Паводле аднаго з мясцовых жыхароў, гадавальнікам нібыта валодаў мясцовы міліцыянт, якога суседзі баяліся, бо лічылі чалавекам «з дзівацтвамі».
На пачатку лютага пінскія валанцёры «Адданасць сябру» расказалі ў TikTok пра закінуты гадавальнік сабак: гаспадар памёр, жывёліны выжывалі ў жахлівых умовах, двор быў падобны да звалкі. Валанцёры вазілі ім ежу, бо сабакі выглядалі «галоднымі да жудасці», хворымі.
Аказалася, мясцовыя жыхары ведалі пра закінуты прытулак. Бачылі, як сабакам носяць ежу, чулі смурод і пастаянны брэх сабак. Адна карыстальніца піша, што ўласнік «не ішоў на кантакт, з дзівацтвамі быў». Іншая паведамляе, што ейныя сяброўкі змаглі забраць у яго сабак, калі той паклаўся ў лякарню. Дадае, што гаспадар быў міліцыянтам, якога «ўсе ў горадзе баяліся».
Відэа атрымала розгалас, а гісторыя – шчаслівы фінал. Удалося ўратаваць 16 сабак, жывёлінаў забралі менскія валанцёры.
Больш за 20 гадоў у Беларусі не маглі прыняць закон аб абароне жывёлінаў. Але ўсё ж прынялі: закон набыў моц толькі 1 студзеня 2025 года. Цяпер прыцягнуць да адказнасці могуць не толькі за шкоду жывёлінам, а і за патэнцыйную шкоду, а жывёлінаў перасталі лічыць толькі ўласнасцю чалавека, а афіцыйна прызналі, што гэта істоты, якія могуць перажываць пакуты.
Праўда, пакаранні ўсё яшчэ могуць быць даволі мяккія: штрафы паводле адміністратыўнага артыкулу – максімум 1260 рублёў. Але прыцягваць да адказнасці могуць і паводле крымінальнага артыкулу, калі жорсткае абыходжанне з жывёлінамі пацягнула смерць або калецтвы і было ўчыненае з хуліганскіх ці карыслівых памкненняў або ў прысутнасці малагадовага. Самае суворае пакаранне за асабліва жорсткае абыходжанне з жывёлінамі паўторна або групай асобаў – пазбаўленне волі на 3 гады.
Алесь Наваборскі belsat.eu