Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў агляд у справе занятасці беларусаў, прымеркаваны да Дня працы 1 траўня.
Жанчын больш у паслугах, мужчынаў – у вытворчасці
Згодна са статыстыкай, у Беларусі ў 2024 годзе працавалі 4 мільёны 100 тысячаў чалавек. Бальшыня – 57% – занятыя ў прыватным сектары. У дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах працуюць 38,6 % беларусаў. 4,4 % жыхароў нашай краіны – работнікі замежных арганізацыяў.
Сярэдні век занятых у эканоміцы беларусаў складае 42,4 года сярод мужчынаў і жанчын. Амаль кожны пяты працаўнік мае ад 15 да 31 года.
79,7 % працоўных беларусаў жывуць у гарадах, 20,3 % – у сельскай мясцовасці. 95 % з усіх занятых у эканоміцы – наёмныя працаўнікі. 98,7 % жыхароў нашай краіны маюць толькі адну працу, 1,3 % – падпрацоўваюць.
Сярод працаўнікоў з вышэйшай адукацыяй значна больш жанчын, як мужчынаў – 41,5 % і 29,9 % адпаведна.
Жанчыны пераважна працуюць у галіне паслуг – тут іх 63,1 %. Бальшыня ж мужчынаў – у вытворчасці, 67,8 %.
Самыя папулярныя сферы, у якіх працуюць беларусы:
- прамысловасць – 23,4 % ад усіх занятых у эканоміцы;
- гандаль і рамонт транспарту – 13,8 %;
- адукацыя – 11 %;
- сельская, лясная і рыбная гаспадарка – 9,9 %;
- ахова здароўя і сацыяльныя паслугі – 8,3 %.
Самы папулярны ў нашай краіне від валанцёрства – дапамога жывёле: тут занятыя 44,7 % беларусаў, якія ўвогуле валанцёраць.
Найменш беларусы валанцёраць на зборы сродкаў на дабрачыннасць і ў сацыяльных праектах – 3,9 %.
Сярэдні век беларускага валанцёра – 45,9 года.
А што з заробкамі?
Намінальны заробак у сакавіку 2025 года, паводле Белстату, склаў Br 2601,8, што на 18,4 % больш, як у сакавіку 2024-га.
Самыя высокія заробкі традыцыйна – у галіне інфармацыі і сувязі: Br 6417,6. Далей ідзе фінансавая і страхавая дзейнасць з заробкам Br 4052,8.
На трэцім месцы – прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць: тут плацяць Br 3175,6 за месяц. Замыкаюць пяцёрку сфераў з высокімі заробкамі будаўніцтва – Br 3054,5 і прамысловасць – Br 2759,1.
Варта аднак памятаць, што намінальная сярэдняя заработная палата – гэта заробак да вынятку падаткаў, ад якога трэба адымаць як мінімум 14 %.
Па-другое, сярэдні заробак – гэта сума ўсіх заробкаў, падзеленая на колькасць атрымальнікаў заробку. Заработная плата сярэдняга працаўніка ў спісе, адсартаваным паводле памеру заробкаў, завецца медыянным. Яго публікуюць рэдка. Паводле апошніх на сёння звестак, у лістападзе 2024 года быў роўны Br 1792,2 да вынятку падаткаў.
Узровень беспрацоўя ў Беларусі, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у IV квартале 2024 года склаў 3 % ад працоўнай сілы, узровень занятасці асобаў у працаздольным веку – 82,9 %, беспрацоўя ў працоўным веку – 3,1 %. Белстат сцвярджае, што гэтыя паказнікі разлічаныя згодна з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы. Тая пакуль публікавала толькі старыя звесткі: у 2023-м узровень беспрацоўя ў Беларусі складаў 3,5 %. Гэта супадала з лічбамі Белстату за той год.
З другога боку, «BELPOL» заяўляе, што змяншэнне колькасці занятых адбываецца ў чатыры разы хутчэй, чымся кажа дзяржаўная статыстыка.
На дзень 26 красавіка 2025 года ў Дзяржаўным банку вакансіяў – 202 134 прапановы працы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu