навіны

22 красавіка – Міжнародны дзень Зямлі

Буры мядзведзь у лесе. Фота: freepik.com
Буры мядзведзь у лесе. Фота: freepik.com
podpis źródła zdjęcia

Работнікі лясгасаў і ратаўнікі, тэхніка і верталёты змагаюцца з агнём. Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, толькі цягам мінулых содняў у краіне ліквідавалі 16 лясных, адзін тарфяны пажар і 88 выпадкаў узгарання травы і кустоўя. Пажаранебяспечны сезон пачаўся надзвычай рана, з пачатку года здарылася ўжо 326 лясных пажараў на плошчы большай за 450 гектараў. Прыводзяць да часцейшага ўзгарання змены клімату: бясснежная зіма і спякотнае надвор'е.

 

Менавіта каб прыцягнуць увагу да экалагічных праблемаў, сёння ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень Зямлі. Яго тэма сёлета – аднаўляльныя крыніцы энергіі.

,,

«Адзін з фактараў росту выкідаў гэта выкапнёвыя крыніцы электраэнергіі, і нам трэба пераходзіць да аднаўляльных крыніцаў энергіі, таму цудоўна што ў гэтым годзе дзень прысвечаны гэтай тэматыцы», – адззначае прадстаўніца «Зялёнай сеткі» Ірына Панядзельнік.


Выкіды вуглякіслага газу ў выніку дзейнасці чалавека спрычыніліся да пацяплення, што зменшыла і біяразнастайнасць відаў на Зямлі. Цяпер патрэбныя адваротныя дзеянні. Да прыкладу, каб пазбегчы знікнення рэдкага віду – секвоі – у амерыканскім Дэтройце высаджваюць гэтыя дрэвы на закінутых участках.

,,

«Мы спрабуем дыхаць чыстым паветрам. Мы спрабуем стварыць цень. Мы спрабуем паглынаць ліўневыя воды. І я думаю, што секвоі, сярод усіх дрэваў, якія мы саджаем, магчыма, самыя моцныя і лепшыя кандыдаты для гэтага», - мяркуе заснавальнік дэндрарыю ў Дэтройце Бэрч Кемп.

 


Пажар на тарфяным балоце. Фота: Afrianto Silalahi / NurPhoto via Getty Images
Пажар на тарфяным балоце. Фота: Afrianto Silalahi / NurPhoto via Getty Images

У афіцыйнага Менску – іншы падыход. Летась Лукашэнка падпісаў дазвол паляваць на чырванакніжных мядзведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», а днямі падчас суботніку ў сталіцы высадзілі чырвоныя дубы. Гэта від, завезены з Амерыкі і небяспечны для мясцовай экасістэмы, бо выцясняе мясцовыя расліны, у тым ліку занесеныя ў Чырвоную кнігу.

 

Яшчэ адна вялікая праблема навакольнага асяроддзя – неўпарадкаваныя адкіды. Шмат у такой сітуацыі залежыць ад стаўлення ўладаў. Гэтак, ад будаўнічага смецця сёння цярпяць берагі крэйдавых карʼераў пад Ваўкавыскам, за чысціню і колер вады празваныя Беларускімі Мальдывамі.

 

Што ж можа зрабіць для Зямлі кожны з нас? Беларусам моцна бракуе экалагічнай адукаванасці, кажа Ірына Панядзельнік:

,,

«Менш ездзіць на ўласным аўце, выкарыстоўваць грамадскі транспарт або ровар. Яшчэ важна распаўсюджваць інфармацыю (вядома, калі гэта бяспечна для вас) па розных аспектах, неабавязкова пра змены клімату, можа быць пра раздзельны збор адкідаў – гэта ўсё адно карысна і дапамагае». 


Пажар на тарфяным балоце. Фота: Afrianto Silalahi / NurPhoto via Getty Images
Пажар на тарфяным балоце. Фота: Afrianto Silalahi / NurPhoto via Getty Images

Але праблемы планеты выйшлі ўжо на такі ўзровень, што намаганні асобных людзей не могуць прынесці заўважнага плёну. Патрэбныя сістэматычныя дзеянні ўладаў ды інвестыцыі ў ахову прыроды і адаптацыю да зменаў клімату. Падрабязней пра гэта глядзіце ў нашым сюжэце.


 

Ірына Дарафейчук belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10