На будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні з'явіўся надпіс пра тое, што «беларускім універсітэтам можа кіраваць толькі беларус» і што «Вільня наша». Гэта не першы такі выпадак у ЕГУ.
Пра здарэнне выданню «Наша ніва» паведаміў відавочца. Той звяртае ўвагу, што ў слове «толькі» замест «і» спачатку была напісана «о», а ў слове «кіраваць» пяцелька ў літары «ц» выглядае як пяцелька ў літоўскай «ų».
Акрамя таго, у «мастака» ўзніклі праблемы з кірылічнай літараю «б», аўтар перадаў яе лічбаю «6».
Пераносы і прабелы таксама зробленыя так, нібыта асоба не разумела сэнсу таго, што напісала, падсумоўвае выданне.

Гэта не першы такі выпадак у ЕГУ. У жніўні летась на будынку ўніверсітэту невядомы напісаў па-літоўску «Ціханоўская, прэч з нашага гораду». Тады таксама ў надпісы былі памылкі.
Агулам у Вільні часта здараюцца антыбеларускія акцыі: то абстрэл памяшкання беларускай царквы, то падпал дзвярэй Цэнтру беларускай супольнасці і культуры, то надпіс «Беларускім паразітам тут не месца» каля «Замку», дзе дапамагаюць палітычным уцекачам, то напад на краму «Kropka» былога палітвязня Змітра Фурмана. Дарэчы, ён тады каментаваў «Белсату» інцыдэнт і казаў, што гэта «правакацыя лукашыстаў і спроба пасварыць літоўцаў і беларусаў».
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт цяпер ачольвае Вілюс Шадаўскас. Яго прызначылі рэктарам у леташнім снежні.
Сцяпан Кубік belsat.eu