навіны

Ад 5 да 12 гадоў зняволення: распачаўся суд над былымі сілавікамі з Жодзіна

Андрэю Дарошку, Вячаславу Ільічу, Ігару Кісляку, Віталю Папроцкаму і Змітру Удовіну пагражае ад 5-ці да 12-ці гадоў зняволення
Крыніца: ex-press.live
podpis źródła zdjęcia

У Менскім абласным судзе распачаўся працэс над пяццю былымі сілавікамі. Нагода – відэа, якое яны запісалі ў жніўні 2020 года. У дні жорсткіх разгонаў паслявыбарчых пратэстаў пяцёрка былых сілавікоў заклікала міліцыянтаў дзейнічаць згодна з законам.

Цяпер Андрэю Дарошку, Вячаславу Ільічу, Ігару Кісляку, Віталю Папроцкаму і Змітру Удовіну пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Усе яны землякі, працавалі ў Жодзінскім ГАУС, аднак сышлі са службы задоўга да падзеяў 2020 года.

«У сённяшніх абставінах гэта людзі, якія зрабілі гераічны ўчынак, гэта людзі ў пагонах, а іх нават на працягу трыццаці гадоў вучылі быць цэрберамі, у нас праваахоўныя органы не выхоўваліся ў каардынатах, што табе трэба абараняць чалавека», – каментуе падзею дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Пяцёрку былых сілавікоў вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – «нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» і «распальванне варожасці». Іх затрымалі амаль год таму,етась у лютым. Суд распачаўся толькі цяпер.

Паводле прадстаўніка «BELPOL» Андрэя Астаповіча, варта чакаць, што для былых сілавікоў выракі будуць больш суворыя, чым для звычайных удзельнікаў пратэстаў 2020 года.

Гэта не першы такі судовы працэс. У 2020 годзе знайшліся як дзейныя, так і былыя сілавікі, якія выказаліся супраць беззаконня і гвалту. Адказам уладаў на гэта сталі крымінальны пераслед і вялізныя тэрміны зняволення.

«Канечне, на іх прыкладзе стараюцца запалохаць усіх астатніх, хто застаецца ў сілавых структурах, а наша задача – казаць, што сёння яны ў кайданках, а заўтра яны будуць у пашане ў маштабах усёй краіны», – каментуе дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” вядомыя выпадкі палітычнага пераследу прынамсі 74 былых сілавікоў. Некаторыя з іх атрымалі вялізныя тэрміны зняволення. Да прыкладу, былы следчы Яўген Юшкевіч асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А Уладзімір Кніга проста цяпер – у стане інкамунікада. Родныя не маюць звестак ад яго цягам ужо амаль 500 дзён.

«Кожны хто не паспеў пакінуць краіну з сілавікоў і хоць неяк праявіў нелаяльнасць да рэжыму, асабліва публічна, – для ўладаў гэта было вельмі небяспечна, бо мог пасыпацца ўвесь ланцуг, і ўсе сілавікі маглі перайсці на бок народу. Менавіта таму сілавікоў каралі і караюць максімальнымі тэрмінамі», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Андрэй Астаповіч.

Пры гэтым, робяць агворку праваабаронцы, сапраўдная лічба сілавікоў, якіх пераследуюць, можа быць большай за 74. Працэсы над імі праходзяць на закрытых судовых паседжаннях.

Ян Федаровіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10