Каталіцкія святары з Беларусі і Украіны падчас трансляцыі на «Белсаце» цырымоніі пахавання Папы Рымскага Францішка ў Ватыкане адказалі на крытыку ў ягоны адрас з боку тых, хто чакаў ад яго большага падтрымання. А таксама заявілі пра магчымы першы пасмяротны цуд.
Беларускі каталіцкі святар Зміцер Прыступа, які служыць у вымушанай эміграцыі ў польскай Лодзі, заявіў, што Папа Францішак запомніцца найбольш жывым Евангеллем, якое ён «стараўся ўсім сваім жыццём выконваць». Хоць свет гэтага не разумеў.
«Мне здаецца, калі б мы выконвалі ўва ўсім свеце тое, што загадваў святы айцец Францішак у духу Евангелля, то большыя б плады мы бачылі таксама ўва ўсім свеце», – адзначыў святар.
Паводле яго, «вельмі цяжкі час», з якім цяпер сутыкаецца Беларусь, – гэта таксама заклік «вярнуцца да каранёў», жыць «чыстым Евангеллем», а не павярхоўным. Жыць, прымаючы цярпенні і боль.
На заўвагі пра магчымую недастатковую рэакцыю Папы Францішка на рэпрэсіі ў Беларусі святар адзначыў: мы не ведаем зместу і абставінаў закрытых перамоваў паміж Ватыканам і Менскам.
,,«Перакананы, яны ведаюць, што робяць. А калі маўчаць, то ведаюць, чаму маўчаць», – сказаў ксёндз Зміцер.
«Папа любіў Украіну»
Украінскі каталіцкі святар Аляксей Самсонаў, дырэктар украінскага радыё «Марыя», у сваю чаргу адзначыў, што Папа Францішак, нягледзячы на ўсе непаразуменні, «быў сябрам Украіны, ён любіў Украіну».
,,«Тры гады кожны публічны выступ ён маліўся за Украіну», – сказаў святар.
Цудам пантыфіка ён назваў сустрэчу ў Ватыкане падчас цырымоніі развітання з Папам Францішкам прэзідэнтаў ЗША і Украіны – Доналда Трампа і Уладзіміра Зяленскага. «Магчыма, будзе таксама цуд, калі Папа дапаможа паразумецца», – адзначыў ксёндз Аляксей, дадаўшы, што цяпер Украіна будзе мець пантыфіка ў якасці свайго заступніка і ў небе.
Тым не менш святар прызнаў: украінцам было цяжка разумець неадназначныя заявы пантыфіка, бо яны чакалі ад яго выразнага і афіцыйнага асуджэння Расеі як агрэсара. Папа разумеў гэта, як і тое, хто быў агрэсарам, але вымушаны быў прытрымлівацца больш дыпламатычнага падыходу. У тым ліку гэта спрыяла ўдзелу Ватыкану ў абмене палоннымі паміж Украінай і Расеяй. На думку святара, у будучыні можа стаць вядома яшчэ больш пра падтрыманне Папам Францішкам Украіны.
Нагадаем, што Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі правялі кароткую сустрэчу ў Ватыкане да пачатку цырымоніі пахавання Папы Рымскага Францішка. Белы дом назваў яе вынікі «вельмі прадуктыўнымі». Гэта была першая сустрэча Зяленскага і Трампа пасля іхнай спрэчкі ў Авальнай зале Белага дому.
«Добрая сустрэча. Сам-насам паспелі абмеркаваць шмат. Спадзяёмся на вынік з усіх рэчаў, якія прагучалі. Абарона жыццяў нашых людзей. Поўнае і безумоўнае спыненне агню. Надзейны і трывалі мір, які абароніць ад паўтарэння вайны. Вельмі сімвалічная сустрэча, якая мае патэнцыял стацца гістарычнаю, калі мы дасягнем супольных вынікаў. Дзякую, прэзідэнце Доналд Трамп!» – напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Таксама на цырымонію былі запрошаныя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. «Белсат» жа вёў трансляцыю з цырымоніі пахавання Папы Францішка ў Ватыкане.
Вітаўт Сіўчык, Макар Мыш belsat.eu