навіны

Якая будзе замежная палітыка Польшчы? Радослаў Сікорскі агучыў выклікі для рэгіёну і палітыку адносна Беларусі

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Варшава, Польшча. 9 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Варшава, Польшча. 9 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

23 красавіка міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі выступіў перад польскімі дэпутатамі і прэзентаваў інфармацыю пра замежную палітыку Варшавы на 2025 год.

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў будынку TVP. Варшава, Польшча. 9 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

«Рэжым Лукашэнкі ведае, што яму рабіць». Радослаў Сікорскі пра камунікацыю з Менскам

навіны

Кіраўнік МЗС Польшчы падчас выступу ў Сейме заявіў, што на пасадзе міністра сутыкнуўся з цяжкасцямі, перадусім праз геапалітычныя змены ў свеце.

Паводле міністра, Польшча мае стацца архітэктарам новай мадэлі бяспекі ў рэгіёне. Сікорскі таксама звярнуў увагу на чатыры тэндэнцыі, якія цяпер непажаданыя з польскага гледзішча:


  • падзел свету на зоны ўплыву;
  • адыход ад павагі да суверэнітэту на карысць сілы;
  • адмова ад павагі да міжнародных інстытутаў;
  • дэзынфармацыя.


Польшча і ЕЗ у цэлым мусяць супрацьстаяць гэтым выклікам, а таксама інвеставаць у сваю абарону, каб забяспечыць мір у рэгіёне.


Як сказаў Сікорскі, «вынік вайны Расеі з Украінаю вызначыць узровень бяспекі нашага рэгіёну на гады наперад»:


«Ад гэтага залежыць, напрыклад, ці пагрузіцца Беларусь у „рускі свет“ або здолее захаваць рэшткі сваёй незалежнасці».


Асобна разважаючы пра Беларусь, міністр замежных справаў Польшчы нагадаў пра сітуацыю, звязаную з палітычным вязнем Анджэем Пачобутам. Маўляў, месца беларусаў – у абʼяднанай Еўропе, і Польшча не павінна пакідаць сваіх намаганняў дзеля свабоднай Беларусі:

,,

«Мы не губляем надзеі, калі ідзецца пра лёс Беларусі, хаця, вядома ж, мы не наіўныя. Мы рэалістычна ацэньваем кіраванне Аляксандра Лукашэнкі, які паставіў сваю краіну ў залежнасць ад Крамлю. Беларускае грамадства, улучна тысячаў нашых суайчыннікаў, заслугоўваюць лепшай будучыні. Мы патрабуем вызвалення палітычных вязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута. Мы пільнуем, каб пытанні падтрымання беларускай грамадзянскай супольнасці займалі важнае месца ў павестцы дня ЕЗ. Месца беларусаў – у аб'яднанай Еўропе».


Медыі, якія фінансуюцца Міністэрствам замежных справаў, маюць пашыраць дзейнасць на постсавецкай прасторы.

«У створаным у TVP Асяродку медыяў для замежжа працуюць рэдакцыі тэлеканалаў «Белсат», «Вот так», «Slawa» і «TVP World»... Ахоп гэтых медыяў, якія фінансуюцца МЗС, налічвае мільёны праглядаў – і гэта доказ таго, што ў краінах былога Савецкага Саюзу ёсць попыт на верагодную інфармацыю», – заявіў Радослаў Сікорскі.


 Паводле яго, Варшава спрабуе дамагчыся еўрапейскага фінансавання рэдакцыяў:


«Мы намагаемся зацікавіць нашых партнёраў з Еўразвязу магчымасцямі гэтых рэдакцыяў з мэтаю павелічэння іх фінансавання і пашырэння ахопу».


Польшча мае працягваць барацьбу з дэзынфармацыяй і мусіць клапаціцца пра стан польскай кібербяспекі. Сікорскі дадаў, што Польшча выступае за ўмацаванне Еўрапейскага фонду падтрымання дэмакратыі.

belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10