Вестка пра перайменаванне пакуль толькі валгаградскага аэрапорту, а не самога гораду, у «Сталінград» не прагучала як гром з яснага неба. Настолькі гэта лагічна і паслядоўна ўпісваецца ў цяперашнюю канцэпцыю існавання расейскай дзяржавы, што нават дзіўна, чаму гэтага не адбылося раней.
Незразумела толькі, навошта такія фармальныя цырымоніі, як цэлы зварот губернатара вобласці Андрэя Бачарова да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Чыноўнік сказаў, што да яго часта звяртаюцца людзі, сярод якіх ветэраны Айчыннай вайны і цяперашняй супраць Украіны, з просьбаю даць аэрапорту «сапраўдную, ганаровую, мужную, гераічную назву – «Сталінград».
Эх! Шкада, што таварыш Бачароў нарадзіўся не 113 гадоў таму з тагачаснымі хлопцамі, узрост якіх дазволіў адправіць на фронт біць ворага, а толькі праз 28 гадоў пасля пачатку вайны. Тады б ён напэўна ведаў, што «гераічны» аэрадром падчас Сталінградскай бітвы выкарыстоўвалі выключна гітлераўскія войскі. Шкада, што таварыш Бачароў не расказаў, якім чынам даўно спачылыя ветэраны перадалі яму свае просьбы. Праўда, ёсць яшчэ ўдзельнікі цяперашняй вайны, якую распачала Расея. Ім часам даводзіцца адбіваць напады ўкраінскіх беспілотнікаў на аб'екты Валгаграду. Можа, спадзяюцца, што змена назвы ім дапаможа?

Пуцін тут жа ахвотна адрэагаваў, не ўдакладніўшы, якіх менавіта ветэранаў мае на ўвазе Бачароў: «Іхнае слова для мяне закон. Так і зробім: як толькі вярнуся ў Маскву, адразу ж будзе падрыхтаваны і падпісаны ўказ адпаведны – аб прысваенні аэрапорту наймення і імя Сталінграду».
З ветэранамі ў справе перайменавання Валгаграду гісторыя цягнецца даўно. Яшчэ ў 2014 годзе Пуцін спасылаўся на іх і казаў, што гораду трэба вярнуць ягоную гістарычную назву.
,,Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што гістарычная назва гораду – Царыцын. Так яго назвалі ў 1589 годзе. Сталінградам ён зрабіўся ў 1925-м, калі таварыш Сталін праз год пасля смерці «правадыра сусветнага пралетарыяту» толькі пачынаў станавіцца «правадыром усіх часоў і народаў».
У 1961 годзе Сталінград перайменавалі ў Валгаград, і сёння нават цяжка паверыць, што нейкіх 10 гадоў таму, у 2015-м, Дзярждума адхіліла прапанову аб перайменаванні Валгаграду.
Так і цяпер перайменавалі толькі аэрапорт. Наагул, варта адзначыць, што ў яго апошнім час кепская слава, як бы ён ні называўся. У самым пачатку 2022-га пайшлі размовы пра тое, што стары тэрмінал аэрапорту ўлады хочуць пераабсталяваць у склад трупаў так званых «двухсотых». Гэта выклікала рэзананс, які ўладам з цяжкасцю ўдалося пагасіць.
Але гэта самыя апошнія падзеі. А вось падзеі, што адбываліся ў час легендарнай Сталінградскай бітвы, і сёння да канца не вывучаныя. Занадта шмат напластавалася ідэалагічных міфаў. Самы галоўны з іх – пра выбітную ролю загаду «Ні кроку назад!» Ваенныя гісторыкі сцвярджаюць, што не адыграў ён насамрэч аніякай ролі. Перамаглі, дзякуючы паспяховаму плану аперацыі «Уран», своечасоваму выкарыстанню рэзерваў і стойкасці салдатаў. Тады ўпершыню ўдалося ўзяць у палон такую вялікую колькасць гітлераўцаў – больш за 91 тысячу салдатаў і афіцэраў. Але мала хто ведае, што жывымі з іх засталося не больш за 5 тысячаў.
Вернемся да апошніх падзеяў. 29 красавіка, калі прагучала згода Пуціна на перайменаванне аэрапорту, у Валгаградзе перабываў ягоны адданы паплечнік Аляксандр Лукашэнка. Ці варта нагадваць пра настальгічныя настроі апошняга датычна СССР?
,,Але ў Беларусі пакуль далей «лініі Сталіна» ў гэтым пытанні не рушылі наперад. Хоць ёсць куды расці! Напрыклад, увекавечыць памяць Лаўрэнція Цанавы. Чым ён горшы за Сталіна? Перад самой вайною на ягоны загад былі праведзеныя чатыры масавыя дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі. 31 ліпеня 1941 года ён загадаў расстраляць там каля 4500 вязняў. І гэта яшчэ не ўсе ягоныя «заслугі». У 1948-м было яшчэ забойства Саламона Міхоэлса. Такім чынам, помнік Цанаву ці Сталіну ў Беларусі цалкам сабе рэальная перспектыва.
Рэальная, праўда, у кантэксце збліжэння з Расеяй. Сталінізацыя Расеі – гэта ўжо не проста пагроза, а рэчаіснасць: помнікі Сталіну растуць як грыбы ўва ўсіх без вынятку рэгіёнах Расеі. Прапагандысцкія фільмы, ідэалагічная праца з моладдзю – усё гэта цяпер неабходна палітычнаму рэжыму праз развязаную вайну. Усё ў гэтым пытанні залежыць ад прапаганды. Чым больш будзе размоваў пра ворагаў вакол Расеі, тым больш інтэнсіўна будзе ісці сталінізацыя.

Праўда, ёсць яшчэ адзін фактар. Левада-Цэнтр пасля праведзенага апытання робіць высновы: у пагрозлівых зменах настрояў расейцаў на карысць сталінізму за апошнія 10 гадоў мае значэнне адукацыя і маёмаснае становішча – малаадукаваныя і малапрыбытковыя больш падтрымліваюць дыктатара. І важную ролю адыгрывае адсутнасць элементарнага досведу. Бо сучасныя расейцы не жылі ў эпоху сталінізму і мала што пра яе ведаюць.
,,Вось гэта бяда і беларусаў – не было суда над зверствамі бальшавікоў, не было публікацыі архіўных звестак. Вось і стаяць помнікі Леніну як указальнікі шляху, і на іх не напісана, што ён вядзе ў тупік.
У Расеі народ успрымае Сталіна як парадак і барацьбу з карупцыяй. Там ужо гэтае месца спрабуе заняць «дарагі таварыш Пуцін». Але беларусам паказваюць тыя ж каналы, што і расейцам. Пішуць у газетах тое самае, што і ім. І вось ужо некаторыя беларускія абывацелі кажуць, што Пуцін – малайчына. Проста генералы ў яго дурныя, ці алігархі нейкія сквапныя, ці чыноўнікі – спрэс злодзеі.
Але нічога, хутка ён прыцісне іх як след! І ніводны жа прапагандыст не спытае з экрану: «Ці згодны ты, дарагі абывацель, адправіцца ў лагер або быць расстраляным, калі суседу захочацца ад цябе пазбавіцца з дапамогаю даносу і пасяліцца ў тваёй кватэры?» Бо кожны, хто нахвальвае сталінскі парадак, упэўнены, што яго гэта дакладна не закране. Ніхто не ўяўляе сябе ў ролі ахвяры. Ніхто не ведае, колькі ў яго ёсць часу пажыць у сваёй хаце, пакуль слухае атрутныя міфы пра моцнага правадыра ўсіх часоў і народаў.