Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў сустрэчу з амерыканскім прэзідэнтам Доналдам Трампам, што адбылася ў Ватыкане 26 красавіка перад пахаваннем Папы Рымскага Францішка.
Зяленскі зазначыў, што абмеркаваць удалося шмат, і ён спадзяецца на вынік.
,,«Добрая сустрэча. Сам-насам паспелі абмеркаваць шмат. Спадзяёмся на вынік з усіх рэчаў, якія прагучалі. Абарона жыццяў нашых людзей. Поўнае і безумоўнае спыненне агню. Надзейны і трывалы мір, які абароніць ад паўтарэння вайны. Вельмі сімвалічная сустрэча, якая мае патэнцыял стацца гістарычнаю, калі мы дасягнем супольных вынікаў. Дзякую, прэзідэнце Доналд Трамп!» – напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі правялі кароткую сустрэчу ў Ватыкане да пачатку цырымоніі пахавання Папы Рымскага Францішка.
Пасля сустрэчы Белы дом назваў яе вынікі «вельмі прадуктыўнымі».
Гэта была першая сустрэча Зяленскага і Трампа пасля іхнай спрэчкі ў Авальнай зале Белага дому.
Напярэдадні гэтай сустрэчы Доналд Трамп напісаў, што ў пятніцу быў «добры дзень» у перамовах з Расеяй і Украінай. Амерыканскі прэзідэнт дадаў, што перамовы «вельмі блізкія» да заключэння пагаднення: «Цяпер абодвум бакам трэба сустрэцца – на самым высокім узроўні, каб давесці справу да канца. Бальшыня асноўных пунктаў ужо ўзгодненая».
26 красавіка ў Ватыкане адбываецца пахаванне Папы Рымскага Францішка, на цырымонію прыбылі каля 130 дэлегацыяў, сярод якіх – прыблізна 50 кіраўнікоў дзяржаваў і 10 дзейных манархаў.
Сярод дэлегацыяў тры рэпрэзентуюць Беларусь: ад Касцёлу ўзначальвае арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, ад дзяржавы – старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка. Апрача таго, Святы пасад запрасіў на пахаванне пантыфіка беларускія дэмакратычныя сілы, якія застаюцца ў вымушанай эміграцыі. Яе ўзначаліў каталік Дзяніс Кучынскі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu