У Расеі заявілі аб выхадзе са збожжавага пагаднення. Што вядома


Расея выходзіць са збожжавай здзелкі пасля нападу на караблі Чарнаморскага флоту ў Севастопалі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Мінабароны РФ. Свае заявы зрабілі МЗС і Мінсельгасхарч Расеі і прэс-сакратар прэзідэнта Украіны.

Першае судна з украінскім збожжам «RAZONİ».
Фота: tcsavunma / Twitter

Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі вечарам 29 кастрычніка заявіла аб тым, што Расея выйдзе з так званай збожжавай дамовы, паводле якой грузы ўкраінскага збожжа без перашкодаў адпраўляліся марскім шляхам на экспарт ў замежныя краіны.

«З улікам праведзенага кіеўскім рэжымам пры ўдзеле спецыялістаў Вялікай Брытаніі тэрарыстычнага акту супраць караблёў Чарнаморскага флоту і грамадзянскіх судоў, задзейнічаных у забеспячэнні бяспекі «збожжавага калідора», расейскі бок прыпыняе ўдзел у рэалізацыі пагадненняў па вывазе сельскагаспадарчай прадукцыі з украінскіх партоў», – гаворыцца ў заяве МА Расеі.

Скрыншот паведамлення МА РФ. Крыніца: VK / mil

Як паведалялася раней, уначы і раніцай 29 кастрычніка на расейскія караблі ў анексаваным украінскім Севастопалі (Крым) была здзейсненая атака беспілотнікамі.

Абноўлена
Самая масавая атака. У Севастопалі расейскія караблі раніцай адбіваліся ад украінскіх беспілотнікаў
2022.10.29 10:58

У сваю чаргу, расейскае МЗС заявіла, што з-за дзеянняў украінскіх вайскоўцаў «Масква не можа гарантаваць бяспеку грамадзянскіх сухагрузаў, якія ўдзельнічаюць у пагадненні». Таму дзеянне пагаднення «прыпыняецца на нявызначаны тэрмін, адпаведныя ўказанні дадзены расейскім прадстаўнікам у Сумесным каардынацыйным цэнтры ў Стамбуле».

Заявы Расеі пракаментавалі і ва Украіне. Як паведамляе «Інтерфакс-Украіна», украінскі бок чакае рэакцыі Турцыі і ААН на заяву РФ аб выхадзе са «збожжавай ініцыятывы». Аб гэтым заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў.

«Украіна не падпісвала з РФ ніякіх «збожжавых пагадненняў». Падпісантамі зʼяўляюцца Расея, Турцыя і ААН. А Украіна не падпісвала з Расеяй ніякіх пагадненняў, таму што разумее, што яна амаль ніколі не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі. Таму чакаем рэакцыі падпісантаў», – заявіў Нікіфараў.

Тым часам расейскае Міністэрства сельскай гаспадаркі заявіла, што ўкраінскае збожжа не даходзіла ў малазабяспечаны краіны, а ішло ў Італію, Іспанію, Нідэрланды. Паводле міністра сельскай гаспадаркі РФ Дзмітрыя Патрушава, краіны ЕЗ атрымлівалі часам да 100% грузу замест краін, якія маюць у гэтым патрэбу.

«Мы бачым, насамрэч, куды накіроўваліся судны з Украіны – гэта Італія, Іспанія, Нідэрланды… Па некаторых грузах – па рапсе, па кукурузе, па соевых бабах – доля краін ЕЗ складае ад 60% да 100%. Гэта значыць зусім не тыя дзяржавы, якія рэальна адчуваюць вострую патрэбнасць у харчаванні і раней традыцыйна закуплялі ўкраінскую прадукцыю», – цытуе Дзмітрыя Патрушава агенцыя «РИА Новости».

Патрушаў лічыць, што «збожжавая здзелка, на вялікі жаль, не толькі не вырашыла праблемы краін, якія маюць у гэтым патрэбу, але і нават у нейкім сэнсе пагоршыла іх».

Hавiны
МЗС Украіны пра спыненне «збожжавай здзелкі»: Расея павінна спыніць свае «галодныя гульні»
2022.10.29 20:55

Як працавала «збожжавая здзелка»

Першы 1 мільён тонаў украінскага збожжа быў адгружаны па стану на 27 жніўня, за 26 дзён працы «збожжавага калідору». За названы перыяд у межах рэалізацыі ініцыятывы для бяспечнага транспартавання збожжа і харчоў Украіна адправіла са сваіх партоў 44 караблі са збожжам ў 15 краінаў свету.

Першае судна з украінскім збожжам у межах «збожжавай здзелкі» выйшла ў мора з порта Адэсы 3 жніўня 2022 года.

22 ліпеня ў Стамбуле было падпісанае пагадненне, якое прадугледжвае разблакаванне ўкраінскіх партоў «Адэса», «Паўднёвы» і «Чарнаморск» для экспарту ўкраінскага збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Кіраўнік міністэрства інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу падпісалі асобныя ідэнтычныя пагадненні з Турцыяй і ААН. Украіна цалкам кантралюе парты, з якіх павінен адбывацца экспарт збожжавых.

Hавiны
Расею западозрылі ў крадзяжы ўкраінскага збожжа на 500 мільёнаў долараў
2022.10.04 14:51

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў