навіны

Святлана Ціханоўская: «Калі б Чарнобыль выбухнуў сёння, нас чакаў бы ўсё той жа падман»

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі да помніку «Маці Чарнобылю» ў Вільні з дыпламатамі і амбасадарамі Літвы, Польшчы, Эстоніі, Іспаніі, ЗША, Харватыі, Францыі, Ірландыі, Чэхіі і Нідэрландаў. 26 красавіка 2025 года, Вільня. Фота: tsikhanouskaya / Telegram
podpis źródła zdjęcia

З нагоды 39-годдзя аварыі на ЧАЭС беларуская лідарка Святлана Ціханоўская нагадала: Чарнобыльская катастрофа зусім не такая далёкая, як можа здавацца, і сёння ўлады Беларусі ствараюць пагрозу яе паўтарэння – праз будаўніцтва атамных станцыяў з парушэннем нормаў бяспекі і размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў нашай краіне.

Святлана Ціханоўская ў 39-ую гадавіну чарнобыльскай катастрофы ўсклала кветкі да помніку «Маці Чарнобылю» ў Вільні разам з дыпламатамі і амбасадарамі Літвы, Польшчы, Эстоніі, Іспаніі, ЗША, Харватыі, Францыі, Ірландыі, Чэхіі і Нідэрландаў.


Беларуская лідарка таксама запісала відэазварот, у якім падкрэслівае, што і праз амаль чатыры дзесяцігоддзі Беларусь адчувае наступствы катастрофы. Людзі хварэюць, а ўлады хаваюць статыстыку захворванняў і дыягназаў на забруджаных тэрыторыях.

,,

«Тое самае адбывалася падчас эпідэміі ковіду 5 гадоў таму, калі ўлады заклікалі лячыцца гарэлкай, а ў той час паміралі людзі, – кажа абраная прэзідэнтка Беларусі. – Чарнобыль не такі далёкі, як можа здавацца. Рэжым сёння паводзіць сябе гэтак сама, як і савецкія ўлады падчас катастрофы. Ім прасцей змаўчаць, забыць, праігнараваць. Чарнобыль – нязручная тэма, якая руйнуе прыгожую карцінку дабрабыту і стабільнасці. Гісторыя паказвае, што дастаткова адной чалавечай памылкі ці цынічнага загаду зверху, каб гэтая афёра абярнулася трагедыяй».


Мемарыял чарнобыльскай катастрофы каля Прыпяці ў Нароўлі, Беларусь. 15 жніўня 2018 года. Фота: Celestino Arce / NurPhoto / East News

Пасведчанне пацярпелай «можаце выкінуць». Як у дзяцей-чарнобыльцаў забіралі ільготы

Гісторыі

Ціханоўская перакананая: «Калі б Чарнобыль выбухнуў сёння, нас чакаў бы ўсё той жа падман дзяржаўных каналаў – маўляў, ніякай пагрозы няма, а ворагі спрабуюць пасеяць паніку».


Паводле лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў, улады Беларусі сёння не толькі ігнаруюць пагрозы, але і ствараюць новыя:


«Атамная станцыя ў Астраўцы. Пры яе пабудове ігнараваліся і тэхнічныя стандарты, і нормы бяспекі. Колькі яна ўжо ламалася, спынялася, і колькі яшчэ трэба заключэнняў ад міжнародных экспертаў, каб зразумець, што гэтая станцыя – пагроза? І пагроза не толькі беларусам, але і нашым суседзям. Сёння рэжым кажа пра пабудову яшчэ адной станцыі, выхваляецца размяшчэннем расейскай ядравай зброі. Яе прысутнасць на нашай зямлі робіць Беларусь мішэнню, а беларусаў – закладнікамі чужога імперскага шаленства».


Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету нагадвае: штогод 26 красавіка беларусы выходзяць на «Чарнобыльскі шлях», каб не толькі ўшанаваць памяць ахвяраў і ліквідатараў, але і сказаць не – безадказнасці і хлусні, якімі прасякнутыя як савецкі, так і цяперашні рэжым.

,,

«У будучыні Беларусь станецца краінаю, дзе галоўная каштоўнасць – чалавечае жыццё. Дзе ўлады будуць служыць людзям і адказваць за свае памылкі. Дзе не будзе месца ні ядравым пагрозам, ні вайне», – рэзюмуе Святлана Ціханоўская.


26 красавіка спаўняецца 39 гадоў з аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1989-га ў гэты дзень у Менску штогод праходзіў «Чарнобыльскі шлях». У выніку рэпрэсіяў, распачатых пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і масавага ад’езду актыўных беларусаў за мяжу шэсце пачалі праводзіць па-за Беларуссю. У 2025-м «Чарнобыльскі шлях» адбыўся ў розных гарадах свету.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10