыў ён.

22 ліпеня ў Стамбуле было падпісанае пагадненне, якое прадугледжвае разблакаванне ўкраінскіх партоў «Адэса», «Паўднёвы» і «Чарнаморск» для экспарту ўкраінскага збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Кіраўнік міністэрства інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу падпісалі асобныя ідэнтычныя пагадненні з Турцыяй і ААН. Украіна цалкам кантралюе парты, з якіх павінен адбывацца экспарт збожжавых.

Hавiны
МВФ: Глабальны эканамічны рост запавольваецца на фоне змрочных і больш нявызначаных перспектыў
2022.07.26 18:33

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў