навіны

Сатырыка Міхаіла Жванецкага прызналі ва Украіне сімвалам імперскай палітыкі РФ

Сатырык Міхаіл Жванецкі. Фота: Михаил Жванецкий / Facebook
Сатырык Міхаіл Жванецкі. Фота: Михаил Жванецкий / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Імя вядомага сатырыка Міхаіла Жванецкага, нягледзячы на ягонае адэскае паходжанне, трапіла пад увагу экспертаў у рамках дзеяння закону Украіны «Пра асуджэнне і забарону прапаганды расейскай імперскай палітыкі і дэкаланізацыю тапаніміі». 

Паводле вынікаў экспертызы, праведзенай Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці, аб’екты, прысвечаныя Міхаілу Жванецкаму (геаграфічныя назвы, юрыдычныя асобы, аб’екты маёмасці, памятныя знакі і помнікі), належаць да сімволікі расейскай імперскай палітыкі.

Эксперты падкрэсліваюць, што ўся творчасць Жванецкага была выключна расейскамоўная і цесна звязаная з расейскім культурным і палітычным асяроддзем – з Масквой, Ленінградам, афіцыйнымі структурамі РФ.

Жванецкі быў сябрам Саюзу пісьменнікаў СССР, а пазней атрымаў шэраг высокіх узнагародаў ад Расейскай Федэрацыі: ордэн Дружбы народаў (1994), званне заслужанага дзеяча мастацтваў РФ (2001), народнага артыста РФ (2012), а таксама ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV (2009) і III (2019) ступеняў. Апошнюю ўзнагароду яму асабіста ўручыў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Хаця ў 2015 годзе Міністэрства культуры Украіны залучыла Жванецкага ў так званы белы спіс замежных дзеячаў культуры, якія публічна асудзілі анексію Крыму, ягоныя пазнейшыя дзеянні выклікалі сумневы. Так, падчас аднаго з выступаў у 2014 годзе ён сказаў:

,,

«Хтосьці хацеў свабоды і ў Еўропу – атрымаў. Хтосьці хацеў Крым – атрымаў. Цяпер толькі трэба даверыць усё вярхам. Калі вырашаць пытанне ўверсе – то паміж сабой, як ні дзіўна, Расея – Амерыка. Вось гэтыя дзве краіны могуць вырашыць гэтае пытанне. А пакуль, як сказаў Абама таксама, Крым страчаны, яго не вярнуць».


Такія выказванні, на думку аўтараў экспертызы, адпавядаюць расейскаму наратыву, які ставіць пад сумнеў суб’ектнасць Украіны і фактычна перакладае адказнасць за яе будучыню на замежныя дзяржавы – у тым ліку на краіну-агрэсара.

Больш за тое, у 2019 годзе Жванецкі наведаў акупаваны Крым, дзе ўдзельнічаў у здыманні прапагандысцкага фільму «Адэскі параход» для тэлеканалу «Россия 1». Галоўныя ролі ў фільме выканалі акторы Фёдар Дабранраваў і Міхаіл Парэчанкаў, унесеныя Службай бяспекі Украіны ў спіс асобаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы.

На падставе гэтых фактаў эксперты робяць выснову: творчая дзейнасць Міхаіла Жванецкага не звязаная з развіццём украінскай культуры, а наадварот – спрыяе русіфікацыі і гларыфікацыі расейскай імперскай палітыкі. Наданне ягонага імя вуліцам, арганізацыям ды іншым аб’ектам у грамадскай прасторы Украіны супярэчыць прынцыпам дэкаланізацыі і мусіць быць спыненае.

Міхаіл Жванецкі нарадзіўся ў 1934 годзе ў Адэсе. У 1988–2020 гадах быў мастацкім кіраўніком Маскоўскага тэатру мініяцюраў, у 1990–2020 гадах таксама быў прэзідэнтам Сусветнага клубу адэсітаў. У 1999 годзе атрымаў званне народнага артыста Украіны, у 2012-м – народнага артыста Расейскай Федэрацыі. Памёр Міхаіл Жванецкі ў лістападзе 2020 года ў Маскве.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10