навіны

Іранскі аятала прыгразіў Трампу «непапраўнай шкодай» у выпадку ваенных дзеянняў з боку ЗША

Алі Хамэнэі
Іранскі духоўны лідар аятала Алі Хамэнэі. Фота: tasnimnews.com
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп запатрабаваў ад Ірану безумоўнай капітуляцыі, на што іранскі духоўны лідар Алі Хамэнэі ў сваім звароце на мясцовым тэлебачанні 18 чэрвеня заявіў, што ягоная краіна ніколі на гэта не пагодзіцца, а іранскі народ ніколі не здаецца.

Хамэнэі таксама сказаў, што ЗША зазнаюць «непапраўную шкоду» ў выпадку ваенных дзеянняў супраць Ірану. Паводле словаў аяталы, «іранскі народ будзе смела змагацца ў навязанай вайне гэтак жа, як і супрацьстаяць навязанаму міру».


Паводле Хамэнэі, «мудрыя людзі, знаёмыя з гісторыяй і характарам іранскага народу», ніколі не будуць размаўляць з ім на мове пагрозаў, бо ведаюць, што ніколі не здолеюць яго падпарадкаваць.

,,

«Амерыканцы павінны памятаць: любыя ваенныя дзеянні супраць Ірану непазбежна нанясуць ім непапраўную шкоду», – сказаў лідар Ісламскай рэвалюцыі.


Чытайце таксама:
Ізраільскі вайсковы самалёт рыхтуецца да вылету. Чэрвень 2025 года. Фота: Israel Defense Forces / Telegram

Ізраіль – Іран: колькі яшчэ працягнецца канфлікт, чым скончыцца і як паўплывае на свет

Трамп заяўляў, што ЗША могуць умяшацца ў канфлікт, і падкрэсліў, што дасюль такога ўмяшання не было.


Ізраільскі прэм'ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу ў інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу «ABC News» 16 чэрвеня сказаў, што калі вярхоўны лідар Ірану будзе забіты, гэта не прывядзе да эскалацыі канфлікту, а «пакладзе гэтаму канфлікту канец».


«Reuters» са спасылкай на неназваных амерыканскіх чыноўнікаў паведамляла, што Трамп забараніў Ізраілю ліквідацыю Алі Хамэнэі. Паводле аднаго з суразмоўцаў агенцтва, Вашынгтон не гатовы ўхваліць такіх захадаў, пакуль Іран наўпрост не нанясе ўдар па амерыканскіх грамадзянах.


Кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі Ізраілю Цахі Ганэгбі назваў гэтае паведамленне «фэйкам з краіны фэйкаў». А «The Wall Street Journal» са спасылкай на ізраільскага чыноўніка пісаў, што Хамэнэі «не застрахаваны» ад нападаў падчас вайсковай аперацыі Ізраілю.


У сваю чаргу, «Iran International» са спасылкай на крыніцы паведаміў, што Хамэнэі разам з сям’ёй праз некалькі гадзінаў пасля пачатку ізраільскай аперацыі схаваўся ў падземным бункеры на паўночным усходзе Тэгерану. Паводле адной з крыніцаў, Цагаль 15 чэрвеня нанёс удар па аэрапорце Машгаду, што за 2,3 тыс. км ад Ізраілю, каб прадэманстраваць, што Хамэнэі нідзе не здолее пачувацца ў бяспецы.


Ізраіль атакаваў вайсковыя і ядравыя аб’екты Ірану ў ноч на 13 чэрвеня. Паводле Ізраілю, Тэгеран быў за крок ад стварэння ядравай бомбы, таму і адбылася атака. У адказ Іран абстраляў Ізраіль сотнямі ракетаў і патлумачыў гэта самаабаронаю.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10