навіны

Беларусы – не праблема для Літвы. Офіс Ціханоўскай будзе даводзіць гэта літоўскаму Сейму

Анатоль Лябедзька ў варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзеня 2023 года. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
Анатоль Лябедзька ў варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзеня 2023 года. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Анатоль Лябедзька: «99,9 % беларусаў, якія прыехалі ў Літву, – гэта еўрабеларусы».

Дэмакратычныя сілы Беларусі хочуць давесці Сейму Літвы, што абсалютная бальшыня беларусаў не пагражае літоўцам, а абмежаванні не дапамогуць пазбавіцца тых, хто ёсць пагрозаю, расказаў «Белсату» Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай.
Анатоль Лябедзька ў варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзеня 2023 года. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
Анатоль Лябедзька ў варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзеня 2023 года. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
У Сейме Літвы 14 снежня пройдуць слуханні на тэму Беларусі і пашыранае паседжанне Камітэту міжнародных пытанняў і дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Іх ініцыяваў Офіс выбранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікі якога возьмуць удзел у слуханнях і дыскусіях.
Гэта адбываецца на фоне прызнання беларусаў у Літве «пагрозаю нацыянальнай бяспецы», абмеркаванняў пагрозы «літвінізму» з боку беларусаў, заклікаў уніфікаваць санкцыі супраць беларусаў і расейцаў, унясення ў Сейм паправак да закону, якія прыпыняць выдачу беларусам відаў на жыхарства. У дзень анонсу слуханняў стала вядома, што грамадзяніна Беларусі, які 17 гадоў жыў у Літве, выслалі на радзіму, спаслаўшыся на тое, што калісьці той служыў у беларускім войску.
Дарадца Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька расказвае «Белсату»: на слуханнях плануе выступіць уласна беларуская лідарка. Яна мае агучыць аргументы супраць прыраўнання беларусаў да расейцаў і Беларусі да Расеі, раскажа пра магчымыя наступствы і будзе заклікаць зыходзіць са стратэгічных інтарэсаў літоўцаў і беларусаў. Лябедзька спадзяецца на дыскусію і тое, што, «як ужо і было, мы прыйдзем да паразумення», а прававы стан беларусаў у Літве не пагоршыцца:


,,

«Мы не думаем, што адносіны літоўцаў да беларусаў змяніліся. Мы абсалютна перакананыя, што беларусы не ёсць праблемаю для Літвы. Але мы прымаем да ведама, што Літва ўваходзіць у выбарчы цыкл».


У Літве налета маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары (12 траўня), выбары ў Еўрапарламент (9 чэрвеня) і парламенцкія выбары (13 кастрычніка).
Паводле Лябедзькі, выбары – гэта змаганне за кожны голас, у якім ёсць месца і папулізму, і крайнім поглядам. У Офісе гэта разумеюць, але настойваюць на тым, што беларусы – не праблема для Літвы, таму збіраюцца пераконваць літоўцаў, «нашых партнёраў і сяброў».
Лябедзька перакананы, што абсалютная большасць беларусаў у Літве не звязаная з лукашэнкаўскімі спецслужбамі, арыентаваная на Еўропу і еўрапейскія каштоўнасці. Такіх Лябедзька называе еўрабеларусамі:
«Мы разумеем заклапочанасць спецслужбаў Літвы, сілавых структураў. Гэта іх праца: выяўляць тых людзей, якія прыходзяць з дрэннымі думкамі ў Літву. Але на шалях што? Мы зыходзім з таго, што 99,9 % беларусаў, якія прыехалі ў Літву, – гэта еўрабеларусы.


,,

Натуральна, будуць нейкія адзінкі… Але ці дапамогуць санкцыі, закрыццё Літвы, у тым, каб гэтых людзей з дрэннымі намерамі стала менш?


Яны ж могуць прыехаць і праз Нямеччыну, і праз Францыю. Калі гэта ўжо нейкая спецаперацыя ФСБ і КДБ, то натуральна, не будуць яны дзеяць халтурна ці прымітыўна. Чым адметная Расея, дык гэта правакацыямі, якія добра прапрацоўваюцца. Не без канфузаў, але тым не менш.
Таму змаганне з гэтаю праблемаю было, ёсць і будзе, нават калі закрыць мяжу цалкам. Гэта не дасць ніякіх гарантыяў Літве. Я думаю, такое разуменне павінна быць».
Аўтары правак у закон аб прыпыненні выдачы ВНЖ беларусам у Літве запэўніваюць, што гэта будзе закранаць толькі тых, хто першы раз звяртаецца па ВНЖ, але не будзе закранаць тых, хто ўжо меў ВНЖ, а таксама палітычных уцекачоў і высокакваліфікаваных працаўнікоў.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце думае, што бальшыня беларусаў у Літве не палітычныя ўцекачы, а працоўныя мігранты, але адзначае, што калі «на рынку працы не застанецца мігрантаў», то ўзнікнуць пытанні ў бізнес-асацыяцыяў.
Літоўскія даследаванні, згадвае Лябедзька, паказвалі, што 76 % беларусаў, якія прыехалі ў Літву, – грамадска і палітычна актыўныя: не толькі кажуць нешта кшталту «мы за Украіну», але і выходзяць на акцыі, ахвяруюць грошы. Акрамя таго, па сацыяльную дапамогу звярнуўся даволі невялікі адсотак беларускіх эмігрантаў. Большая частка эмігрантаў з Беларусі – маладыя і эканамічна актыўныя: яны не толькі кормяць сябе, але і плоцяць падаткі.
І гэта не толькі высокакваліфікаваныя праграмісты, але і таксоўцы ці афіцыянты, працягвае Лябедзька. Калі дэпартуюць тых, каго не адносяць да высокакваліфікаваных, то рэагаваць будуць і праграмісты: «клімат або добры, або дрэнны», «калі дэпартавалі тых, заўтра прыйдзе і мая чарга». Выбар паводле нейкіх крытэраў не спрацуе, перакананы суразмоўца.
Лябедзька дадае: беларусам трэба быць актыўнымі, быць еўрабеларусамі паўсюль, у тым ліку ў грамадскім транспарце, кавярні ці цырульні, не рабіць так, каб іх прынялі за пуціністаў ці лукашыстаў. Калі беларусы валодаюць інфармацыяй пра відавочна правакацыйныя дзеянні іншых суайчыннікаў, трэба сігналізаваць і дыяспары, і літоўцам, бо іначай «пляма распаўсюджваецца на ўсіх».


,,

«Я думаю, вельмі важная не толькі пазіцыя сілавых структураў у Літве, але і грамадская думка, – рэзюмуе Лябедзька. – Яна ўплывае, медыі ўплываюць. Трэба рабіць больш нейкіх добрых справаў у Літве, каб гэта было відаць, каб пра гэта пісалі літоўскія медыі».


бізнес (Фота: ZPP | Belarus Business Center / Telegram)

Беларускі бізнес пакідае Літву і Латвію: «ёсць дыскрымінацыя паводле нацыянальнай прыкметы»

навіны
Суразмоўца перакананы: добрыя справы фармуюць грамадскую думку, якой не могуць не заўважаць ні Сейм Літвы, ні сілавыя структуры.
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10