навіны

«У паліцыі не зацікаўленыя». Як расследуюць напады на беларускія мясціны ў Вільні?

Надпіс на сцяне «Валіце з Літвы»
Надпіс на сцяне «Валіце з Літвы» каля Цэнтру беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, 26 кастрычніка 2024. Фота: Цэнтр беларускай супольнасці і культуры / Facebook
podpis źródła zdjęcia

З ліпеня да лістапада 2024 года ў Вільні як мінімум восем разоў невядомыя нападалі на беларускія прасторы і мясціны, звязаныя з беларускімі дзеячамі. Як расследуюцца гэтыя інцыдэнты, у пацярпелых і літоўскай паліцыі запыталася радыё «Свабода».

29 ліпеня на фасадзе крамы беларускіх тавараў «Кропка», якая належыць былому палітвязню Змітру Фурманаву, з’явіўся надпіс «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Таксама былі разбітыя камянямі шыбы.


Паліцыя распачала расследаванне паводле факту вандалізму адразу ж у дзень здарэння. З таго часу пра ход справы нічога не вядома.

,,

«Усё ціха, ніхто нам нічога не пісаў, – распавёў «Радыё Свабода» Зміцер Фурманаў. – Мы, у прынцыпе, таксама не звярталіся. <…> Выпадкаў вандалізму ці нейкіх новых пашкоджанняў таксама не было. Пакуль усё добра».


Разбітае вакно беларускага прыходу ў Вільні. Фота: svaboda.org

«Спецслужбы без варыянтаў». Беларусы сышліся ў думках наконт таго, чаму і хто страляў па вокнах і рабіў абразлівыя надпісы ў Вільні

навіны

На думку былога палітвязня, за пашкоджаннем вокнаў у «Кропцы» стаяць улады Беларусі, а паліцыя калі некага і знойдзе, то выканаўцу, а не замоўцу.


Цяпер «Кропка» працуе ў звычайным рэжыме. Пабітыя шыбы замянілі, сцены пафарбавалі.


У жніўні на сцяне будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, за некалькі дзясяткаў метраў ад крамы Фурманавых, невядомы напісаў заклік, звернуты да Святланы Ціханоўскай: ехаць назад у Беларусь. У верасні ксенафобскі надпіс, адрасаваны беларусам, з’явіўся ля сядзібы арганізацыі «Дапамога», якой кіруе Наталля Калегава. Тады ж з пнеўматычнай зброі абстралялі вокны будынку, дзе месціцца беларускі прыход праваслаўных вернікаў Канстантынопальскага патрыярхату. Пабілі вокны ў Цэнтры беларускай супольнасці – Беларускім доме – на Віленскай вуліцы.


У кастрычніку Беларускі дом у Вільні атакавалі зноў – на будынку пакінулі зняважлівыя для беларусаў надпісы, пашкодзілі вокны, падпалілі драўляныя дзверы.


«Прыходзілі чыноўнікі, выказвалі падтрыманне, – распавяла дырэктарка ўстановы Людвіка Кардзіс. – Дырэктар Дэпартаменту нацыянальных меншасцяў з супрацоўнікамі быў, выказвалі спачуванні з Міністэрства замежных справаў Літвы, з іншых дзяржаўных структураў. З мэрыі прыяжджалі. Яны робяць, што могуць, са свайго боку. Усталявалі дадатковыя камеры ў двары ў нас. Асвятленне зрабілі, абяцалі бяспеку для нас».


Пра ход расследавання Людвіка ведае мала. Трымае сувязь з паліцыяй, але навінаў пакуль не было. Цяпер установа працуе ў звычайным рэжыме, наведнікаў у Беларускім доме менш не стала. Установа збірае грошы на рамонт – трэба замяніць пашкоджаныя шыбы, зафарбаваць графіці.


Праз месяц пасля падпалу дзвярэй Беларускага дому невядомыя размалявалі абразлівымі надпісамі фасад карчмы «1863». Таксама ў кастрычніку хтосьці раскідаў кветкі, знічы і фотаздымкі на магіле беларускага добраахвотніка Аляксандра Царука, які памёр ад хваробы неўзабаве пасля пераезду ў Літву. Дачка Царука Вольга Галамеева падала заяву ў паліцыю. Інфармацыі аб ходзе расследавання Вольга не мае, пасля візіту ў паліцыю з ёй ніхто не звязваўся.

,,

«У мяне склалася ўражанне, што ў паліцыі не былі зацікаўленыя расследаваць гэта, – гаворыць дачка памерлага беларускага добраахвотніка Аляксандра Царука. – Не адкрыта так, але яны далі зразумець. Маўляў, вы ж самі разумееце, што гэта такая гіблая справа, якой ніхто не будзе займацца».


Са снежня 2024 года хваля актаў вандалізму супраць беларускіх асяродкаў Вільні спынілася.


Як паведамілі журналістам у паліцыі Літвы, расследаваннем усіх гэтых выпадкаў займаецца Упраўленне крымінальнага вышуку Вільні. На дадзены момант справы аб вандалізме ў беларускіх мясцінах застаюцца на стадыі дасудовага расследавання. Яго матэрыялы, згодна з літоўскім заканадаўствам, не могуць быць апублікаваныя. Пра ход дасудовага следства інфармуюць толькі абвінавачаных і пацярпелых, якія маюць дачыненне да справы.


На пачатку студзеня 2025 года Беларускі ПЭН і іншыя праваабарончыя і культурніцкія арганізацыі падпісалі зварот да літоўскіх уладаў з просьбай прыцягнуць да адказнасці тых, хто нападае на арганізацыі і ўстановы беларусаў у Літве. Аўтары заявы заклікалі літоўскія ўлады прыцягнуць вінаватых да адказнасці і «гарантаваць бяспеку ўсіх жыхароў Літвы, незалежна ад іх нацыянальнасці і паходжання».


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10