Хтосьці спрабуе паказаць беларусаў ворагамі Літвы, але ніяк не можа навучыцца размаўляць па-беларуску. І нават пісаць: Вільня то мужчынскага роду, то «HAWA».
Сярод літоўцаў у сацыяльных сетках шырыцца відэа, на якім «літвіністы» спальваюць сцяг Літвы, заўважыла «Наша ніва». Супольнасць, якая распаўсюджвае відэа, вельмі дзіўная і наўрад ці паходзіць з Беларусі.
На відэа тры чалавекі ў масках дзесьці ў заснежаным лесе збіраюцца спаліць сцяг Літвы, на фоне вісіць бел-чырвона-белы сцяг. Закадравы голас кажа па-расейску, што яны – групоўка «Жатва», не дазволяць «перапісаць гісторыю», лічаць Вялікае Княства Літоўскае часткаю гісторыі Беларусі, але не «вашай Прыбалтыкі», што ў Вільні яны на «сваёй зямлі».
Старонка «Жніво» на Facebook налічвае 1 падпісанта, Telegram-канал «Жатва» мае ўжо 3 удзельнікаў (на момант публікацыі «Нашай нівы» было 2). І суполка, і канал былі створаныя 4 сакавіка.
У Telegram-канале подпіс да відэа – на расейскай мове з дадаткам аднаго сказа па-беларуску. Як адзначыў «Чай з малінавым варэннем», тыя, хто выдае сябе за беларускіх нацыяналістаў, умудрыліся зрабіць памылку ў адзіным сказе па-беларуску, напісалі: «Вільня быў і будзе беларускім горадам». Правільна было б пісаць «была».
На вокладцы Facebook-старонкі – фота надпісу на сцяне быццам па-беларуску: «ВІЛЬНᶃ НАWA». Памылак у гэтым няма, але спосаб напісання літар Я і Ш неўласцівы тым, хто піша кірыліцаю.
Гэты надпіс быў зроблены невядомымі ў цэнтры Вільні ўлетку 2024 года. Падобным почыркам у студзені зрабілі надпіс на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні: «БጾЛАРУСКІМУНІВ ጾРСІТЭТАММОЖАКІР વВવᶙЬТОЛЬКІБЕЛАРУС!» і «ВІЛЬН Я НАWA».
Шэраг літоўскіх палітыкаў і актывістаў апавядае пра пагрозу «літвінізму» – нібыта пашыранага сярод беларусаў радыкальнага антылітоўскага нацыяналізму. Ды зусім не факт, што акцыі «ВІЛЬНЯ НАWA» робяць літоўцы: раней на будынку ЕГУ спрабавалі зрабіць надпіс па-літоўску супраць Святланы Ціханоўскай, але таксама дапусцілі памылкі.
Агулам у Вільні нярэдка здараюцца антыбеларускія акцыі: то абстрэл памяшкання беларускай царквы, то падпал дзвярэй Цэнтру беларускай супольнасці і культуры, то надпіс «Беларускім паразітам тут не месца» каля «Замку», дзе дапамагаюць палітычным уцекачам, то напад на краму «Kropka».
Алесь Наваборскі belsat.eu