Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвясціў 8 траўня Днём перамогі ў Другой сусветнай вайне і назваў гэтую дату адной з самых вялікіх перамог сілаў свабоды ў гісторыі свету. Афіцыйнае паведамленне апублікаванае на сайце Белага дому.
Разам з перамогай у Другой сусветнай вайне, паводле Трампа, 8 траўня ЗША будуць святкаваць «непераўзыдзеную магутнасць і моц амерыканскіх узброеных сілаў», якія «абяцаюць абараняць нашае святое права на свабоду ад усіх пагрозаў, як унутраных, так і вонкавых».
«Сёння нашая краіна з гонарам адзначае 80-ую гадавіну перамогі саюзных дзяржаваў над нацыянал-сацыялізмам і фашызмам і заканчэнне Другой сусветнай вайны ў Еўропе. […] Пасля нападу на Пэрл-Гарбар 7 снежня 1941 года Злучаныя Штаты справядліва ўступілі ў бойку, якая стала вяршыняй вечнай барацьбы паміж дабром і злом. Пасля амаль 4 гадоў самых цёмных і крывавых раздзелаў, калі-небудзь запісаных у гісторыю чалавецтва, больш за 250 000 амерыканцаў загінулі ў барацьбе супраць нацысцкага рэжыму. Сёння і штодня мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто прынёс найвышэйшую ахвяру за сваю краіну, сваю свабоду і выжыванне заходняй цывілізацыі», – напісаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што «без ахвяры амерыканскіх жаўнераў гэтая вайна не была б выйграная і наш свет сёння выглядаў бы кардынальна інакш».
,,«Мільёны бессэнсоўна страчаных душаў служаць напамінам пра тое, чаму мы мусім імкнуцца да міру праз сілу. Я застаюся нязменна адданым справе спыніць гады бясконцых замежных войнаў і перадухіліць далейшыя страты жыццяў. Як я заявіў падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы, мы будзем вымяраць наш поспех не толькі перамогамі ў бітвах, але і войнамі, якія мы скончым, – і маёй найвялікшай спадчынай будзе спадчына міратворцы. […] Такім чынам, я, Доналд Дж. Трамп, прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, у сілу паўнамоцтваў, нададзеных мне Канстытуцыяй і законамі Злучаных Штатаў, абвяшчаю 8 траўня 2025 года днём святкавання Дня перамогі ў Другой сусветнай вайне», – заявіў амерыканскі лідар.
Раней Трамп пісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што мае намер абвясціць 8 траўня ў ЗША Днём перамогі ў Другой сусветнай вайне, а 11 лістапада – Днём перамогі ў Першай сусветнай вайне. Прэзідэнт падкрэсліваў у сваім паведамленні, што ЗША зрабілі больш, чым любая іншая краіна, дзеля перамогі над нацызмам.
«Абедзве вайны выйгралі мы. Астатнія краіны з намі і блізка не параўнаць – ні ў сэнсе вайсковай магутнасці, ні ў мужнасці, ні ў дасканалым камандаванні. Пры гэтым іншыя краіны сваю перамогу святкуюць, а мы – не. Гэта ўсё таму, што няма больш лідараў, якія ведаюць, як гэта рабіць правільна. Так што і мы свае перамогі зноў пачнём святкаваць», – напісаў Трамп.
8 траўня быў падпісаны акт капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны. У ЗША гэты дзень традыцыйна называлі «днём перамогі ў Еўропе» і не адзначалі як свята, бо пасля капітуляцыі Нямеччыны амерыканскія войскі яшчэ да восені ваявалі ў Ціхім акіяне з Японіяй. Другая сусветная вайна цалкам завяршылася толькі 2 верасня 1945 года, пасля капітуляцыі Японіі.
Сёлета Трамп таксама плануе правесці 14 чэрвеня вайсковы парад у гонар 250-годдзя стварэння амерыканскай арміі. У гэты ж дзень прэзідэнт ЗША будзе святкаваць дзень народзінаў – яму споўніцца 79 гадоў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu