Якога эфекту спрабуе дасягнуць Уладзімір Пуцін, абвяшчаючы перамір'е на 8–9 траўня, ці магчымы выхад ЗША з перамоваў аб заканчэнні вайны паміж Украінай і Расеяй і якое значэнне мела сустрэча Доналда Трампа з Уладзімірам Зяленскім падчас развітання з Папам Рымскім? Адказы на гэтыя пытанні ў эфіры «Вот Так» даў палітолаг Аляксандр Марозаў.
Два адрасаты
У часовага перапынення агню, што абвясціў Уладзімір Пуцін з 8 да 10 траўня, ёсць два адрасаты, мяркуе палітолаг Аляксандр Марозаў. Па-першае, гэта кіраўнік Кітаю Сі Цзінь Пін, які прыедзе на Дзень Перамогі ў Маскву, па-другое, Доналд Трамп, якому такім чынам паказваюць, што менавіта Расея ўсталёўвае «свае правілы ў аднабаковым парадку».
На думку Марозава, Пуцін хоча паказаць, што кіраўнік Кітаю і іншыя запрошаныя палітычныя дзеячы будуць у бяспецы ўвесь час перабывання ў Маскве. Акрамя таго, іхная прысутнасць у расейскай сталіцы не будзе такой таксічнаю, «як калі б у гэтыя ж дні Расея працягвала свае абстрэлы».
,,«Другі адрасат, несумненна, Доналд Трамп. Пуцін паказвае яму, што цалкам кантралюе ўсю сітуацыю вакол і ўсталёўвае свае правілы ў аднабаковым парадку. Я думаю, так гэта прачытаюць у Вашынгтоне. Можна толькі пагадзіцца з тымі ацэнкамі, што прагучалі. Такога кшталту перамір'е на 8 і 9 траўня – гэта форма аднабаковай палітычнай маніпуляцыі Крамля. І не больш», – упэўнены Аляксандр Марозаў.
Пры гэтым палітолаг згаджаецца з тым, што спыненне агню падчас Вялікадня або на час святкавання 80-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны «ніяк не набліжаюць да развязання пытання пра спыненне агню і мір, пра спыненне вайны». І гэта, мяркуе суразмоўца «Вот Так», выдатна адчуваюць усе ўдзельнікі, занятыя ў перамовах.
«Менавіта таму мы не чуем аніякіх словаў ухвалення ў цяперашні момант з боку Вашынгтону з нагоды такіх пастановаў. У Вашынгтоне ставяцца вельмі і вельмі скептычна да гэтай пастановы Пуціна, што цалкам абгрунтавана», – кажа Аляксандр Марозаў.
Трамп расчараваны
Што датычыць заяваў, што ідуць з Вашынгтону, пра расчараванне і ва Уладзіміру Зяленскім, і ва Уладзіміру Пуціне, то такую рыторыку, адзначае палітолаг, «мы будзем чуць да самага канца, бо такая канцэпцыя наагул перамоўнай дзейнасці ў Доналда Трампа». Пры гэтым, на жаль, Вашынгтон да апошняй хвіліны будзе імкнуцца ўскласці альбо ўсю адказнасць за няўдачу перамоўнага працэсу, альбо частку яе на Кіеў.
,,«А перамоўны працэс ідзе ў гэты момант да фіксацыі поўнай няўдачы ўсёй стадзённай мірнай ініцыятывы Доналда Трампа. Але пры гэтым важна цяпер іншае. Важна не тое, што Вашынгтон выказвае незадаволенасць і Кіевам таксама, а тое, што ў Вашынгтоне змяняецца разуменне той гульні, якую вядзе Пуцін», – кажа Марозаў.
Сітуацыя мяняецца, сцвярджае палітолаг, гэта відаць, і важнае публічнае сведчанне гэтага – размова Трампа з Зяленскім падчас пахавання Папы. Менавіта таму фота той сустрэчы выклікалі такую хваравітую рэакцыю ў Крамлі.
«Гэта была вельмі кароткая размова. Як мы разумеем, гэта было 15 хвілінаў ці нешта каля гэтага. Але тут важны, вядома, сімвалічны аспект гэтай сустрэчы, бо Доналд Трамп папрасіў прэзідэнта Макрона не браць у ёй удзелу, гэта значыць, падкрэсліў, што гэтая сустрэча сам-насам. Для Зяленскага і для Кіева гэта надзвычай важна, бо, што б ні паспеў сказаць за гэты час прэзідэнт Украіны Доналду Трампу, можна не сумнявацца, што Трамп запэўніў таго, што Злучаныя Штаты не кінуць Украіну. Мне здаецца, гэта адбылося на гэтай сустрэчы, мяркуючы з тых публічных заяваў, што потым зрабіў Зяленскі, дый сам Трамп», – адзначае палітолаг.

Пункт для Вашынгтону
Аляксандр Марозаў мяркуе, што даты 8 і 9 траўня – пэўны пункт, у якім Вашынгтон будзе канчаткова ставіць для сябе задачу перайсці да іншага плану. Якім будзе гэты план, пакуль ніхто не ведае.
«Я думаю, тое, што Уладзімір Пуцін 9 траўня збіраецца бразгаць зброяй на Краснай плошчы і дэманстраваць Доналду Трампу, што ён блізкі да Кітаю і таму Сі Цзінь Пін прысутнічае на ўрачыстасцях у Маскве, – усё гэта будзе вельмі важным і выразным сігналам для таго, каб Вашынгтон хутчэй вызначаўся з тым, якой будзе яго лінія на момант, калі канчаткова высветліцца, што Пуцін увесь гэты час проста маніпуляваў сітуацыяй і не рухаўся ні на крок да перспектывы спынення вайны і нават да спынення агню без папярэдніх умоваў хоць бы на нейкі перыяд», – рэзюмаваў Аляксандр Марозаў.
Нагадаем, што 26 красавіка падчас пахавання Папы Францішка адбылася сустрэча Доналда Трампа і Уладзіміра Зяленскага. Пасля яны назвалі яе «паспяховай і выніковай». Такое ж меркаванне выказаў палітолаг Антон Шэхаўцоў. На ягоную думку, сустрэча Трампа і Зяленскага была вельмі карыснай для Украіны, а фатаграфіі і фрагменты відэа размовы, што былі прадэманстраваныя, на думку эксперта, пакідаюць добрае ўражанне.
Раман Шавель / ИР belsat.eu