навіны

Дзяніс Кучынскі: Трэба вяртаць Беларусь у парадак дня Злучаных Штатаў

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў падчас сустрэчаў у ЗША, травень 2025 года. Фота: Светлана Тихановкая/Telegram
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў падчас сустрэчаў у ЗША, травень 2025 года. Фота: Светлана Тихановкая/Telegram
podpis źródła zdjęcia

Завяршыўся першы візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША пасля абрання Доналда Трампа прэзідэнтам. Дарадца абранай прэзідэнткі ў пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі расказаў «Белсату» пра вынікі.

«Гэта першы візіт як для сустрэчы з новай адміністрацыяй, гэтак і з адноўленым Сенатам і Кангрэсам. Ёсць падабенства з 2021 годам, калі мы толькі выбудоўвалі стасункі са Злучанымі Штатамі. Ясна, што цяпер больш і сяброў, і хаўруснікаў.

 

Але цяпер усё гэтак сама, як у 2021-м: трэба вяртаць Беларусь у парадак дня Злучаных Штатаў. Адбыліся добрыя сустрэчы ў Кангрэсе з сенатарамі Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў», – адзначае Дзяніс Кучынскі.

 

Былі сустрэчы і ў Дзяржаўным дэпартаменце, у тым ліку з Крысам Смітам, які адказвае за пытанне Беларусі ў новай адміністрацыі, ён цяпер асноўнае звяно гэтай супрацы, у тым ліку ў такім важным пытанні, як вызваленне палітычных вязняў.

,,

«Абмяркоўвалі магчымасці прызначэння спецпасланніка ЗША ў справе Беларусі. Гэта важна, бо бачым з мінулага прыкладу: калі такі спецпасланнік ёсць, гэта дапамагае стасункам быць больш частымі, карыснымі, эфектыўнымі. Як калі Джулі Фішэр была на гэтай пасадзе. 


Безумоўна, размаўлялі пра аднаўленне праграмаў падтрымання грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў, рэпрэсаваных», – працягвае суразмоўца.

 

Кучынскі застаецца ў кантакце з дарадцамі віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнса, з якімі ў ЗША атрымаліся кароткія сустрэчы:

,,

«Мне падаецца, у нас ёсць вялікі патэнцыял для працы з новай адміністрацыяй, але давядзецца прыкласці нямала намаганняў. Бо мы бачым, што гэтая адміністрацыя спрабуе розныя падыходы ў розных рэгіёнах. Еўропа не абавязкова будзе ў першасным фокусе, але гэта не азначае, што яе не будзе наагул. 


Апошні выступ Вэнса ў Вашынгтоне на гэтым тыдні паказвае: ёсць вялікая прастора для развіцця еўрапейска-амерыканскіх стасункаў, а таксама дэмакратычнай Беларусі і Злучаных Штатаў. Таму мы будзем працягваць гэтую працу».

 

Раней быў падпісаны Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Але калі ён запрацуе ў рэальнасці? Дарадца Святланы Ціханоўскай кажа, што была гаворка ў Кангрэсе, у тым ліку з Крысам Смітам, пра тое, каб «трошкі аднавіць» акт:

 

«З мінулага года ёсць рэчы, якія патрабуюць аднаўлення. Напрыклад, пра непрызнанне выбараў. Альбо мы таксама размаўлялі пра вельмі важную для цяперашняй амерыканскай адміністрацыі тэму – колькасць рэпрэсіяў, у тым ліку супраць рэлігійных супольнасцяў у Беларусі. Гэтыя тэмы вельмі рэзанавалі ў ЗША. Мы дамагаліся, каб яны трапілі ў Акт аб дэмакратыі».

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская  падчас сустрэчаў у ЗША, травень 2025 года. Фота: Светлана Тихановкая/Telegram
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас сустрэчаў у ЗША, травень 2025 года. Фота: Светлана Тихановкая/Telegram

Кучынскі прызнаецца, што лёс акту няпросты: каб яго падаць у адноўленым выглядзе, патрэбны кансэнсус некалькіх камітэтаў Кангрэсу, а таксама час на прыняцце зменаў:

 

«Я не магу сказаць, што гэта будзе зроблена за найбліжэйшы месяц ці месяцы, але першы крок на гэтым шляху зроблены. І цяпер трэба проста як мага больш працаваць з Кангрэсам, з кангрэсменамі, з камандаю Крыса Сміта, з Камітэтам замежных справаў, каб прасунуць гэты дакумент, каб ён стаўся прыярытэтным».

 

На думку суразмоўцы, нейкія зрухі ў справе прыняцця абноўленага дакументу могуць адбыцца цягам гэтага года.

 

Падчас візіту абмяркоўвалі і такое важнае пытанне, як падтрыманне ЗША грамадскай супольнасці і незалежных медыяў, у тым ліку лёс радыё «Свабода». Гэтая тэма прысутнічала амаль на кожнай сустрэчы, адзначыў Дзяніс Кучынскі. Дакладнай інфармацыі пра магчымасць аднавіць праграмы пакуль няма, «але агулам разуменне іх важнасці мы адчулі», адзначае суразмоўца.

,,

«Маё асабістае адчуванне па выніках сустрэчаў і з рэспубліканцамі, і з дэмакратамі – праграмы падтрымання медыяў важныя не толькі для Беларусі, але і для ЗША, бо яны трапляюць у такую графу, як нацыянальная бяспека, нацыянальныя інтарэсы», – падзяліўся ўражаннямі дарадца Ціханоўскай.


На думку Кучынскага, у гэтай сітуацыі, калі пытанне дапамогі абмяркоўваецца і вызначаецца яго будучыня, для Беларусі вельмі важна працягваць казаць пра важнасць менавіта нашых праграмаў:

 

«Праграмы ЗША паскарачаліся па ўсім свеце, іх вяртанне адвакатуе цэлы шэраг людзей. Таму наш голас павінен быць яшчэ больш гучны, яшчэ больш прысутны і гучаць мусіць яшчэ часцей, каб пра нас не забыліся».

Падчас візіту ў Злучаныя Штаты дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з 43-м прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам. Фота: Светлана Тихановкая/Telegram
Падчас візіту ў Злучаныя Штаты дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з 43-м прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам. Фота: Светлана Тихановкая/Telegram

«Цёплай і карыснаю» назваў дарадца Святланы Ціханоўскай сустрэчу з былым прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам: «Мы размаўлялі пра магчымасці супольнай працы, захадаў і актыўнасцяў, дзе мы маглі б падкрэсліць важнасць Беларусі, важнасць змагання з дыктатурай і рэпрэсіямі ўва ўсім свеце, і што гэта таксама ў інтарэсах ЗША».

 

Дзяніс Кучынскі нагадаў, што пасля пратэстаў 2006 года менавіта дзякуючы намаганням Джорджа Буша былі вызваленыя беларускія палітычныя вязні, і гэта быў вынік ціску з боку ЗША ды пагрозаў дадатковых санкцыяў.

Больш глядзіце ў нашым сюжэце:


Арсен Рудэнка belsat.eu 


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10