У Магілёўскім гандлёвым каледжы адбылася прафарыентацыйная сустрэча, на якой супрацоўнік Жодзінскай турмы № 8 агітаваў навучэнцаў уладкоўвацца на працу ў пенітэнцыярную ўстанову, піша «MayDay».
Што паабяцаў супрацоўнік Жодзінскай турмы навучэнцам магілёўскага каледжу:
• ільготнае будаўніцтва жытла пад крэдыт на 5 % ;
• поўны сацпакет;
• хуткі кар’ерны рост;
• графік працы 2 дні праз 2, 12-гадзінная змена;
• заробак – Br 1350 ($ 443) + штоквартальная прэмія каля Br 500;
• дапамогу да адпачынку на аздараўленне – Br 1400.
У розных базах вакансіяў заробак кантралёру турмы ўказваецца ад Br 1600 да Br 2300, але на рукі супрацоўнікі атрымліваюць менавіта Br 1350, зазначаюць у «MayDay».
Ад кандыдатаў не патрабуюць ні досведу працы, ні вышэйшай адукацыі, а для хлопцаў гэта яшчэ і магчымасць не служыць у арміі, бо праца ў турме афармляецца як альтэрнатыўная служба.
Магілёўскі гандлёвы каледж – структурная адзінка Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэту спажывецкай кааперацыі. Сярод спецыяльнасцяў тут – маркетынг, грамадскае харчаванне, аперацыйная лагістыка, рознічныя банкаўскія паслугі, правазнаўства.
У Турме № 8 у Жодзіне ўтрымліваюцца, сярод іншых, асуджаныя да пажыццёвага тэрміну. Акрамя таго, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», на дзень 5 траўня 2025 года ў гэтай турме застаецца 21 палітычны вязень.
Марыя Міхалевіч belsat.eu