Марыя Калеснікава застанецца ў шпіталі да панядзелка


Палітзняволеная Марыя Калеснікава, якая 28 лістапада са штрафнога ізалятару трапіла ў рэанімацыю, застанецца ў шпіталі да панядзелка. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Виктор Бабарико».

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / Белсат

Аляксандр Калеснікаў, бацька Марыі, сустрэўся з доктарам. Той расказаў, што пацыентка паснедала, пачуваецца нармальна, і запэўніў: лячэнне працягваецца згодна з пратаколам, усім неабходным Марыя забяспечаная. Дактары робяць усё магчымае.

З рэанімацыі Марыю 1 снежня перавялі ў першае хірургічнае аддзяленне, яе змог наведаць бацька. Яна ведае ад дактароў свой дыягназ, а таксама тое, што і як аперавалі. Аляксандру Калеснікаву дыягназу не паведамілі.

«Апетыт нармальны, Маша паснедала ёгуртам і кашай. Яе наведваў доктар з калоніі, які запэўніў: пасля выпіскі з бальніцы Марыі забяспечаць належныя ўмовы і догляд», – распавядаў Аляксандр Калеснікаў 1 снежня.

Нагадаем, палітзняволеную прывезлі ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй і 28 лістапада зрабілі аперацыю. Пасля гэтага яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем трапіла ў рэанімацыю. 30 лістапада Марыю павінны былі перавесці ў хірургічнае аддзяленне. У той жа дзень стала вядома, што яе вартуюць тры чалавекі з аўтаматамі, а з бацькам размаўляць не даюць.

Да шпіталю Калеснікаву трымалі ў штрафным ізалятары гомельскай калоніі № 4. Праўда, няма інфармацыі пра тое, з якога дня і на які тэрмін яе туды змясцілі. У адміністрацыі калоніі пра шпіталізацыю нічога не сказалі і адваката да зняволенай не дапускалі.

Hавiны
«Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці». У ЗША паведамілі, што сочаць за здароўем Калеснікавай
2022.11.30 09:37

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў